wd wp Пошук:

Сон на кургане

«Сон на кургане» — драматычная паэма Янкі Купалы, завершаная 8 жніўня 1910 года ў Санкт-Пецярбургу. Упершыню надрукавана ў літаратурным альманаху «Маладая Беларусь» (серыя 1, сшытак 1) у 1912 годзе. Мае аўтарскае прысвячэнне: «Памяці свайго бацькі і брата». Чарнавы аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Паэма стала новым па жанры творам у беларускай літаратуры, якая дагэтуль развівалася пераважна ў рэчышчы канкрэтнага, рэальна-прадметнага адлюстравання жыцця. Паэма адметна сваім маштабным рамантычным мысленнем, умоўна—фантастычнымі вобразамі.[1]

Апісанне

Гісторыка-філасофская рамантычная паэма. Своеасаблівы працяг паэмы «Адвечная песня», але шырэй за яе зместам і са значна больш складанымі сімвалічна-алегарычнымі карцінамі, сюжэтна-кампазіцыйнай структурай.[1] Разам з драматычнай паэмай «Адвечная песня» паэма «Сон на кургане» распачала самабытную мадэрнісцкую плынь у беларускай літаратуры.[2]

Змест твора складаецца з некалькіх асноўных тэматычных лініяў: роздум паэта пра лёс беларускага вызваленчага руху, пра шляхі народнай барацьбы; узаемаадносіны рэвалюцыйнага правадыра і народнай масы; імкненне рэакцыйных сіл настроіць народ супраць яго лепшых сыноў, рэвалюцыйных кіраўнікоў.[1] На ўзроўні хрысціянскіх архетыпаў паэма — твор аб трагедыі страчанага і нязнойдзенага Раю. На ўзроўні нацыянальным яна сімвалізуе пошук беларусамі страчанай Бацькаўшчыны, трагічны разлад паміж духоўна абуджанай элітай і большасцю народа, які страчвае нацыянальныя ідэалы ў імперскім рабстве. Паэма мае цікавыя сюжэтныя і кампазіцыйныя паралелі з «Боскай камедыяй» Дантэ.[2]

У паэме аўтар выкарыстоўвае некаторыя мастацкія прыёмы і формы, выпрацаваныя паэтамі-сімвалістамі. Паэма шчодра насычаная дэманічнымі, міфічнымі героямі (русалкамі, відмамі, зданямі), запазычанымі аўтарам з казак, народных алегорый, багатых не толькі канкрэтна-адчувальнымі, але і ўмоўна-фантастычнымі вобразамі, якія нясуць шматзначную абагульняльную думку. Праз фантастыку і ўмоўнасць аўтар дае тыпова рамантычную, пазбаўленую гістарычнай канкрэтнасці інтэрпрэтацыю існага грамадскага ладу як чагосьці неверагоднага, злавесна падманнага.[1]

Цэнтральны герой паэмы — Сам — рамантычна настроены праўдашукальнік, заступнік народу. На працягу паэмы адбываецца яго пераўтварэнне з летуценніка, надламанай і расчараванай асобы, якая змагаецца толькі ў сне, у лірніка-вяшчуна, які прагне з’яднаць раскіданае, запаліць сэрцы слухачоў імкненнем да самаахвярнасці ў барацьбе за народную праўду, за высокія ідэалы сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення. Антыпод Сама — Чорны — нібы Мефістофель новага часу, увасабляе сілы закляцця, ахоўвае векавечны скарб, пад якім разумеецца свабода, не дапускаючы нават думкі, што чалавек можа стаць яго ўладальнікам.[1] Апакаліптычныя матывы ў паэме пачынаюцца сутычкамі героя з антаганістам Чорным — увасабленнем Д’ябла, сусветнага зла ў вобразе сатаны, а ў маналогах — у характэрным для Купалы вобразе чырвонай расы.[2]

Структурна твор складаецца з чатырох абразоў. У першых двух абразах — «У пушчы» і «На замчышчы» — паэт, нібы стаўшы «па той бок жыцця», назірае за намаганнямі чалавека знайсці шчасце на зямлі. Праз выкарыстанне фантастычных вобразаў аўтар наводзіць на думку, што чалавеку няма шчасця ні ў асабістым, ні ў грамадскім жыцці, ні ў каханні і ні ў працы.[1] У матывах аб богапакінутасці, смерці прадчуваецца апакаліптычная катастрофа краіны. У сімвалічным сне герой шукае скарб — ключы да райскай гармоніі: ён у сне пабываў у пекле, дзе золата пераліваецца агнём і кроўю, душы нябожчыкаў пакутуюць ад успамінаў пра зямныя нягоды, а відмы-касцятрупы паўтараюць толькі адзін матыў: «Цемра тут закон і права!». Пошукі Самам (алюзія на лёс самога паэта) скарбаў на зруйнаваным замчышчы — гэта сімвалічны матыў агульналюдскі (пошукі страчанага Раю) і нацыянальны (шуканне страчаных скарбаў Бацькаўшчыны, яе былога «залатога веку»).[2]

«А калі ж к нам рыцар важны
Прыплыве Дунаем з княжнай?
Нас падыме, заахвоціць,
К лепшай славе і рабоце?»

Я. Купала

З паэмы «Сон на кургане»

Трэці абраз «Пажарышча» мае скразную сюжэтную лінію: гарыць не проста вёска, а вёска, якая справіла заручыны і чакае вяселля; на пажарышча прыходзіць уся вясельная дружына. Сам бяжыць ратаваць ахопленую пажарам вёску, але яго абвінавачваюць у падпале і арыштоўваюць як злачынца. Аўтар выступае супраць патрыярхальна—сялянскай маралі, якая трымаецца на несупраціве прымусу і пасіўнасці. Трагедыйнае гучанне паэмы вызначаецца несупадзеннем рамантычнага памкнення героя да еднасці з народам і відавочнымі прыкметамі адсутнасці такой еднасці, супярэчлівым разладам мары з жыццём.[1] Карціна пажару — гэта разгорнутая метафара канца свету. Ва ўсялякім выпадку — Апакаліпсіс на лакальным узроўні.[2]

У чацвёртым абразе «У шынкоўні» вобраз лютай зімы, што заганяе людзей у шынок пагрэцца, перарастае ў канкрэтны вобраз пярэдадня новага выбуху народнай нянавісці.[1] Апакаліптычныя відмы і карціны ў новых варыянтах паўтараюцца і ў заключным акце драмы, але тут дамінуе заклік да сацыяльнага і духоўнага абнаўлення ў песнях Сама, які прыняў на сябе вобраз евангельскага Лазара Беднага і адначасова беларускага вандроўнага лірніка. Іранічныя песні Сама даводзяць, што выратаванне Бацькаўшчыны не прыйдзе само па сабе, без нашых намаганняў.[2]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні

На рускую мову паэму пераклаў М.Браўн. Ілюстраваў паэму беларускі мастак Ул.Сакалоў.[1] Драматычныя пастаноўкі паводле паэмы ажыццявілі мінскі Нацыянальны акадэмічны рускі тэатр імя Максіма Горкага (2002 г., рэжысёр — Б.Луцэнка) і віцебскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (рэжысёр — В.Баркоўскі).[3] У мастацтве лялек паэма знайшла сваё ўвасабленне ў спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек «Паэма без словаў» (2002 г., рэжысёр — А.Жугжда).[4] Урыўкі з паэмы выкарыстаны ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Сны аб Беларусі» (2007 г., рэжысёр — Ул.Савіцкі).[5]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Сон на кургане (драматычная паэма)». — C. 569—570.
  2. 1 2 3 4 5 6 Конан, Уладзімір Ул. Конан. Страчаны і знойдзены рай: матывы паэзіі Янкі Купалы (нявызн.). Часопіс «Наша вера» (15 мая 2007). Праверана 8 верасня 2012.
  3. Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры (нявызн.). Czasopis. Праверана 8 верасня 2012.(недаступная спасылка)
  4. Янка Купала і Гродна (нявызн.). Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, 2010. Праверана 8 верасня 2012.(недаступная спасылка)
  5. «Сны аб Беларусі» (нявызн.). Тэатральная Беларусь. Праверана 8 верасня 2012.

Літаратура

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Сон на кургане (драматычная паэма)» / Аўтар — І.Навуменка — C. 569—570.
  • Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. — С.106—107, 167—173.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.150—160.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.55—66.
  • Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. - Мн., 1971. — С.76—79.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэмы Янкі Купалы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be