Сымон Аляксеевіч Хурсік
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хурсік.
Сымон Аляксеевіч Хурсік (псеўданім: С. Багун; 31 студзеня (13 лютага) 1902, вёска Снусцік, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 31 сакавіка 1972) — беларускі празаік і перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума (1925) настаўнічаў у мястэчку Валынцы, у Полацку. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Арыштаваны ДПУ БССР 19 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Іашкар-Алу. Працаваў настаўнікам у школах Марыйскай і Чувашскай АССР, Казахскай ССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на 4-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах, двойчы кантужаны. Пасля вайны зноў настаўнічаў. Другі раз быў арыштаваны 21 чэрвеня 1947 і высланы ў п. Айдабул Какчэтаўскай вобласці[1].
Рэабілітаваны 13.10.1958 г.
З 1964 г. жыў у Карагандзе.
Творчасць
Упершыню выступіў у друку з апавяданнем у 1924 (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Першы паўстанак» (1925), «Шляхамі навальніц» (1930) і аповесці «Чорны мост» (1929-1930, часопіс «Маладняк»).
Вершы С. Хурсіка друкаваліся ў газеце «Чырвоная Полаччына» (1926 - 27 гг.).
Пасля зняволення да пісьменніцкай працы не вярнуўся.
Зноскі
- ↑ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794—1991. Том II. ХУРСІК Сымон Аляксеевіч.
Літаратура
- Сымон Аляксеевіч Хурсік // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 6. С. 205