Таццяна Зіненка
Таццяна Зіненка (4 сакавіка 1960, Казахстан — 1 лютага 2011, Барысаў) — беларуская пісьменніца.
Біяграфія
Дзяцінства правяла ў вёсцы Зачысце Барысаўскага раёна. Закончыла Зачысцкую школу, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да 1994 года працавала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў роднай вёсцы і школах Барысава.
Пісаць пачала ў сярэдзіне 1970-х гадоў. У маладосці атрымала вядомасць як аўтар таленавітых лірычных вершаў. Друкавалася ў «Камуністычнай працы» і многіх рэспубліканскіх газетах і часопісах, зборніках «Дні паэзіі». Першыя вершы таленавітай паэтэсы — пра сваіх землякоў, у тым ліку пра касманаўта Уладзіміра Кавалёнка.
З сярэдзіны 1980-х актыўна ўдзельнічала ў грамадска-культурным і палітычным жыцці Беларусі. Вядомасці дадаў яе верш «Двухмоўе», надрукаваны пры канцы 1980-х гадоў у «Настаўніцкай газеце» як узор «нацыяналізму і экстрэмізму»:
> Дзе той філосаф, дзе ён, дзе? Што распаўсюджвае выслоўе, Што беларускай грамадзе Не мова трэба, а двухмоўе? |
Аўтар разгромнага артыкулу пра верш сцвярджаў: па віне людзей з падобнымі поглядамі і здараюцца «такія канфлікты, як у Карабаху». У выніку рэдакцыя атрымала мноства лістоў у падтрымку Зіненкі і мусіла публічна прабачыцца.
Выступала на першых «Дзядах» 30 кастрычніка 1988 года, дзе прачытала свой верш «Паўстань!».
У 1990-х захварэла на алкагольную залежнасць[1]. Яе, вядомую і таленавітую аўтара, абмінулі ўвагай ледзь не ўсе магчымыя зборнікі і анталогіі[2]. Пасля смерці паэтэсы мясцовыя сябры і таварышы выдалі невялічкі зборнік яе вершаў «Плакала дзяўчынка» («Ковчег», 2013).
Паэзія Зіненка ў 2018 годзе публікавалася ў часопісе «Дзеяслоў» і штомесячніку «Літаратурная Беларусь». Там жа друкаваліся і ўспаміны пра яе[1]. У 2019 годзе выйшла другая яе кніга «Гарчэйшае пітво».
Творы
- «Званы памяці» (калектыўны зборнік)
- 2013 — Плакала дзяўчына (збор вершаў)
- 2019 — Гарчэйшае пітво (збор вершаў, успаміны), выд. Медысонт ISBN 978-985-7228-07-2
Ацэнкі
Крытыкі адносяць яе да «выклятых паэтаў», такіх яе, Анатоль Сыс, Міхась Стральцоў, Мікола Купрэеў.
Пісьменніца Алена Брава сказала: «Калі б паэзія ўзводзіла сваіх верных дачок у ранг святых, Таццяна была б кананізаваная як шчаслівая пакутніца»[3].
Зноскі
- 1 2 Нам час разлучацца, а рук не разняць, Літаратурная Беларусь, 28-02-2014
- ↑ Чалавек здабывае песню на сваім мячы, Дар’я Смірнова. Звязда
- ↑ Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды…
Літаратура
- Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. — 4-е выд., дап. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — 826 с.: іл. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) ISBN 978-0-929849-83-6
Спасылкі
- Старонка памяці пісьменніцы Архівавана 30 верасня 2020.
- Чалавек здабывае песню на сваім мячы, Дар’я Смірнова. Звязда