Уладзімір Іванавіч Агіевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Агіевіч.
Уладзімір Іванавіч Агіевіч (26 верасня 1910, в. Пухавічы, цяпер Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць — 2 кастрычніка 1952) — беларускі савецкі літаратурны крытык і літаратуразнаўца, паэт, перакладчык[1].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1929—1933 працаваў настаўнікам у сельскай школе. Скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (1937)[1], у 1937—1939 — выкладчык у Слуцкім педагагічным вучылішчы. Вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1937—1941), выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў мінскіх ВНУ. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[1]. Быў паранены. У 1943—1946 — навуковы сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР[1]. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1946). Працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Мінскім педагагічным інстытуце, літкансультантам у СП БССР, рэдактарам аддзела часопіса «Беларусь».
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1928[1]. Як крытык выступаў з 1941. Вылучаюцца яго артыкулы пра творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, пра пасляваенную беларускую паэзію[1]. Склаў падручнікі (разам з І. Кудраўцавым): «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952). Лепшыя крытычныя працы сабраны ў кнізе «Літаратура і жыццё» (1954)[1].
Пераклаў на беларускую мову аповесць М. Прыляжаевай[ru] «З табой таварышы» (1950).
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
Літаратура
- Агіевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Агіевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.