wd wp Пошук:

Уладзімір Міхайлавіч Шахавец

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шахавец. Уладзімір Міхайлавіч Шахавец (26 лістапада 1918, в. Кімія, Барысаўскі раён, Мінская вобласць — 8 чэрвеня 1991) — беларускі перакладчык і пісьменнік. Заслужаны работнік культуры (1979).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1934 годзе пачаў працаваць рахункаводам калгаса, потым сакратаром сельсавета. У 1937 годзе скончыў Магілеўскі рабфак і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1946 годзе. Удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, у 1945 годзе — у дзеючай арміі на 1-м Украінскім фронце. У 1946—1948 гг. — літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», з 1948 — рэдактар, загадчык рэдакцыі, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларусь», з 1972 — намеснік галоўнага рэдактара. У 1976—1982 гг. — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1947).

Творчасць

Дэбютаваў вершамі ў 1937 годзе. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Землякі» (1949), «Насустрач» (1951), «Будзьце здаровы» (1955), «Пасля вяселля» (1958), «Месца ў жыцці» (1960), «Аповесці» (выбранае, 1968), «Блакітная мара» (1985), «Дарога пачыналася ў Бярозаўцы» (1990), кніг для дзяцей «Крылаты дзень» (1961), «Чорны снег» (1962), «Пісьмо да сябра» (1966), «На зімнім возеры» (1970), «Светлая раніца» (1988). У 1986 г. выйшаў зборнік вершаў «Вяртанне». У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў паэмы «Мцыры» і «Ізмаіл-бей» М. Лермантава, шэраг вершаў А. С. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, сучасных рускіх, украінскіх, многіх паэтаў народаў СССР, кнігі прозы «Звычайную гісторыю» І. Ганчарова (1955), «З берагоў Мядзведзіцы» М. Прыляжаевай (1958), «Корцік» А. Рыбакова (1959), «Тронку» А. Ганчара (1974), «Ясеневыя прысады» Б. Саўліта (1975), трагедыю У. Шэкспіра «Макбет», асобныя творы англійскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў. У 1983 годзе выйшла кніга перакладаў «Пераклічка».

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з венгерскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з сербскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі са славацкай мовы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be