Уістан Х’ю Одэн
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Одэн. Уістан Х’ю Одэн (англ.: Wystan Hugh Auden; 21 лютага 1907, Ёрк, Паўночны Ёркшыр, Англія — 29 верасня 1973) — англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Адзін з найвялікшых паэтаў ХХ стагоддзя.
Верш «Памяці У. Б. Ейтса» пераклаў на беларускую мову Андрэй Хадановіч[16], яго эсэ — Юлія Цімафеева.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і доктара Джорджа Агастэса Одэна і яго жонкі Кастанс Разалі Бікнэл Одэн, якая вывучылася на медсястру. Быў малодшым з трох сыноў. З васьмі гадоў выхоўваўся не дома, толькі вяртаючыся на канікулы, у прыватнай школе Грэшэм, вядомай сваімі строгімі правіламі і прыхільнасцю да рэлігійных традыцый.
Працягваючы сваю адукацыю ў Крайст-Чорч каледжы Оксфардскага ўніверсітэта, Уістан Х’ю Одэн абірае спецыяльнасцю старажытную англа-саксонскую паэзію і ў Оксфардзе ж пачынае сваё літаратурнае і грамадскае жыццё, выдае першую кнігу вершаў за 1927—28 «Вершы» (Poems, 1930) у выдавецтве Faber and Faber, дзе ў той час працаваў Томас Стэрнз Эліят. У 1925 годзе У. Х. Одэн другі раз пасля маленства знаёміцца з Крыстаферам Ішэрвудам, які робіцца яго літаратурным настаўнікам. Цягам наступных гадоў яны мелі сяброўскія, а часам любоўныя стасункі.
У 1930-я гады У. Х. Одэн некалькі гадоў жыве ў Берліне, дзе атмасфера Веймарскай рэспублікі дазваляе яму праявіць сябе напоўніцу. З 1932 па 1935 выкладае ў прыватнай школе Глазга, працягваючы пісаць. У 1935 ён фармальна жэніцца з Эрыкай Ман — дачкой Томаса Мана — з мэтай забяспечыць ёй палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. У 1936 выходзіць зборнік вершаў У. Х. Одэна «Глянь, незнаёмец!» (Look, Stranger!, 1936). Пасля гэтага Одэн крыху ездзіць па свеце, а ў 1939 прымае рашэнне канчаткова перасяліцца ў ЗША разам з Крыстаферам Ішэрвудам. Дата прыбыцця ў ЗША супала з падзеннем Барселоны, а праз два дні Одэн напісаў верш «Памяці Уільяма Батлера Ейтса», адзначыўшы, што паэзія нічога не можа змяніць. Яго эміграцыю напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі ўспрымаюць амаль як здраду, аднак для Одэна яна ў першую чаргу была выкліканая асабістымі прычынамі.
У пачатку свайго жыцця ў ЗША ён знаёміцца з Чэстэрам Калманам, любоўныя стасункі з якім працягваліся два гады, аднак да канца жыцця У. Х. Одэна яны заставаліся сябрамі і разам жылі ў адной кватэры.
З амерыканскім перыядам жыцця У. Х. Одэна звязаныя найбольш значныя яго творы: «Іншыя часы» (Another Time, 1940), «Падвойны чалавек» (The Double Man, 1941), «На дадзены момант» (For the Time Being, 1944). Шматлікія вершы англійскага перыяду У. Х. Одэн перарабіў для амерыканскага выдання выбраных вершаў у 1945 годзе. У 1947 ён быў узнагароджаны Пулітцэраўскай прэміяй, у 1954 — Балінгенаўскай.
З 1956 па 1961 год У. Х. Одэн быў прафесарам паэзіі ў Оксфардскім універсітэце. У 1957 годзе Одэн і Калман купляюць дом у аўстрыйскім мястэчку Кірхшэтэн, ператвараючы яго ў «летнюю рэзідэнцыю», астатнія паўгоду жывучы ў Нью-Ёрку.
28 верасня 1973, спыніўшы лекцыю ў Вене перад членамі аўстрыйскай літаратурнай грамады, Уістан Х’ю Одэн пайшоў у свой гатэльны пакой, дзе на другі дзень яго знайшлі мёртвым. Паэт пахаваны ў Кірхштэтэне.
Зноскі
- 1 2 http://bollingen.yale.edu/poet/w-h-auden Праверана 5 верасня 2016.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118650963 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118650963 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 жніўня 2015.
- ↑ http://www.theguardian.com/books/2008/jul/02/wh.auden
- ↑ http://www.telegraph.co.uk/news/science/science-news/8675120/Glaswegian-and-Brummie-accents-sound-more-stupid.html
- ↑ FamilySearch — 1999.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118650963 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ http://www.jstor.org/stable/129490
- ↑ http://www.nytimes.com/books/98/12/13/specials/gibran-elephants.html
- ↑ http://www.nytimes.com/books/98/01/18/home/fisher-pungent.html
- ↑ http://www.nytimes.com/2008/03/16/books/review/Chiasson-t.html
- 1 2 Kindred Britain
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
- 1 2 3 https://www.gf.org/fellows/all-fellows/w-h-auden/
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Спасылкі
- Ўістан Х’ю Одэн на сайце «ПрайдзіСвет»
- Творы ў перакладзе Сяргея Прылуцкага і Макса Шчура