Францішак Багамолец
Францішак Багамолец (польск.: Franciszek Bohomolec; 29 студзеня 1720, Віцебшчына — 24 красавіка 1784) — польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец.
Біяграфічныя звесткі
У Віленскай акадэміі ўступіў у ордэн езуітаў. Пасля заканчэння акадэміі настаўнічаў. У 1747—1749 гадах вывучаў багаслоўе ў Рыме. Пасля вяртання з-за мяжы ўзначаліў групоўку езуітаў, якая імкнулася да пераўтварэнняў у грамадстве і народнай асвеце. Выкладаў рыторыку ў Віленскім, з 1752 года ў Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У Варшаве згуртаваў вакол сябе суполку з свецкіх і духоўных прыхільнікаў рэформ, т.зв. «кузню Багамольца». Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie» («Варшаўскія прывілейныя навіны»), «Kurier Warszawski» («Варшаўскі кур’ер»).
Творчасць, выдавецкая дзейнасць
Стварыў больш за 20 камедый для школьнага тэатра («Модныя кавалеры», «Хітры гаспадар», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Яго п’есы «Добры пан» і «Жаніцьба па календары» вострасацыяльныя паводле пастаўленых у іх пытанняў. У «Добрым пане», дзе на сцэну выведзены сяляне, праводзіцца думка пра іх роўнасць са шляхтай. Складаў вершы.
Апублікаваў у серыі «Збор польскіх летапісаў» (т. 1—4, 1764—68) хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні. Выдаў пісьмы Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.
Будучы паслядоўным асветнікам, Ф. Багамолец выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у т.л. і беларускай, ці як ён гаварыў «русінскай мовы». Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.
Ф. Багамолец меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы — «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Franciszek Bohomolec // International Music Score Library Project — 2006. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Franciszek Bohomolec // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118659243 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
Літаратура
- Багамолец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Мальдзіс А., Мархель У. Пачатак станаўлення новай літаратуры // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Францішак Багамолец