Ян Гушча
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гушча. Ян Гушча (24 снежня 1917, ф. Загасцінне, Міёрскі раён — 26 чэрвеня 1986, Лодзь, Польшча) — паэт, празаік, перакладчык.
Біяграфія
Скончыў гімназію ў Дзісне. У 1934 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, адначасова вучыўся ў Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні, якую скончыў у 1939 годзе. У 1937 годзе стаў сябрам Прафсаюза польскіх пісьменнікаў. У 1940 годзе ў Казахстане. У 1943 годзе ўступіў у Войска Польскае, дзе служыў афіцэрам 3-й дывізіі пяхоты імя Р. Траўгута. У 1944 годзе працаваў у Саюзе польскіх патрыётаў у Маскве, рэдакцыі двухтыднёвіка «Nowe Widnokregi».
У ліпені 1944 годзе пераехаў у Польшчу, спачатку ў Люблін, а ў канцы 1945 годзе перасяліўся ў Лодзь і стаў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў. У 1955—1957 гадах — сябра рэдакцыйнай калегіі двухтыднёвіка «Кгопіка». У 1970—1971 гадах — галоўны рэдактар лодзінскага квартальніка «Оsnowa».
У 1975 годзе атрымаў узнагароду г. Лодзі за дасягненні ў галіне навукі і культуры. Адзначаны Залатым крыжам заслугі (1955). Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы (1969).
Творчасць
Дэбютаваў у 1933 годзе вершам «Горад». На працягу 1935—1939 гадоў публікаваў вершы, эпіграмы і рэцэнзіі ў шматлікіх польскіх часопісах.
Вершаваныя творы апублікаваны ў зборніках «Балада аб падарожных». «Штодзённасць кахання», «Выбраныя вершы», «Сентыментальнае падарожжа», «Размовы і заклёны», «Гады сярод гадоў». 3борнік вершаў «Стары павільён» у 1969 годзе атрымаў узнагароду за найлепшую паэтычную кнігу 25-годдзя. Аўтар аповесцей «Мястэчка пад Альшанкай», «Пярсцёнак з кайданоў» (апошняя ў плебісцыце Радыё «Свабодная Еўропа» была прызнана найлепшай кніжкай 1974 года, выдадзенай у Польшчы), шматлікіх апавяданняў. 3 яго эсэістыкі вылучаюцца «Успаміны не заўсёды журботныя», якія тычацца літаратурнага жыцця Вільні ў міжваенны перыяд, зборнік успамінаў і рэпартажаў «Здарэнні і прызнанні», а таксама «Урыўкі, эпізоды, нарысы» з нарысам «Паэт Белай Русі» пра Ф. Багушэвіча.
Сатырычныя творы Я. Гушчы ўвайшлі ў зборнікі «Ані так, ані сяк», «Дажынкі ў Адамове». «Аб людзях з людзьмі», «Розныя нашыя справы», «Ноч перад агульным сходам», «Зачараваны банкнот», «Жарты, сатыры, эпіграмы».
Пераклаў з беларускай мовы апавяданні 20 аўтараў, выдадзеныя пад назвай «Мае мядзведзі і іншыя беларускія апавяданні» (1975), выбраныя апавяданні У. Караткевіча пад агульнай назвай «Блакіт і золата дня» (1976). Рэдагаваў польскае выданне выбраных вершаў М. Багдановіча. Складальнік зборнікаў «Анталогія беларускай паэзіі» (1978), «Беларускія вершы» (1971), для якіх пераклаў большасць вершаў. Сярод перакладчыкаў твораў Гушчы — Алег Лойка[1], Пятро Стэфановіч, Мікола Татур. Паэзія Я. Гушчы ў перакладах на беларускую мову шырока прадстаўлена ў зборніку «Горад мільённы і мы» (1972). У беларускім перакладзе выйшла таксама яго кніжка «Пан Грыцыян і іншыя» (1976). Многія творы тэматычна звязаны з Беларуссю (апавяданне «Лямпа», вершы «Да сябра-беларуса», «Вязынка», зборнік эсэ «Аповесці ў чорных рамках».
Зноскі
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Літаратура
- Гушча Ян // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 257. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Гушча Ян // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна / рэдкал. Г. М. Маняк [і інш.]. — Мн., 1988. — С. 527—528.