Ян Радван
Ян Радван (?, Вільня — пасля 1591) — паэт-лацініст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ.
Біяграфічныя звесткі
Пра асабістае і грамадскае жыццё Я. Радвана захавалася мала звестак. Нарадзіўся ён у Вільні, па веравызнанні быў кальвініст, паходзіў, хутчэй за ўсё, з мяшчанскай сям’і. Дакладныя даты нараджэння і смерці яго невядомы. У маладосці быў звязаны з дваром Хадкевічаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я. Абрамовіча.
Творчасць
Пісаў на лацінскай мове, паслядоўнік Вергілія. Першым вядомым яго творам з’яўляецца чатырохрадковая эпіграма ў выданні «Дзесяцігадовай аповесці…» А. Рымшы (Вільня, 1585). У 1590 Ян Карцан выдаў у Вільні вершаваны твор Я. Радвана «Эпіталама на вяселле Крыштофа Монвіда Дарагастайскага», дзе не толькі апяваўся шлюб К. Дарагастайскага з Соф’яй Хадкевіч, але і давалася разгорнутае апісанне Вялікага Княства Літоўскага ў стылі «Песні пра зубра» М. Гусоўскага. Некалькі вершаў паэта, прысвечаных Мікалаю і Крыштофу Дарагастайскім, Гжэгажу з Жарнаўца, змешчана ў «Абароне пасцілы евангельскай» (Вільня, 1591) Гжэгажа з Жарнаўца.
Найбольш значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilus, sive de vita…», больш вядомая як «Радзівіліяда…» (3470 радкоў дактылічнага гекзаметра) у панегірычным зборніку, выдадзеным у 1592 у Вільні у гонар памерлага ў 1584 ваяводы віленскага, гетмана вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла. У выданні Яна Карцана акрамя паэмы Я. Радвана змешчаны празаічныя прысвячэнні Яна Абрамовіча, Андрэя Волана, Яна Руцкага, вершы Яна Радвана, Пятра Раізія, Яна Казаковіча.
Творы
- Radvanus I. Radivilias sive de vita et rebvs praeclarissime gestis … . Vilnae, 1592.
- Радван Ян. Радзівіліяда… / Пераклад з лацінскай мовы Жанны Некрашэвіч-Кароткай // Маладосць. 2011. №1. С. 93-100 Архівавана 7 мая 2021.; №2. С. 105-108 Архівавана 22 красавіка 2021.; №3. С. 73-76 Архівавана 10 студзеня 2020.; №4. С. 87-92 Архівавана 4 сакавіка 2016.; №5. С. 92-98 Архівавана 27 студзеня 2021..
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Jonas Radvanas // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
Літаратура
- Sajkowski, A. Od Sierotki do Rybenki: w kregu radziwillowskiego mecenatu / Alojzy Sajkowski. — Poznan: Wydaw. Poznanskie, 1965. — 254 s.
- Sajkowski, A. Staropolska milosc: z dawnych listow i pamietnikow / Alojzy Sajkowski. — Poznan: Wydaw. Poznanskie, 1981. — 403 s.: il. — ISBN 83-210-0172-6.
- Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 100,[2] с. — (Са скарбніцы беларускай культуры). — ISBN 5-7855-0587-8.
- Скеп’ян, А. Радван // БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.
- Скеп’ян, А. Радман Ян / Настасся Скеп’ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 51. — ISBN 985-11-0214-8.