Ян Скрыган
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скрыган. Ян (Янка) Скрыга́н[2], сапр. Іван Аляксеевіч Скрыган (16 лістапада 1905, в. Труханавічы (цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць) — 18 верасня 1992; Псеўданімы: Аўлас, Відук, Я. Відук, Ян Відук, Дзед Аўлас (з П. Броўкам), Крушына, Я. Крушына, Пірат) — беларускі пісьменнік, паэт, навеліст, нарысіст, публіцыст і крытык.
Біяграфія
Нарадзіўся 16 лістапада 1905 года ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме.
У 1924 г. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкоме, затым — у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна». Будучы студэнтам, займаўся грамадска-палітычнай работай: у 1929 г. выязджаў у Магілёўскую вобласць на калектывізацыю, у 1930 г. з брыгадай супрацоўнікаў газеты «Звязда» працаваў на Гомсельмашы па наладжванні сістэмнай арганізацыі заводскага жыцця, назіранні над якім перададзены ў кнігах нарысаў. У 1933—1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».
13 лістапада 1936 г. Яна Скрыгана арыштавалі па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і засудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўская вобласць). У 1946 г. ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане, на сланцахімічным камбінаце ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі, дзе яму было забаронена жыць. 25 чэрвеня 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Сухабузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.
У снежні 1954 года з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967—1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975—1985).
Памёр 18 верасня 1992 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.
Творчасць
Дэбютаваў Ян Скрыган вершамі ў 1925 г. Творчы шлях Скрыгана-празаіка пачаўся з апавядання «Таіса» (1927) і аповесці «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўвалася ў 1956 г.). Ян Скрыган адрозніваўся арыентаванасцю на традыцыю, вострым адчуваннем мовы, любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць.
Ян Скрыган — адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці. У 1929 г. выходзіць у свет адзін з першых нарысаў — «Новая зямля», у хуткім часе з’яўляюцца зборнікі нарысаў — «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» (1932), «Недапісаны профіль» (1932). Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1935), які характарызуецца выдатным валоданнем мовай, асабліва сваім родным слуцкім дыялектам, добрым адчуваннем часу, патрыятызмам, маральнымі прынцыпамі.
Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969), «Кругі» (аповесць з дасказамі, 1986).
Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх (у т.л. Ф. Тугласа) пісьменнікаў.
Узнагароды
- Заслужаны работнік культуры БССР (1985),
- ганаровыя граматы Вярхоўнага савета БССР,
- ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Тувінскай АССР,
- медалі.
Бібліяграфія
- Выбраныя творы / аўт. прадм. Віктар Каваленка. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005.
- Выбраныя творы : у 2 т. / аўт. прадм. А. Жук. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1985.
- Т. 1 : Кругі : аповесць. — 430 с., [8] л. іл., 1 л. партр.
- Т. 2 : Апавяданні. Аповесці. Літаратурны роздум. — 454 с., [8] л. іл., 1 л. партр.
- Ранішнія росы : літ. нататкі, успаміны, партрэты. - Мінск : Беларусь, 1965.- 230 с.
- Добра, што я іх ведаў : аб часе, падзеях, людзях / [уклад., прадм. Г. Скрыган]. - Мінск : Кнігазбор, 2014. - 223 с. ISBN 978-985-7089-81-9.
- Некалькі хвілін чужога жыцця: апавяданні, успаміны, роздум. — 2-е выд., дап. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 358 с. ISBN 5-340-00544-5.
- Кругі : аповесць з дасказамі : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / (аўт. прадм. Я. Лецка). — Мінск : Юнацтва, 1986. — 366 с., 1 л. партр.
- Трэба хоць трошкі ўспомніць : [два неапублікаваныя дзённікавыя запісы 1992 г.] / публ. Г. Скрыган // Першацвет. 1995. № 9. С. 133—137.
Зноскі
- 1 2 3 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1011714965 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 жніўня 2015.
- ↑ Культура Беларусі: энцыклапедыя. — Т.6 — Мн., 2015. — С.351
Літаратура
- Лысенка А. Ф. Скрыган Ян (Іван Аляксеевіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 471—472. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Скрыган Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 325. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Скрыган Ян // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. — С. 364—369.
- Ян Скрыган // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. — Мінск, 1994. — С. 501—502.
- Скрыган Ян // Беларуская мова : энцыклапедыя. — Мінск, 1994. — С. 502—504.
- Слова пра Яна Скрыгана : успаміны/ [прадм., уклад. Галіны Скрыган]. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. — 215 с., [4] л. іл.
- Каваленка, В. А. Ян Скрыган / [В. А. Каваленка] // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. — Мінск, 2001. Т. 3. — С. 202—222.
- Макмілін, А. Ян Скрыган / Арнольд Макмілін // Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя / Арнольд Макмілін. — Мінск, 2001. — С. 65—67. — (Беларускі кнігазбор).
- Андраюк, С. Кругі жыцця / Серафім Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі : літ.-крытыч. арт. / Серафім Андраюк. Мінск, 1997. — С. 259—263.
- Шупенька, Г. «Гаворыце вы языком, а трэба — душою» : лёс і творчасць Яна Скрыгана / Генадзь Шупенька // Прага мастацкасці / Генадзь Шупенька. Мінск, 1996. — С. 453—459.
- Каваленка, В. Лёс і творчасць : штрыхі да літ. партрэта Яна Скрыгана / Віктар Каваленка // Полымя. 2001. № 4. — С. 269—289.
- Грахоўскі, С. Скрыганіяна / Сяргей Грахоўскі // Полымя. 1995. № 3. — С. 158—171.
- Каўрус, А. Скрыганова поле / Алесь Каўрус // Полымя. 1993. № 10. — С. 239—247.
- Казека, Я. Шукальнік скарбаў слова / Янка Казека // Полымя. 1997. № 12. — С. 196—200.
- Дамашэвіч, У. Майстар — настаўнік / Уладзімір Дамашэвіч // ЛіМ. 2004. 8 кастр. (№ 40). — С. 14.
- Марціновіч, А. Жыццё — зусім не чужое… / Алесь Марціновіч // Далучанасць / Алесь Марціновіч. Мінск, 1990. — С. 85—91.
- Пра кнігу «Некалькі хвілін чужога жыцця».
- Кузьміч, Н. Дом / Наталля Кузьміч // Першацвет. 1997. № 12. — С. 125—128.
- Кузьміч, Н. Свой свет — свой стыль / Наталля Кузьміч // Полымя. 2005. № 1. — С. 206—215.
- Вільтоўскі, В. Успамінаючы Яна Аляксеевіча Скрыгана / Васіль Вільтоўскі // ЛіМ. 2005. 1 крас. (№ 13). — С. 15.
Спасылкі
- Біяграфія на slounik.org
- Выбраныя творы на Беларускай Палічцы Архівавана 26 лютага 2008.
- Скрыган Ян (Іван Аляксеевіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»