wd wp Пошук:

Яўсебій Лапацінскі

Яўсебій Мар’ян Лапацінскі (польск.: Euzebiusz Łopaciński; 1882—1961) — архівіст.

Біяграфія

Паходзіў з каталіцкага шляхецкага роду Лапацінскіх герба «Любіч». Сын юрыста і дзяржаўнага дзеяча Станіслава Лапацінскага і Тэклі з Борхаў. Яўсебій Мар’ян Ян Станіслаў Лапацінскі нарадзіўся 1 сакавіка 1882 года ў Кіеве, дзе ў тыя часы яго бацька займаўся адвакацкай дзейнасцю. У сямейным і сяброўскім коле Яўсебія звалі «Зібі», а сам ён часам падпісваўся «Ananke», «E.L.»[1].

Пасля заканчэння класічнай гімназіі ў Рызе Яўсебій паступіў вольным слухачом на гуманітарны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта, дзе цалкам паглыбіўся ў любімую з дзяцінства гісторыю. Правучыўся там нядоўга, з 1903 па 1904 год, пазней працягнуў адукацыю ў Дорпаце, але не скончыў. У пачатку 1905 года ў Інфлянтах пачаліся народныя хваляванні[ru] і паўстаўшыя латышы «пачалі паліць замкі баронаў, а саміх баронаў забіваць». Таму бацька адправіў сына падалей ад бяды ў Вільню[1].

Захапленне гісторыяй праявілася ў Яўсебія рана і вельмі здзіўляла сямейнае кола. Людміла Хмялеўская ў сваёй кнізе пра род Лапацінскіх прыводзіць два сведчанні[1]:

Зібі быў «прыемны ў размове, вельмі інтэлігентны, можа, трохі арыгінальны з прычыны старасвецкіх манер, — пісала пра яго Жалтоўская.— Ён здаваўся сур’ёзным і ўраўнаважаным і адпавядаў меркаванню, распаўсюджанаму пра ліцвінаў… Маладога чалавека, здавалася, атачалі чары рамантычнай натуры, ён першы сярод знаёмых пачаў задумвацца над значэннем роду, традыцыі, гісторыі, апавядаў пра генеалогію, пра старыя партрэты, што віселі ў Сар’і, пра свавольствы пані Дароты Лапацінскай, колішняй уладаркі Кайранаў пад Вільняй. Ён распавядаў нават пра духаў, бо ягоная цётка пані Жавуская бачыла ў Сар’і прывід ужо памерлага дзядулі Тамаша, мужа пані Дароты[2].

У 1905 годзе пазнаёміўся з 18-гадовай Ядвігай Аленай Марыяй Патвароўскай. Заручыны адбыліся на новы год у Балценіках. А праз год, 6 чэрвеня 1906 года пабраліся шлюбам у Кафедральным касцёле Святога Станіслава і Святога Уладзіслава, у бакавой капэле Святога Казіміра, у прысутнасці вялікай колькасці сваякоў і сяброў. Аднак у пазней знойдзенай метрыцы напісана, што шлюб адбыўся ў касцёле Святога Духа. Сведкамі на шлюбе ў маладых выступілі Аляксандр Горват, князь Юльян Пузына, Уладзіслаў Цеханавецкі, Антон і Геранім Кеневічы (родныя дзядзькі Ядвігі). Бацькамі Ядвігі былі прадстаўнікі старых родаў з усходняй Беларусі Ксаверы Патвароўскі і Клацільда Кеневіч, парафіяне Петрыкаўскага касцёла. Дзед Клацільды Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884) быў харужым Мазырскага павета, а бацька яго жонкі Кацярыны Ігнат Тадэвушавіч Горват пэўны час займаў пасаду мазырскага гродскага суддзі[1].

Антон Кеневіч у сваіх успамінах апісаў шлюб Лапацінскіх, а таксама дадаў перасцярогу, якая спраўдзілася. Шлюб маладым даваў тагачасны віленскі біскуп Эдвард Роп, будучы магілёўскі мітрапаліт і сваяк Лапацінскіх. Бацька Антона быў гэтаму не рады і сцвярджаў, што ведае некалькі сям’яў, якія паблаславілі да шчаслівага сужэнства біскупы. Усе яны былі нешчаслівымі, а некаторыя нават распаліся[1].

Сядзіба ў Лявонпалі

Маладыя перабраліся ў стары палац у Лявонпалі, які адмыслова для сям’і сына аднавіў Станіслаў Лапацінскі. Сядзіба, пабудаваная ў XVIII стагоддзі на высокім беразе Дзвіны, доўгі час была нежылая. У якасці помсты за ўдзел дзеда Ігната ў паўстанні яе спалілі расійскія казакі. Каб будынак не прыйшоў у непатрэбны стан яго наноў пакрылі дахам, але ніхто там не жыў[1].

Але перад тым як асесці ў родавым маёнтку Яўсебій з жонкай адправіліся ў вандроўку па Еўропе, нейкі час прабавілі ў Швейцарыі, у Халанеўскіх, сваякоў Борхаў[1].

Неўзабаве пасля нараджэння ў 1907 годзе дачкі Тэклі, каля 1911 года, Яўсебій пакінуў сям’ю і адправіўся ў даволі працяглае турнэ па Еўропе з жанчынай, якая прыглядала за яго дачкой. Сваякі выказвалі думку, што, магчыма, тут не абыйшлося без «майстра інтрыгі» — каханай ягонага бацькі Станіслава Лапацінскага, ахмістрыні Юзэфы. Яўсебій быў у Францыі, Швейцарыі і Італіі, дзе замацоўваў тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы[1].

Каля 1911 года Яўсебій Лапацінскі прыехаў у Варшаву і паступіў на працу ў аддзел рукапісаў бібліятэкі Красіньскіх. У гэты час малады гісторык-архівіст распачаў збор сваёй уласнай калекцыі медалёў, малюнкаў і карцін, навукова-дакументальных матэрыялаў, якая па стане на 1914 год ацэньвалася як «велізарная», але была цалкам страчана ў час Першай сусветнай вайны. Сам Лапацінскі часы вайны перачакаў у Пецярбургу[1].

У 1918 годзе гісторык вяртаецца ў Вільню, дзе застае карціну татальнага хаосу ў архіўнай справе. Царскія ўлады падчас эвакуацыі з Вільні вывезлі за горад частку найстаражытных дакументаў, а рэшту, не маючы часу займацца паперамі, скінулі ў некалькі віленскіх двароў. Вацлаў Студніцкі, былы дырэктар віленскага гарадскога архіва, і Яўсебій Лапацінскі аператыўна наладзілі ратаўнічыя працы і не далі гэтым дакументам знікнуць без следу або разбегчыся па прыватных зборах. Савецка-польская вайна прымусіла яго ізноў з’ехаць, цягам 1921—1922 гадоў ёх вандраваў ад Торуня да Брацлаўшчыны. Працаваць давялось перакладчыкам, войтам, кіраўніком камітэта асветы і інш[1].

Вярнуўшыся ў Вільню Яўсебій Лапацінскі займаў да да 1927 года пасаду віцэ-дырэктара Дзяржаўнага архіва. Гэта быў перыяд напружанай архіўнай працы, збораў матэрыялаў па гісторыі Вільні, Вялікага Княства Літоўскага. Асобае месца ў гэтых пошуках занялі раскіданыя па розных архівах і зборах звесткі, датычныя вялікалітоўскіх мастакоў, скульптараў, рамеснікаў і іншых творчых асобаў[1].

У 1931 годзе Яўсебій Лапацінскі, ужо дасведчаны архівіст, раптоўна зацікавіўся продкамі паэта-земляка Адама Міцкевіча. Яго публікацыі ў такіх папулярных выданнях — «Słowo», «Kurjer Wileński», якія друкаваліся ў 1931—1933 гадах, мелі сенсацыйны характар. Па-першае, на падставе некалькіх знойдзеных дакументаў, Лапацінскаму ўдалося абвергнуць міф паходжання маці паэта Барбары Маеўскай ад нейкіх габрэяў-франкістаў, прыняўшых хрост. Лапацінскі давёў, што Маеўская паходзіла са старога наваградскага роду, які карыстаўся гербам «Стары конь». Узбуджаныя прыхільнікі «франкізма» не пакінулі публікацыю без увагі, нападаючы на гісторыка з абразамі. Па-другое, у адной з публікацый Яўсебій Лапацінскі распавёў пра трагічную гісторыю, якая здарылася з бацькамі прабабкі Міцкевіча Лешчылоўскай. За «апастазію» і «бігамію» (дваяжэнства) яе бацьку, Яна Лешчылоўскага па прысуду Галоўнага Трыбунала ВКЛ кат абезгаловіў у Новагародку. Па-трэцяе, архівіст раскрыў не самыя прыемныя старонкі «чытанкі» пра саміх Міцкевічаў, паказаўшы, што продкі паэта былі арганічнай часткай цёмнай масы дробнай шляхты Вялікага Княства. Змагаючыся за сваё становішча яна ашуквала, удзельнічала ў наездах, або сама цярпела ад іх, гінула ў фальваркавых міжусобіцах, ці ў выніку вулічных наваградскіх боек. Такія факты, асабліва ў міжваеннай Польшчы, не маглі спрыяць папулярызацыі знаходак Лапацінскага. Як у тыя часы пісаў вядомы публіцыст Тадэвуш Бой-Жаленскі, клопатам сына паэта Уладзіслава і шмат каго яшчэ, Міцкевіч «пераўтварыўся» ў ХХ стагоддзі ў «недатыкальнае божышча», «нацыянальнага прарока»[3].

Асноўная ўвага даследчыка была скіравана на гісторыю мастацтва сваёй радзімы — Вялікага Княства Літоўскага. Вынікі шматгадовых пошукаў у віленскіх архівах папулярызаваліся Лапацінскім і ў выглядзе лекцыі і публікацый. У Вільні ў тыя часы існавала вялікая колькасць самых розных таварыстваў (у тым ліку і беларускае), на якіх рэгулярна выступалі гісторыкі. Цягам 1930-х гадоў штогод Лапацінскі знаёміў публіку з чарговымі архіўнымі знаходкамі: «Z dziejow tworczosci F. Smuglewicza», «Rysunki sepia A. Domanskiego w inwentarzu Kobrynskim z r. 1742», «Nieznane dane archiwalne i wiadomosci zrodlowe do historii sztuki Wilna i W. X. Litewskiego od XVII do poczatkow XIX w.», «Szkice z dziejow ratusza wilenskiego od XVI do XIX w.», «Osobliwe szczegoly z zycia malarza wilenskiego J. Trojanowskiego», «Wiadomosc o artystach Wilna i ziem okolicznych: zebrane w archiwum Panstwowym i Archiwum miejskim w Wilnie». Акрамя віленскіх выданняў шмат публікаваўся Лапацінскі і ў варшаўскім гадавіку «Archeion[pl]», які быў цэнтральным выданнем усіх дзяржаўных архіваў Польшчы[3].

У 1936 годзе ў Вільні выйшла кніга Антона Мілера «Teatr polski i muzyka na Litwie», наклад якой прысвячаўся памяці Станіслава і Тэклі з Борхаў Лапацінскіх, і быў прафінансаваны іх сынам Яўсебіем Лапацінскім. У прадмове аўтар выказаў падзяку Лапацінскаму за знаходку ў віленскіх архівах неверагоднай каштоўнасці дакументаў, якія паходзілі з тайнай канцылярыі віленскіх генерал-губернатараў і датычыліся да стаўлення акупацыйных улад да тэатра ў былым ВКЛ[3].

Найбольш значная праца архівіста — «Materialy do dziejow rzemiosla artystycznego w Wielkim Ksiestwie Litewskim XV—XIX w.», выйшла ўжо пасля вайны, у 1946 годзе, у Варшаве. Гэты даведнік мае каласальную значнасць, бо адкрывае многія сотні новых імёнаў мастакоў, скульптараў, рамеснікаў з усёй тэрыторыі ВКЛ[3].

У 1945 годзе Лапацінскі перабраўся з СССР у Польшчу, дзе працягваў займацца архіўнай справай. У гэты час яго асноўныя працы былі прысвечаны гісторыі мастацтва Польшчы. Ён супрацоўнічаў з такімі варшаўскімі ўстановамі, як Цэнтральнае ўпраўленне музеяў і аховы помнікаў[pl], Упраўленне ўрбаністыкі і архітэктуры ПАН і Камісія па даследаванні старой Варшавы. Сваёй добразычлівасцю, ведамі і дапамогай Яўсебій Лапацінскі заслужыў вялікію пашану ў навуковым асяродку новай радзімы[3].

Памёр 19 красавіка 1961 года. Пахаваны на варшаўскіх Павонзках[3].

У варшаўскім Нацыянальным цэнтры даследаванняў і дакументацыі помнікаў (KOBiDZ) захоўваецца 120 тэчак з матэрыяламі архівіста, якія вядомы як «Teki Lopacinskiego». У адной з іх захоўваецца рукапіс «Dzwony na Litwie» («Званы на Літве»), у якім апісаны званы, якія знаходзіліся ў касцёлах Гродзенскай, Мінскай, Віленскай, Сувальскай і Ковенскай губерняў. У спіс дададзены і званы, якія пасля 1923 года СССР перадаў Польшчы. Верагодна, гаворка вядзецца пра званы з тэрыторыі Усходняй Беларусі (БССР). Родавы архіў Лапацінскіх захоўваецца ў Вільні, дзе яго пакінуў перад ад’ездам сам Яўсебій Лапацінскі[3].

Сям’я

Партрэт Ядвігі Патвароўскай

У першым шлюбе з Ядвігай з Патвароўскіх (1885—1963), дачкой Ксаверыя Патвароўскага (1858—1887) і Клацільды з Кеневічаў (1863—1919) меў адзіную дачку Тэклю (1907—2004). Тэкля пабралася шлюбам з Францішкам Ксверыем Якса-Канарскім (1913—1945).

З 1933 года ў другім шлюбе з Аляксандрай Чалушчанка (?1900-1983).

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Зміцер Юркевіч. Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі (Працяг. Пачатак у № 4 — 5) // Культура № 7 (1498) 13.02.2021 — 19.02.2021 г
  2. мужа звалі Юзаф
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Зміцер Юркевіч. Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі (Заканчэнне. Пачатак у № 4 — 6) // Культура № 9 (1500) 27.02.2021 — 06.03.2021 г
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be