Аляксандра Іванаўна Александровіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Александровіч.
Алякса́ндра Іва́наўна Александро́віч (12 ліпеня 1904, Мінск — 25 жніўня 1947) — беларускі педагог і літаратуразнавец. Сястра паэта Андрэя Александровіча, жонка Мiхася Мароза[ru][1].
Біяграфія
У 1920 годзе прымала ўдзел у рабоце клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі. З 1920 — у Беларускім дзяржаўным тэатры. Сябравала Міхасём Чаротам і ў 1921 годзе стала першай выканаўцай ролі Алесі ў музычнай драме М. Чарота «На Купалле» ў БДТ-1[2][3], гэтая роля была напісаная адмыслова для яе[1].
Алеся Александровiч прымала актыўны ўдзел у рабоце «Беларускай хаткi», знакамiтай наладжваннем беларускага жыцця, аб’яднаннем беларускай моладзi. Як адзначала Алеся ў анкеце пры паступленнi ў БДУ[1], яна на працягу некалькiх гадоў спявала ў Беларускім народным хоры пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага, куды прыцягнула і свайго брата Андрэя[4]. Слухаць сольнае выкананне Алесi вельмi любiў Янка Купала[1]. Цёпла i пранiкнёна яна спявала песнi ў апрацоўцы Д. Агрэнева-Славянскага «Чалавек жонку б’е», а таксама «Каля хацiнкi». Не праходзiла без бiсаў, як успамiнаў Кастусь Пуроўскi, i песня на словы Купалы «Шумныя бярозы», якую выконвалi Алеся Александровiч, Ганна Бялькевiч i Язэп Васiлеўскi[1].
Акцёр і тэатральны дзеяч Яўген Рамановiч пісаў[5], што
[Алеся Александровіч] была ўжо добра вядомай у Мінску салiсткай з непараўнанай дзявочай абаяльнасцю i рэдкiм па чысцiнi лiрычным сапрана. Усiм нам Алеся ў тыя гады здавалася iдэальным увасабленнем беларускай дзяўчыны, якая нiбы сышла са старонак паэзii Янкi Купалы. |
У 1928 годзе скончыла БДУ. Склала падручнікі «Родная краіна» (пазней «Роднае слова») для 4-га класа (вытрымаў 13 выданняў, 1945-57), «Кніга для чытання ў першым класе» (4 выданні, 1934-37). Перавыдаваліся «Хрэстаматыя па літаратуры» для 3-га і 4-га класаў (1938-41, сум. З О. Селіванавай) і чытанне для 7-га класа «Родная літаратура» (1945-47)[2].
Пасля вайны яна працавала ў Лiтаратурным музеi Янкi Купалы[6]. Пiсала артыкулы, уступныя словы да выданняў, успамiны пра Я. Купалу, Цётку, Ф. Багушэвіча, М. Танка, А. Куляшова і інш. Перакладала на беларускую мову кнігі для дзяцей[2].
Алеся Александровіч і Янка Купала
Знаёмая з Я. Купалам з пачатку 1920-х гадоў. Часта бывала на кватэры паэта. Улетку 1933 года на яе запрашэнне Купала з жонкай адпачываў у Капылі ў доме Марозаў, бацькоў мужа Александровіч. Складальнік жыццёвага і творчага летапісу Янкі Купалы да 1917 году. Аўтар успамінаў пра Купалу[6].
Творы
- «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала)» («Савецкі селянін», 9 снежня 1945 года).
- «Сябра моладзі» («Сталинская молодежь», 29 чэрвеня 1945 года.
- «Аб дакастрычніцкай творчасьці Янкі Купалы» (часопіс «Полымя», 1947, № 6).
- «Паэма Янкі Купалы „Адвечная песьня“ ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі» (часопіс «Беларусь», 1947, № 6).
- Успаміны ў зборніку «Янка Купала», Мн, 1952.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Стагоддзе Купалавай Алесi(недаступная спасылка)
- 1 2 3 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- ↑ Наш край в новой энциклопедии Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Яўхім Кіпель. ГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗI Архівавана 29 мая 2014.
- ↑ Гесь, Аляксандра Стагодзьдзе Купалавай Алесі(нявызн.). Газета Звязда (13 ліпеня 2004 года). Праверана 11 мая 2012 году.(недаступная спасылка)
- 1 2 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Александровіч Алеся». — C. 36.
Спасылкі
- Стагоддзе Купалавай Алесi(недаступная спасылка)