wd wp Пошук:

Аляксандра Іванаўна Александровіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Александровіч.

Алякса́ндра Іва́наўна Александро́віч (12 ліпеня 1904, Мінск — 25 жніўня 1947) — беларускі педагог і літаратуразнавец. Сястра паэта Андрэя Александровіча, жонка Мiхася Мароза[ru][1].

Біяграфія

У 1920 годзе прымала ўдзел у рабоце клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі. З 1920 — у Беларускім дзяржаўным тэатры. Сябравала Міхасём Чаротам і ў 1921 годзе стала першай выканаўцай ролі Алесі ў музычнай драме М. Чарота «На Купалле» ў БДТ-1[2][3], гэтая роля была напісаная адмыслова для яе[1].

Алеся Александровiч прымала актыўны ўдзел у рабоце «Беларускай хаткi», знакамiтай наладжваннем беларускага жыцця, аб’яднаннем беларускай моладзi. Як адзначала Алеся ў анкеце пры паступленнi ў БДУ[1], яна на працягу некалькiх гадоў спявала ў Беларускім народным хоры пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага, куды прыцягнула і свайго брата Андрэя[4]. Слухаць сольнае выкананне Алесi вельмi любiў Янка Купала[1]. Цёпла i пранiкнёна яна спявала песнi ў апрацоўцы Д. Агрэнева-Славянскага «Чалавек жонку б’е», а таксама «Каля хацiнкi». Не праходзiла без бiсаў, як успамiнаў Кастусь Пуроўскi, i песня на словы Купалы «Шумныя бярозы», якую выконвалi Алеся Александровiч, Ганна Бялькевiч i Язэп Васiлеўскi[1].

Акцёр і тэатральны дзеяч Яўген Рамановiч пісаў[5], што

[Алеся Александровіч] была ўжо добра вядомай у Мінску салiсткай з непараўнанай дзявочай абаяльнасцю i рэдкiм па чысцiнi лiрычным сапрана. Усiм нам Алеся ў тыя гады здавалася iдэальным увасабленнем беларускай дзяўчыны, якая нiбы сышла са старонак паэзii Янкi Купалы.

У 1928 годзе скончыла БДУ. Склала падручнікі «Родная краіна» (пазней «Роднае слова») для 4-га класа (вытрымаў 13 выданняў, 1945-57), «Кніга для чытання ў першым класе» (4 выданні, 1934-37). Перавыдаваліся «Хрэстаматыя па літаратуры» для 3-га і 4-га класаў (1938-41, сум. З О. Селіванавай) і чытанне для 7-га класа «Родная літаратура» (1945-47)[2].

Пасля вайны яна працавала ў Лiтаратурным музеi Янкi Купалы[6]. Пiсала артыкулы, уступныя словы да выданняў, успамiны пра Я. Купалу, Цётку, Ф. Багушэвіча, М. Танка, А. Куляшова і інш. Перакладала на беларускую мову кнігі для дзяцей[2].

Алеся Александровіч і Янка Купала

Знаёмая з Я. Купалам з пачатку 1920-х гадоў. Часта бывала на кватэры паэта. Улетку 1933 года на яе запрашэнне Купала з жонкай адпачываў у Капылі ў доме Марозаў, бацькоў мужа Александровіч. Складальнік жыццёвага і творчага летапісу Янкі Купалы да 1917 году. Аўтар успамінаў пра Купалу[6].

Творы

  • «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала)» («Савецкі селянін», 9 снежня 1945 года).
  • «Сябра моладзі» («Сталинская молодежь», 29 чэрвеня 1945 года.
  • «Аб дакастрычніцкай творчасьці Янкі Купалы» (часопіс «Полымя», 1947, № 6).
  • «Паэма Янкі Купалы „Адвечная песьня“ ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі» (часопіс «Беларусь», 1947, № 6).
  • Успаміны ў зборніку «Янка Купала», Мн, 1952.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Стагоддзе Купалавай Алесi(недаступная спасылка)
  2. 1 2 3 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  3. Наш край в новой энциклопедии Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
  4. Яўхім Кіпель. ГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗI Архівавана 29 мая 2014.
  5. Гесь, Аляксандра Стагодзьдзе Купалавай Алесі(нявызн.). Газета Звязда (13 ліпеня 2004 года). Праверана 11 мая 2012 году.(недаступная спасылка)
  6. 1 2 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Александровіч Алеся». — C. 36.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be