wd wp Пошук:

Ігнат Іпалітавіч Дамейка

Ігна́т Даме́йка, Ігна́т Іпалі́тавіч Даме́йка (польск.: Ignacy Domeyko, ісп.: Ignacio Domeyko ; 31 ліпеня 1802, маёнтак Мядзвядка, Навагрудскі павет Літоўска-Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 23 студзеня 1889, Сант’яга, Чылі; псеўданім і крыптанім: Жэгота; Ign. D.) — член таварыства філаматаў, удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў, навуковец, рэфарматар, геолаг, мінеролаг, мемуарыст.

Правёў большую частку жыцця і памёр у Чылі, але таксама займае важнае месца ў навуцы і культуры Беларусі, Літвы і Польшчы.

Біяграфія

Паходжанне роду

Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Дамейкаў герба «Дангель». Нарадзіўся 31 ліпеня 1802 г. у родавым маёнтку Мядзвядка (польск.: Niedźwiadka Wielka) Навагрудскага павета Літоўска-Гродзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Беларусі) у сям’і Іпаліта Казіміравіча Дамейкі і яго жонкі Караліны (са шляхецкага роду Анцутаў). Яго маці Караліна Анцута была цёткай Марыі Верашчакі, у якую закахаўся паэт Адам Міцкевіч, а таксама траюраднай сястрой Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі[5].

Братам Ігната Дамейкі быў Адам Іпалітавіч Дамейка.

Адукацыя

З 1812 года разам са старэйшым братам Адамам вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, падведамнай Віленскаму ўніверсітэту. Гувернёрам братоў быў Ануфрый Петрашкевіч. Скончыўшы школу ў 1816 годзе, Ігнацы Дамейка паступіў на аддзяленне фізікі і матэматыкі Віленскага ўніверсітэта. 14-гадовы Дамейка быў адным з самых юных студэнтаў універсітэта. У чэрвені 1817 года атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 года. Пазней, у 1822 годзе, наведваў лекцыі астранома Пятра Славінскага, у 1823 годзе слухаў лекцыі філосафа Галухоўскага[ru] і гісторыка Яўхіма Лелявеля. У чэрвені 1822 года яму была прысвоена ступень магістра філасофіі, таксама атрымаў ступень магістра матэматыкі.

Таварыства філаматаў і арышт

Яшчэ ў 1819 уступіў у студэнцкі «Саюз сяброў», потым у Таварыства філаматаў[6] разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў канспіратыўнае імя Жэгота, пад гэтым імём яго ўвасобіў у сваёй паэме «Дзяды» Адама Міцкевіч[7]. Прымаў удзел у дзейнасці даччыных арганізацый філаматаў — таварыствы філадэльфістаў, прамяністых і іншых, загадваў бібліятэкай філаматаў.

Быў арыштаваны ў лістападзе 1823 года. Разам з большасцю арыштаваных філаматаў быў заключаны ў базіліянскім манастыры Святой Троіцы. Дзякуючы намаганням сваякоў у студзені або лютым 1824 года Ігнат Дамейка быў вызвалены. Прысуд суда, змацаваны імператарам 14 жніўня і абвешчаны 6 верасня 1824 года, быў, у параўнанні з прысудамі, напрыклад, у дачыненні да Тамаша Зана або Яна Чачота, мяккім: судовае рашэнне прадпісвала жыць пад наглядам паліцыі ў сямейным маёнтку без права куды б там ні было адлучацца. Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю.

Жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтках свайго дзядзькі ў Заполлі (цяпер Лідскі раён), потым у Жыбуртоўшчыне (цяпер Дзятлаўскі раён), дзе правёў агулам шэсць гадоў.

Пераклаў на польскую мову песні Асіяна[ru] і Каран (разам са святаром Дыянізам Хлявінскім). Займаўся гаспадаркай — укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, бровары, лесапільні. Жыццё памешчыка яго, аднак, не вабіла. Пазней Міцкевіч у паэме «Дзяды» паказаў Дамейку ў вобразе агранома Жэготы (так называлі яго сябры па ўніверсітэце).

У 1829 годзе паліцэйскі нагляд быў з яго зняты. Гэта дазволіла прымаць удзел у легальнай грамадскай дзейнасці. У 1830 годзе ўдзельнічаў у дваранскім сходзе Літоўска-Гродзенскай губерні і, адпаведна, у дваранскіх выбарах.

Паўстанне і эміграцыя

Ігнат Дамейка, акварэльны партрэт Ю. Куроўскага

У тым жа 1830 годзе ўпершыню выехаў з Літвы. Наведаў Варшаву, дзе сустрэўся з Іаахімам Лялевелем.

Калі ён вярнуўся на радзіму, пачалося Паўстанне 1830—1831 гадоў. Дамейка прыняў у ім удзел, ваяваў у корпусе Д. А. Хлапоўскага[ru], у адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Ц.[de] і У.[en] Плятэрамі. Быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка.

Пасля прайгранай бітвы пад Шаўлямі летам 1831 года разам з іншымі паўстанцамі ў складзе корпуса А. Гелгуда адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны ў Расійскую імперыю.

У канцы года атрымаў дазвол на выезд і ў пачатку 1832 года выехаў у Дрэздэн. Паводле рашэння Гродзенскай губернскай следчай камісіі ад 8 кастрычніка 1832 года І. Дамейка быў аднесены да 2 разраду злачынцаў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля ўдакладнення маёмасных правоў, Дамейка павінен быў уносіць у казну трэцюю частку ад даходу, гэты абавязак быў ускладзены на брата Адама Дамейку.

У Прусіі некаторы час жыў у Дрэздэне, дзе зноў зблізіўся з Адамам Міцкевічам, меў зносіны з Антонам Адынцом. Выязджаў у Саксонію, Швейцарыю, наведаў Фрайберг, дзе азнаёміўся з Горнай акадэміяй. Адтуль у ліпені 1832 разам з А. Міцкевічам і іншымі эмігрантамі пераехаў у Парыж.

Францыя

Удзельнічаў у дзейнасці розных эмігранцкіх аб’яднанняў: член Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, Таварыства навуковай дапамогі, з 1832 Гісторыка-літаратурнага таварыства, Аб’яднання польскай эміграцыі. Дапамагаў Міцкевічу, з якім жыў, перапісваць эпічную паэму «Пан Тадэвуш» (паслужыў прататыпам эканома Жэготы, аднаго з герояў паэмы). Наведваў лекцыі ў Сарбоне і ў Калеж дэ Франс, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалагічных экскурсіях. Хіміі вучыўся ў Жана Батыста Дзюма, Луі Жака Тэнара[ru], Жазефа Луі Гей-Люсака, фізіцы — у Дамініка Франсуа Араго

У 18341837 гг. вучыўся ў Горнай школе ў Парыжы[ru], якую скончыў з дыпломам. Яго выкладчыкам мінералогіі там быў Аляксандр Браньяр[ru], а геалогію выкладаў Элі дэ Бамон[ru].

Ігнат Дамейка склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай і напісаў да яе шырокія каментары (карта і каментарыі не была выдадзены; матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданнях). У 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера. У тым жа годзе прыняў запрашэнне горнай школы Ла-Серэна ў Какімба[ru] на поўдні Чылі.

Чылі

Бюст Дамейкі ў Чылійскім універсітэце
Магіла Дамейкі ў Сант’яга-дэ-Чылі

Пасля запрашэння ў Чылі, Ігнат Дамейка за тры месяцы вывучыў іспанскую мову. У 1838—1846 гадах быў прафесарам у горнай школе Ла-Серэна (Какімба; зараз універсітэт[es] у гэтым горадзе носіць яго імя). Праводзіў разнастайныя даследаванні, камплектаваў мінералагічныя калекцыі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, заалагічную калекцыю. Па распрацаванай Дамейкам методыцы веды замацоўваліся практычнымі заняткамі хіміяй, фізікай, геалогіяй. У 1845 годзе выпусціў кнігу на іспанскай мове з апісаннем побыту, культуры, мовы індзейцаў араўканаў, перакладзеную на некалькі моў.

Пасля заканчэння тэрміну кантракта пераехаў у Сант’яга (Чылі), дзе быў з 1846 года прафесарам Чылійскага ўніверсітэта і ўзначальваў кафедру хіміі. У снежні 1848 года атрымаў чылійскае грамадзянства, летам 1850 года ажаніўся з чылійкай. У 1852 годзе быў прызначаны кіраўніком дэлегатуры па справах вышэйшай школы і з тых часоў энергічна займаўся арганізацыяй адукацыі і навуковых устаноў у Чылі. У 1867 годзе быў абраны рэктарам Чылійскага ўніверсітэта, гэту пасаду праз чацвёра перавыбараў займаў да 1883 года. У заснаванай па яго ініцыятыве Горнай школе былі падрыхтаваны чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолагаў, мінералогіі. Упершыню арганізаваў шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі Чылі, увёў у краіне метрычную сістэму, напісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі і ўспаміны.

Арганізаваў метэаралагічную службу ў Сант’яга (Чылі). Працягваў займацца мінералагічнымі даследаваннямі, вывучаў знойдзены ў пустыні Атакама метэарыт, даследаваў абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі. У гарах адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату серабра — аркерату, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры. Яго вучань Ніколас Нарньё знайшоў багатую сярэбраную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка — «Міна дэ Дамейка».

Навуковыя працы (каля 130) пісаў пераважна на французскай і іспанскай мовах. Некалькімі выданнямі выйшаў яго падручнік і разам з тым навуковая праца ісп.: Elementos de mineralojia (1854, 1860, 1879), з некалькімі прыкладаннямі. Падтрымліваў сувязі з Бацькаўшчынай, пасылаючы ва ўніверсітэты Варшавы і Кракава свае працы і іншыя выданні, якія выходзілі ў Чылі, клапаціўся пра стварэнне ў Кракаве мінералагічнага музея. Стаў членам многіх еўрапейскіх навуковых таварыстваў.

Паездка ў Еўропу і апошнія гады

Ігнат Дамейка з сынамі

Улетку 1884 года з сынамі прыбыў у Бардо. У Парыжы сустрэўся з сябрамі юнацтва Уладзіславам Ласковічам і Юзафам Багданам Залескім, наведаў сям’ю Уладзіслава Міцкевіча[pl], сына знакамітага паэта. У Кракаве быў з энтузіязмам прыняты мясцовай навуковай грамадскасцю. У Варшаве сустракаўся з Адынцом, пабываў у Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку (у сучаснай Беларусі 17 населеных пунктаў, хоць неяк звязаных з Дамейкам), пакланіўся бацькоўскім магілам. Не выпадкова ён пісаў у свой час Адаму Міцкевічу з Чылі: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не здолею і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або каля Панар (Вільня) — усё роўна памру літвінам…»[8].

Увосень вярнуўся ў Парыж. У 1885 годзе пабываў у Рыме (атрымаў аўдыенцыю ў папы рымскага Льва XIII) і Неапалі, потым зноў наведаў Кракаў, адкуль з Пятром Семяненкам[ru] адправіўся ў паломніцкае падарожжа па Святой зямлі. Вярнуўшыся ў Парыж, неўзабаве зноў паехаў на радзіму і правёў там два з лішнім гады, толькі зрэдку ненадоўга адлучаўся.

У красавіку 1887 года кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт прысвоіў Дамейку ступень ганаровага доктара медыцыны. Улетку 1888 года выехаў у Чылі. Па дарозе цяжка захварэў. Памёр у Сант’яга-дэ-Чылі 23 студзеня 1889 года. Быў пахаваны на сродкі чылійскага ўрада; дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы.

Узнагароды і памяць

Памятная манета Нацыянальнага банка РБ

Ігнату Дамейку прысвоена званне Нацыянальнага героя Чылі, у Сант’яга яму ўстаноўлены помнік.

Імем Ігната Дамейкі названая малая планета, адкрытая чылійскім астраномам Карласам Торэсам[ru] у 1975 годзе (астэроід 2784 Дамейка[uk]), мінерал дамейкіт[9], выяўлены самім Дамейкам у 1844 годзе ў Чылі, чылійскі аманіт Parancyloceras domeykanum, выведзены ў Варшаве сорт азаліі, сямейства раслін Domeykiaceae і некалькі яго відаў, кактус Maihueniopsis domeykoensis, фіялка Viola domeykiana, выкапнёвы слімак Antarcticoceras domeykanum і малюск Nautilus domeykus, нефармальная назва роду дыназаўраў Domeykosaurus, віды плечаногіх Terebratula ignaciana і Terebratula domeykana, род птэразаўраў Domeykodactylus і род выкапнёвых рыб Domeykos, а таксама падвід лісіц Lycalopex gymnocercus domeykoanus[10].

Імем Дамейкі таксама названы невялікі горад у Чылі, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільнюсе, Навагрудку, горны хрыбет у Андах, польская бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе (ісп.: Biblioteca Polaca Ignacio Domeyko), некалькі ліцэяў, іншых навучальных і навуковых устаноў у Чылі, музей і абеліск у вёсцы Крупава[11] (Беларусь, Лідскі раён, паблізу месца нараджэння Дамейкі), дзе таксама імем Дамейкі названа вуліца[10]. У Мядзведкаўскай СШ таксама адкрыты музей, а ў вёсцы ўстаноўлены бюст і памятны камень.

У гонар Дамейкі выпускаліся паштовыя маркі ў Польшчы і Літве, таксама яму была прысвечана манета наміналам 2 злотых Польшчы, выпушчаная ў 2007 годзе.

2002 у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі быў абвешчаны ЮНЕСКА Годам Ігнацы Дамейкі. Юбілейныя мерапрыемствы пад патранажам прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і прэзідэнта Чылі Рыкарда Лагаса прайшлі ў Чылі, а таксама ў Беларусі і Літве. У верасні 2002 года ў варотах базыльянскага манастыра Святой Тройцы ў Вільні, дзе Дамейка знаходзіўся ў зняволенні падчас следства па справе філаматаў, была адкрыта мемарыяльная дошка з яго барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус[lt], архітэктар Ёнас Анушкявічус[ru]). У Беларусі да 200-годдзя Дамейкі былі выпушчаны юбілейныя манеты наміналам 1 (з нікеля) і 20 (з срэбра) беларускіх рублёў, а таксама 100 папяровых беларускіх рублёў да 160-годдзя, якія пазней перасталі выпускацца.

У Польшчы ў 2007 годзе была выпушчана манета наміналам у 2 злотых (са сплаву «Паўночнае золата»), прысвечаная Дамейку.

Сям’я

Ігнат Дамейка з жонкай. 1854

7 ліпеня 1850 г. ажаніўся з дваранкай-чылійкай Энрыкетай дэ Сатамаёр (Enriquetta de Sotomayor), ад якой меў дачку Аніту і сыноў Германа і Казіміра.

Бібліяграфія

  • Moje podróże: Pamiętniki wygnańca. T. 1—3. Wroclaw etc., 1962—1963;
  • Filareci i Filomaci. Poznań, 1872;
  • Мае падарожжы. Мн., 2002.
  • Powstanie 1830—1831 r. na Litwe.
  • Listy do Wladislawa Laskowicza.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 3 4 http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/domeyko-ignacy-zegota/ Праверана 30 жніўня 2022.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #117650560 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. Find a Grave — 1996.
  5. З. Ю. Юркевіч. Продкі Ігната Дамейкі па кудзелі: новыя архіўныя здабыткі(недаступная спасылка)
  6. Доўнар Т. І. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // к // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. С. 408.
  7. Наталля Мазоўка. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 202.
  8. Дамейка Ігнат Іпалітавіч — Беларускія імёны ў гісторыі
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 30. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  10. 1 2 Zdzisław Jan Ryn, IGNACY DOMEYKO W NAZWACH WŁASNYCH Архівавана 13 сакавіка 2007.
  11. Tomasz Krzywicki. Szlakiem Adama Mickiewicza po Nowogródczyźnie, Wilnie i Kownie: przewodnik. ISBN 83-89188-51-1

Літаратура

  • Дамейка Леа-Пласа, Пас. Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі —у Санцьяга-дэ-Чылі (1802—1889): пераклад з іспанскай [В. І. Раўчанка] / Пас Дамейка Леа-Пласа. — Мінск: Звязда, 2017. — 394 с.
  • Мысліцелі і асветниікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. ISBN 985-11-0016-1. С. 408—411. (бел.)
  • Ignotas Domeika Lietuvai, Francūzijai, Čilei. 1802—1889. Ignacy Domeyko for Lithuania, France, Chile. Ignacy Domeyko Lituanie, France, Chili. Vilnius: Vilniaus universitetas, Lietuvos istorijos institutas, Lietuvos nacionalinis muziejus. 2002. ISBN 9955-415-20-7. (літ.)  (англ.)  (фр.)
  • Ignacy Domeyko. Moje podróże: pamiętniki wygnańca. Wrocław: Ossolineum, 1962. (польск.)
  • Zbigniew Wójcik. Ignacy Domeyko: Litwa, Francja, Chile. Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 1995. ISBN 83-904914-2-7. (польск.)
  • Małgorzata Kośka. Ignacy Domeyko. Warszawa: DiG, 1998. ISBN 83-7181-062-8. (польск.)
  • Jadwiga Garbowska, Krzysztof Jakubowski. Ignacy Domeyko: (1802—1889). Warszawa — Lida: Towarzystwo Kultury Polskiej Ziemi Lidzkiej, 1995. ISBN 83-901353-6-1. (польск.)
  • Zdzisław Jan Ryn. Ignacio Domeyko — ciudadano de dos patrias. Antofagasta: Universidad Catolica del Norte, 1994. (парт.)
  • Zdzisław Jan Ryn. Ignacy Domeyko — obywatel świata. Kraków, Jagiellonian University Press, 2002. ISBN 83-233-1552-3. review Архівавана 29 верасня 2007., Polish language (польск.)
  • Paz Domeyko Lea-Plaza. Ignacio Domeyko. La Vida de un Emigrante. Santiago, Chile.2002. Random House Mondadori (Editorial Sudamericana). ISBN 956-262-161-8. (ісп.)
  • Paz Domeyko. A Life in Exile. Ignacy Domeyko 1802—1889. Sydney, Australia 2005. ISBN 0-646-44728-9. (англ.)
  • Гарбачова В. В. Паўстанне 1830-31 гадоў у лёсе Ігнація Дамейкі;
  • Грицкевич В. П. Геолог, минералог и этнограф Игнатий Домейко // Известия Всесоюзного географического общества. 1981. Т. 113, вып. 5;
  • Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.) Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Энцыклапедыкс», 2002. — 136 с.
  • Клейн Б. «Грандэ Эдукатор» // Неман. 1965, № 6;
  • Кудаба Ч. Вклад Игнатия Домейки;
  • Словік С. З гісторыі сядзіб. С. 416;
  • НГАБ-2, арк. 122 адв.;
  • РДВГА-8, арк. 101;
  • PSB;
  • ЭГБ, т. 3;
  • АЗБ
  • Barszczewska A. Rola Towazystwa Litewskiego. s. 45-67;
  • Віеlескі R. Slownik biograficzпу. Т.1. S. 381;
  • Brzoza J. Ignacy Domeyko: Powieść biograficzna. Katowice, 1961;
  • Janowski L. Slownik biobibliograficzпу. S. 99;
  • Garbowska J., Jakubowski Kr. Ignacy Domeyko. Warszawa — Lida, 2000. (бел.)  (польск.)  — Эл.рэсурс pawet.net
  • Gadon L. Z zycia Polakow. s. 116;
  • Gadon L. Emigracja polska. T.2. S. 334; T.3. S. 40, 44, 271;
  • Касzkоwskі J. Копfіskаtу;
  • Konarska B. Polskie drogi. S. 252;
  • Koska M. Ignacy Domeyko;
  • Redorowa D. Polski emigrancki osrodek. S. 103;
  • Chlopowski D. Pomietniki. Cz.II. S. 68;
  • Szwejcerowa A. Ignacy Domeyko. Warszawa, 1975;
  • Wójcik Z. Ignacy Domeyko. Warszawa; Wroclaw, 1995;
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  • Garbowska Jadwiga, Krzysztof Jakubowski. Ігнацій Дамейка. Жыццё і справы;
  • ДАМЕЙКА Ігнат Ігнатавіч
  • Адам Мальдис. Слишком быстро забытый юбилей

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі XIX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Карана Катэгорыя·Перакладчыкі Расійскай імперыі Катэгорыя·Перакладчыкі на польскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be