Італа Кальвіна
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кальвіна. Італа Кальвіна (італ.: Italo Calvino; 15 кастрычніка 1923 — 19 верасня 1985) — італьянскі празаік , прадстаўнік неарэалізму.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Сант’яга-дэ-Лас-Вегас (Santiago de Las Vegas) на Кубе, дзе працаваў яго бацька. У хуткім часе сям’я вярнулася ў Італію. Дзяцінства правёў у Сан-Рэма, там атрымаў сярэднюю адукацыю.
Напачатку Другой сусветнай вайны перапыніў навучанне на аграрным факультэце і ў 1943 годзе далучыўся да партызанскага руху. У 1945 годзе пераяжджае ў Турын, дзе супрацоўнічае ў розных газетах. Стаецца членам Камуністычнай партыі.
Пасля вайны зноў вучыцца, але на філалагічным факультэце.
У 1947 годзе скончыў універсітэт, абараніўшы дыпломную працу па творчасці Джозефа Конрада, і пачаў працаваць у камуністычнай газеце «L’Unità».
З дапамогай сяброў-пісьменнікаў Чэзарэ Павезэ і Эліа Вітарыні Італа Кальвіна выдаў першую кнігу «Сцежка павучыных гнёздаў» (Il sentiero dei nidi di ragno) — неарэалістычную аповесць, заснаваную на ўласным партызанскім досведзе, а ў 1949 годзе — зборнік апавяданняў «Апошнім прыходзіць груган» (Ultimo viene il corvo). Абедзве кнігі з’явіліся ў асяроддзі неарэалізму. У гэты перыяд выходзіць і кніга «Юнакі з По» (I giovani del Po), неарэалістычная і пралетарская паводле тэматыкі, блізкая да прозы Ч.Павезэ.
У 1952 годзе Італа Кальвіна пакідае сацыяльную, рэалістычную літаратуру і прысвячае сябе фантастыцы. Выходзяць творы «Раздвоены віконт» (Il visconte dimezzato), «Барон на дрэве» (Il barone rampante) і «Рыцар, які не існуе» (Il cavaliere inesistente), якія складаюць трылогію з назвай «Нашыя продкі» (I nostri antenati). Трылогія малюе алегарычны вобраз сучаснага чалавека. У 1956 годзе Італа Кальвіна выдае зборнік «Італьянскія казкі» (Fiabe Italiane). У 1963 годзе выйшаў зборнік апавяданняў для дзяцей «Маркавальда, альбо Поры года ў горадзе» (Marcovaldo, ovvero le stagioni in cittá).
У 1964 годзе пісьменнік наведвае Парыж, знаёміцца з Раланам Бартам і Клодам Леві-Стросам і захапляецца сацыялогіяй, касмалогіяй і семіётыкай. Новыя зацікаўленасці паўплывалі і на яго творчасць: неўзабаве выходзіць зборнік апавяданняў «Космакамічныя гісторыі» (1965), а ў 1969 годзе — раман «Замак скрыжаваных лёсаў» (Il castello dei destini incrociati). Гэтыя, а таксама наступныя творы ствараліся пад значным уплывам фантастыкі і сюррэалізму: «Нябачныя гарады» (Le cittá invisibili, 1972), «Калі адной зімовай ноччу вандроўнік…» (Se una notte d’inverno un viaggiatore.., 1979).
У 1975 годзе пісьменнік стаў ганаровым сябрам Амерыканскай Акадэміі, у наступным годзе атрымаў Аўстрыйскую Дзяржаўную прэмію за еўрапейскую літаратуру.
У 1983 годзе выйшаў зборнік «Паламар».
Памёр Італа Кальвіна ў Сіене ў 1985 годзе.
Зноскі
- ↑ Кальвино Итало // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118518542 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118518542 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
- ↑ (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.
Літаратура
- Luca Baranelli, Bibliografia di Italo Calvino, Pisa, Edizioni della Normale, 2007.