wd wp Пошук:

Алесь Звонак

Алесь Звонак, сараўднае імя Пётр Барысавіч Звонак (1 (14) лютага 1907, Мінск — 2 лютага 1996, Мінск) — беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. Псеўданімы: Алесін; П.Алесін; Сашка Звонак.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і рабочага.

Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 годзе — у часопісе «Маладняк». У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 годзе — аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934—1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935—1936). У лістападзе 1936 года арыштаваны, у 1937 годзе асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб’екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). 29.12.1954 г. Вярхоўным судом рэабілітаваны. З 1955 г. жыў у Мінску. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1936 г.

Творчасць

З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 годзе — «Сябрына: Выбраныя творы».

Выступаў у галіне крытыкі, драматурпі тэатра і кіно. Аўтар п’есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».

Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш. Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф’ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.

Узнагароды і прэміі

Узнагароджаны медалём.

Творы

  • Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1977;
  • Сябрына: Выбр. тв. Мн., 1987.

Крыніца

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be