wd wp Пошук:

Янка Бобрык

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бобрык. Янка (Іван Іванавіч) Бобрык (21 ліпеня 1905, Глуск Магілёўскай вобласці — 25 жніўня 1942, Ленінград) — беларускі паэт, кінакрытык. Стрыечны брат С. Грахоўскага.

Біяграфія

Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», 1927. Янка Бобрык стаіць у цэнтры

У 1929 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, працаваў настаўнікам у Мілаславіцкай сямігадовай школе Клімавіцкага раёна. У 1931 годзе паступіў у аспірантуру Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, з 1934 года быў навуковым супрацоўнікам сектара кіно гэтай акадэміі. Працаваў у сцэнарным аддзеле Белдзяржкіно (ў Ленінградзе). З 1938 года галоўны рэдактар упраўлення па справах мастацтваў Ленінградcкага гарвыканкама.

У 1938 ажаніўся з паэтэсай Наталляй Вішнеўскай.

Валерый Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кнігі з бібліятэчкі «Маладняка». Мінск, 1925 г.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны па стане здароўя быў зняты з ваеннага ўліку, але ў жніўні 1941 года дамогся, каб яму дазволілі стаць добраахвотнікам народнага апалчэння. У канцы ліпеня 1942 яго знясіленага на вуліцы падабралі санітары і адправілі ў бальніцу. 25 жніўня Янка Бобрык памёр і пахаваны на Піскароўскіх могілках.

Творчасць

Друкаваўся з 1924 года, першы верш апублікаваны ў часопісе «Беларускі піянер». У 1926 годзе разам з Алесем Звонакам і Янкам Туміловічам выдаў калектыўны зборнік «Пунсовае ранне»[1]. Аўтар паэмы «Галіна» (1930) пра жыццё вясковай інтэлігенцыі. Выступаў у перыёдыцы з апавяданнямі і нарысамі, пісаў артыкулы па гісторыі кіно і па пытаннях развіцця беларускай кінематографіі.

Зноскі

  1. Янка Бобрык, Алесь Звонак, Янка Туміловіч. Пунсовае ранне: вершы. — ЦБ «Маладняка». — Менск, 1926. — 62 с. — (Кніжніца «Маладняка»).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання Маладняк Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be