Валерый Дзмітрыевіч Маракоў
Валерый Дзмітрыевіч Маракоў (14 (27) сакавіка 1909, мяст. Козырава Мінскага пав., цяпер у межах Мінска — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: В.Армак (разам з А. Мардвілкам); В.Армар (з А. Мардвілкам); В. Бор; Крыптанімы: С. Ш., В. М. (з С. П. Шушкевічам)) — беларускі паэт, перакладчык.
Біяграфія
Старэйшы сын Дзімтрыя Маракова, брат Л. і У. Мараковых. Падчас Першай сусветнай вайны ў бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. У снежні 1925 па пастанове ЦБ юных піянераў і пры спрыянні А. Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 пэўны час (па запрашэнні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газеце «Чырвоная Полаччына». У 1927 паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газета «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930. У 1931 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у часопісе «Чырвоная Беларусь» (1930-1934). Пасля заканчэння педінстытута перайшоў на работу ў штотыднёвіе «Літаратура і мастацтва», у якім працаваў да студзеня 1935. Член СП БССР (з 1934). У пачатку 1935 быў выключаны з Саюза пісьменнікаў на 6 месяцаў за надрукаваны верш «Песня перамог». Спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у м. Чэрнеўка Барысаўскага р-на, але вярнуўся дадому.
21 сакавіка 1935 арыштаваны як «член контрреволюционной нацдемовской организации», у маі 1935 арыштаваны таксама бацька паэта, стараста Козыраўскай царквы Дзмірый Маракоў. 7 ліпеня 1935 справа В. Маракова была спынена, паэт быў выпушчаны з турмы НКУС.
Паўторна арыштаваны 6 лістапада 1936. Асуджаны выяздной Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка 1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў чэрвені ў 1925 (газеты «Чырвоная змена», «Малады араты» і інш.). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны.
У 1930-я М. Гарэцкі пісаў пра В. Маракова: «Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне».
Бібліяграфія
- На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927;
- Вяршыні жаданняў. Паэзія. Мн., 1930;
- Права на зброю: Вершы. Мн., 1933;
- Лірыка. Мн., 1959;
- Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989.;
- Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. С. 103
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Рагойша В. Сердце, согретое грустью // Вопросы литературы. 1990. № 6;
- Пруднікаў П. Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. № 3;
- Грахоўскі С. Растоптаныя пялёсткі // Голас Радзімы. 1998. 7 мая;
- Звонак А. З успамінаў аб В.Маракове // Першацвет. 1998. № 10-11;
- Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.
- Маракоў Валер // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Маракоў Валерый // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
Спасылкі
- Валеры Маракоў — улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў менскай турме НКВД // сайт «Радыё Свабода», 27 сакавіка 2018
- Жизненный и творческий путь Валерия Морякова: к 110-летию со дня рождения (1909–1937) // сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі