Апанас Апанасавіч Фет
Апанас Апанасавіч Фет (руск.: Афанасий Афанасьевич Фет; першыя 14 і апошнія 19 гадоў жыцця афіцыйна насіў прозвішча Шэншы́н, 23 лістапада (5 снежня) 1820, маёнтак Навасёлкі, Мцэнскі павет, Арлоўская губерня — 21 лістапада (3 снежня) 1892, Масква) — рускі паэт-лірык, перакладчык, мемуарыст.
Біяграфія
Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт у 1844 годзе. З 1845 года на вайсковай службе, з 1858 года ў адстаўцы. Першы зборнік вершаў «Лірычны пантэон» (1840). Творчасць Фета — новы этап у рускай рамантычнай паэзіі. Яго вершы адметныя пранізлівым лірызмам у апісанні дакладных карцін прыроды і імкненняў душы. Яны вылучаюцца музычнасцю, меладычнасцю, разнастайнасцю рытмаў і гукаў: зборнікі «Вершы» (1850—1856, часткі 1-2). З 1860-х гадоў у паэзіі матывы трагізму, дысгармоніі і тугі: зборнікі «Вячэрнія агні» (выпуск 1-4, 1883-91). Аўтар рэалістычнай аповесці «Сям’я Гольц» (1870), цыклаў нарысаў, апавяданняў, навел «З вёскі» і «Запіскі вольнанаёмнай працы», кнігі «Мае ўспаміны» (частка 1-2, 1890), «Раннія гады майго жыцця» (апублікаваны ў 1893 годзе).
Пераклаў на рускую мову антычных і ўсходніх аўтараў, а таксама Гётэ «Фауст», частка 1-2, 1882—1888), Генрыха Гейнэ, Дж. Байрана, П.Беранжэ, Адама Міцкевіча, Шэкспіра, кнігі Артура Шапенгаўэра «Свет як воля і ўяўленне» (1881).
Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку А.Арэнскім, М.Балакіравам, А.Гурылёвым, С.Рахманінавым, М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім.
На беларускую мову творы Фета перакладалі Васіль Жуковіч, Юрась Свірка, У.Данілаў і П.Макарэвіч.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Фет Афанасий Афанасьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 576 с.: іл.