Балтрамеюс Вілянтас
Балтрамеюс Вілянтас, або Барталамеус Вілент (літ.: Baltramiejus Vilentas; 1525, Літва — красавік/май 1587, Кёнігсберг) — перакладчык лютэранскага «Enchiridion» на літоўскую мову (1579), пастар, аўтар рэлігійных гімнаў. Стрыечны брат літоўскага першадрукара Марцінаса Мажвідаса.
Творчая дзейнасць
Выдаў зборнік рэлігійных песень на літоўскай мове «Спевы хрысціянскія» («Giesmės krikščioniškos») у друкарні Іагана Даўбмана, якія дапоўніў двума песнямі ўласнага сачынення. Апроч таго, у другую частку ўключыў новыя пераклады псалмоў Абраомаса Кульвеціса, Аўгусцінаса Ёмантаса (Augustinas Jomantas) і інш. Арыгіналы зборніка «Спевы хрысціянскія» не захаваліся і вядомыя па факсімільных выданнях Юргіса Геруліса. Карыстаючыся перакладам Мажвідаса, нанова пераклаў з нямецкай на літоўскую малы Катэхізіс Марціна Лютэра «Энхірыдыён» (Katekizmas mažas, 1575; захавалася 2-е выд. 1579).
Пераклаў з лацінскай і польскай «Евангеллі і павучанні» («Evangelijas bei epistolas», 1579) — першы зборнік евангельскіх тэкстаў на літоўскай мове. У прысвячэнні герцагу Альбрэхту, апроч падзякі, змешчаны звесткі пра Мажвідаса і самога Вілентаса. «Евангеллі і павучанні» лічыцца найзначнейшым творам Вілентаса. Тэксты гэтага выдання чыталіся ў храмах Усходняй Прусіі да з’яўлення першага поўнага літоўскага Новага запавету (1701) і выкарыстоўваліся каталіцкай царквой у Літве. Ім карысталіся Ёнас Брэткунас, збольшага таксама Мікалоюс Даўкша, Ёнас Якнавічус (Jonas Juknavičius), жамойцкі біскуп Юзаф Арнульф Гедройц.
Зноскі
- 1 2 Baltramiejus Vilentas // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Baltramiejus Vilentas // MAK
Літаратура
- Дини П. У. Балтийские языки. — М., 2002. — 544 с.
- Языки мира: Балтийские языки. — М.: Academia, 2006. 224 с.