Безназоўнае (паэма)
«Безназоўнае» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1924 годзе. Чарнавыя аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1] Рукапіс паэмы таксама захоўваецца ў Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка.[2]
Гісторыя публікацый
Упершыню цалкам паэма надрукаваная ў Менску ў 1924 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 2). Раздзел 8 пад назвай «Трэба» прысвечаны «Газэце „Савецкая Беларусь“ з прывітаннем выхаду яе тысячнага нумару», напісаны 2 студзеня 1924 года, апублікаваны ў газеце «Савецкая Беларусь» 5 студзеня 1924 года. Раздзелы 6 і 7 пад агульным загалоўкам «Як бы хто набаяў…» з прысвячэннем «На прывітанне пашырэння Беларусі і шостага Усебеларускага з’езда Радаў» напісаныя 11 сакавіка 1924 года і ўпершыню апублікаваныя ў газеце «Савецкая Беларусь» 12 сакавіка 1924 года.[1]
«Пакінем спадчыну мы для патомкаў |
Я. Купала
З заключнага раздзела паэмы «Безназоўнае» |
Апісанне
Галоўная тэма паэмы — нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасцвярджэнне беларускага народа.[3] В. Рагойша вызначае паэму як героіка-патрыятычную.[4]
У паэме Я. Купала адгукнуўся на падзеі, што адбываліся на Беларусі ў 1920-я гады, у прыватнасці, на ўваходжанне ў склад Беларусі тэрыторый Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У паэме 10 раздзелаў, аб’яднаных вобразам Беларусі і ўслаўленнем яе дзяржаўнасці. Я. Купала як бы назірае за працэсам адраджэння краіны, набываннем ім шырыні і размаху. Нацыянальнае адраджэнне паэт параўноўвае з абрадамі заручынаў і вяселля, дзе сабраліся жаданыя госці. Каранаваная нявеста, якая сімвалізуе Беларусь, заняла свой пачэсны пасад, стала гаспадыняй у сваёй хаце.[5]
Адна з найбольш загадкавых паэм Купалы. Ул. Някляеў назваў яе «апошняй купалаўскай паэмай Купалы». У паэме няма ніводнага названага героя, ёсць толькі абагуленае «мы». Як і ў «Адвечнай песні», герой паэмы не мае імені, ён проста Мужык.[6]
І. Навуменка адзначае рухомую інтанацыю паэмы, насычанасць твору яркімі эпітэтамі, метафарамі, якія падкрэсліваюць маштабны палёт паэтавай думкі, «нястрымны разліў пачуцця». Новыя, народжаныя на гістарычным сацыяльным пераломе паняцці паэт падводзіць пад вобразы, выпрацаваныя народнай традыцыяй, або стварае ў яе духу.[1]
Пераклады і мастацкія ўвасабленні
На польскую мову паэму пераклаў Ч. Сенюх (раздзел 6), на рускую — А. Андрэеў, Н. Кіслік, на ўкраінскую — І. Муратаў, А. Паніў. Ілюстраваў паэму В. Шаранговіч.[1]
Зноскі
- 1 2 3 4 І. Навуменка Безназоўнае (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 68—69.
- ↑ У Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка адкрываюць беларускі архіў(нявызн.). Хартыя ‘97 (8 красавіка 2009). Праверана 2 студзеня 2013.
- ↑ Янка Купала(нявызн.) (біяграфія) (недаступная спасылка). Родныя вобразы. Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2012. Праверана 1 студзеня 2013.
- ↑ В. Рагойша. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Ч. 1. Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка. — Мінск: БДУ, 2011. — Т. 1. — 247 с. — ISBN 978-985-518-375-5.
- ↑ Паэмы Янкі Купалы(нявызн.). Янка Купала. Праверана 1 студзеня 2013.
- ↑ Уладзімір Някляеў Шлях (папулярны біяграфічны нарыс) // Дзеяслоў : часопіс. — Мінск: 2007. — № 28. — ISSN 2076-1309.
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Безназоўнае (паэма)» / Аўтар — І. Навуменка — С. 68—69.
- Арочка М. Беларуская савецкая паэма. — Мн., 1979. — С.92—100.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.124—128.
- Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.137—140.
- Майсейчык, Аляксей «Свой пачэсны пасад між народамі…»: Паэма «Безназоўнае» Я. Купалы як гімн нацыянальнаму адраджэнню 20-х гадоў // Роднае слова : Штомесячны навукова-метадычны часопіс. — Мінск: 1996. — № 3(99). — ISSN 0234-1360.