wd wp Пошук:

Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Зайцаў. Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў (18 верасня 1917, в. Ахлябініна Уфімскага раёна, Башкартастан19 красавіка 1992, Уладзімір, Расія) — літаратуразнавец, перакладчык, касмолаг, ахвяра карнай псіхіятрыі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў рабочай сям’і. Тры класы пачатковай школы скончыў у в. Харкаўская Нурыманаўскага раёна (Башкірыя), сямігодку сялянскай моладзі – на ст. Улу-Целяк Уфімскай чыгункі ў 1931. У 1931 паступіў ва Уфімскі механічны тэхнікум, які скончыў у (1935). З 1935 працаваў тэхнікам на Уфімскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У 1939–1946 служыў у памежных войсках (паводле іншых звестак – на флоце) на Дальнім Усходзе. Падчас службы ўступіў у КПСС. У 1947 годзе паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, які скончыў у 1951. З 1951 асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук (1954). З сярэдзіны 1950-х публікаваў навуковыя артыкулы пра славянскія літаратуры.

З 1964 г. жыў у Мінску, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Бываў частым госцем у доме супрацоўніцы Інстытута Валянціны Ігнатаўны Гапавай (1923–2003), сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. В. Зайцаў – аўтар прац па праблемах харвацкай і сербскай літаратуры. Вывучаў беларускую культуру эпохі Адраджэння, у тым ліку творчасць Францыска Скарыны. Даследаваў касмічныя рэмінісцэнцыі ў помніках старажытных літаратур і ў выяўленчым мастацтве, займаўся тэмай «Космас і Біблія». У 1966 годзе ў часопісе «Нёман» быў апублікаваны артыкул Зайцава пра касмічнае паходжанне багоў пад назвай «Галасы далёкіх тысячагоддзяў», у 1967 годзе ў часопісе «Байкал» (Улан-Удэ) – артыкул «Багі прыходзяць з космаса». Абодва артыкулы (асабліва другі) выклікалі як цікавасць з боку аматараў уфалогіі з усяго СССР, так і адмоўную рэакцыю з боку афіцыёзу. Таксама цікавасць публікі і незадаволенасць уладаў выклікалі публічныя лекцыі В. Зайцава на касмічную тэматыку. У 1968 годзе ў арыентаваным на замежнікаў рэкламным часопісе «Советский Союз» былі апублікаваны погляды Зайцава, але толькі разам з іх крытыкай акадэмікам АН СССР Васілём Фесенкавым[1]. У маскоўскай газеце «Известия» Зайцаў быў абвешчаны саюзнікам заходніх багасловаў-абнаўленцаў[2]. Супрацоўнік апарата ЦК КПБ Савелій Паўлаў (які неўзабаве стаў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ) у сваёй кнізе «Слова – зброя» адвёў пару старонак крытыцы поглядаў Зайцава і дзеянняў рэдактараў часопісаў, якія прапускалі яго артыкулы ў друк[3]. Абарона доктарскай дысертацыі вучонага не адбылася. Значны рэзананс сярод акадэмічнай супольнасці Мінска меў яго ўдзел у фільме аўстрыйскага рэжысёра Харальда Райнля «Успаміны пра будучыню» (1970), знятага паводле твораў швейцарскага ўфолага Эрыха фон Дэнікена. Фільм паказвалі ў пракаце СССР, у тым ліку ў Мінску, у кінатэатры «Навіны дня».

У 1974 годзе, падчас кампаніі пераследу ў АН БССР апазіцыйна настроеных супрацоўнікаў (Міколы Прашковіча, Міхася Чарняўскага, Сцяпана Міско ды інш.), Зайцаў публічна выйшаў з КПСС. Сярод іншага, пры выхадзе з КПСС не згаджаўся з агульным ахайваннем у падцэнзурным друку асобы і твораў Аляксандра Салжаніцына, выказваў сумневы ў мэтазгоднасці арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва паміж навукоўцамі [4]. У 1975, за два гады да пенсіі, быў звольнены з інстытута. Працягваў сваю лектарскую дзейнасць, прычым, не звязаны працай, мог падоўгу «гастраляваць» у розных гарадах СССР.

Арыштаваны КДБ 23.11.1978 у Маскве падчас раскідвання ўлётак. Паводле дадзеных следства, на працягу 1970—78 напісаў больш за 30 улётак «рэлігійна-містычнага зместу»: «Тайна беззакония (кто сидит на атеистическом престоле)», «Евреи, домой!», «Разбой на дорогах познания», «Тайна беззакония (разгадка числа 666)» ды інш. З дапамогай знаёмых размножыў іх і ў лістападзе 1978 раскідаў у розных раёнах Масквы. Падчас вобыску канфіскавана каля 1000 улётак[5]. КДБ таксама закідаў Зайцаву, што той падчас публічных выступаў прапагандаваў свае эсхаталагічныя ідэі (прадказваў другое прышэсце ў 1980 годзе). У сакавіку 1979 Інстытут судовай псіхіятрыі імя Сербскага (Масква) вынес дыягназ — шызафрэнія. Вярхоўны Суд БССР 15.6.1979 г. разглядзеў справу па абвінавачванні Зайцава па артыкуле 186-1 КК БССР («Распространение заведомо ложных измышлений, порочащих советский государственный и общественный строй») і накіраваў яго на прымусовае лячэнне ў Казанскі спецыяльны псіхіятрычны шпіталь. Суд праходзіў без прысутнасці абвінавачанага (хаця яго на час суда і адканваіравалі ў Мінск, у следчы ізалятар КДБ), то бок у Зайцава адсутнічала ўсялякая магчымасць абараніць сябе і прадэманстраваць, што ён не хворы.

Паводле звестак самвыдавецкай «Хроники текущих событий», у бальніцы Зайцаву прызначылі ін’екцыі, потым іх адмянілі, і на спатканні 30 жніўня 1979 ён сказаў жонцы, што адчувае сябе добра. Аднак потым яго стан пагоршыўся. Ён практычна не мог чытаць і пісаць. Ад яго сталі прыходзіць лісты з некалькіх няроўных радкоў[6]. У далейшым становішча Зайцава ў спецпсіхбальніцы палепшылася. 9 лістапада 1980 начальнік Казанскай спецпсіхбальніцы К. Свечнікаў звярнуўся ў Вярхоўны суд БССР з прапановай спыніць «лячэнне» Зайцава, але 13 красавіка 1981 Вярхоўны суд БССР вырашыў пакінуць Зайцава ў зняволенні і надалей. 21 снежня 1981 в. а. начальніка Казанскай спецпсіхбальніцы Р. Валітаў накіраваў новы ліст у Вярхоўны суд БССР; суд 18.1.1982 спыніў прымусовае лячэнне і Зайцаў быў вызвалены. Досвед следства і спецпсіхбальніцы ён апісаў у нарысе «Як мяне вучылі любіць савецкую ўладу».

Ён вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да апошніх месяцаў жыцця. Працягваў ездзіць па СССР з лекцыямі. Памёр 19 красавіка 1992 года ва Уладзіміры. Пахаваны тамсама на могілках Улыбашава.

Крымінальная справа ў адносінах да В. Зайцава была спынена Прэзідыумам Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 14.9.1992 пасмяротна.

Творы

  • Поэма Ивана Гундулича «Осман»: Автореферат дис. на соискание учен. степени кандидата филол. наук / Ленингр. гос. ордена Ленина ун-т им. А.А. Жданова. - Ленинград, 1954.
  • Голоса далёких тысячелетий // Нёман. 1966. №12. С. 138-148.
  • Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто / АН БССР, Бел. ком. славистов. Минск, 1967. (Доклады / Междунар. съезд славистов; N 6).
  • Боги приходят из космоса // Байкал. 1967, № 5—6; 1968, № 1.
  • Реформационное движение в Белоруссии и Литве (вторая половина XVI в.) // Философия и право. Доклады XI конференции молодых учёных АН БССР и вузов БССР (февраль 1968 г.) / Под общ. ред. К. П. Буслова. Минск, 1968. С. 391-403.
  • Перадумовы гуманізму на Беларусі // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 2 т. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мінск, 1968. С. 140-160.
  • Францыск Скарына // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 2 т. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мінск, 1968. С. 160-190.
  • Перадумовы гуманізму ў Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 41-67.
  • Ф. Скарына і еўрапейская Рэфармацыя // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 119-136.
  • Ф. Скарына ў Падуі // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. Серыя грамадскіх навук. 1968. №4. С. 98-103.
  • Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма Ивана Гундулича «Осман». Минск, 1969.
  • Судьба белорусского литературного языка после Скорины // Вопросы истории. Тезисы докладов XII конференции молодых учёных Белорусской ССР (ноябрь 1969 г.) / Под общ. ред. Н. Е. Завалеева. Минск, 1969. С. 111-120.
  • Франциск Скорина и гуманистическая мысль в Белоруссии XV—XVI вв.: Автореф. дисс. д-ра филог. н. Минск, 1970.
  • Как меня учили любить Советскую власть // Европейское время (Минск). 1992. №2.

Пераклады

  • Гундулич, Иван. Осман: [поэма] / Перевод, [вступление и комментарии] В. К. Зайцева; [художник Л. И. Усачев; Академия наук Белорусской ССР, Институт литературы им. Я. Купалы]. Минск, 1969.

Зноскі

  1. Космонавты или ангелы? // Советский Союз. 1968. №11. С. 38-39.
  2. Рогов, Александр. О христианских атеистах и Христе-космонавте // Известия. 1969. 21 июня.
  3. Павлов, Савелий. Слово – оружие. О научных основах эффективности печати. Минск, 1970. С. 58-60.
  4. Навіцкі У. Палітычны стан грамадства. Узмацненне фактараў крытычнасці і пратэсту // Гісторыя Беларусі. У шасці тамах. Том шосты. Беларусь у 1946-2009 гг. Мінск, 2011. С. 376.
  5. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 782.
  6. В специальных психиатрических больницах // Хроника текущих событий. Выпуск 54. 15 ноября 1979 г.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be