Гарсіласа дэ ла Вега
Не блытаць з Інка Гарсіласа дэ ла Вега.
Гарсіласа дэ ла Вега (ісп.: Garcilaso de la Vega); каля 1501, Таледа — 14 кастрычніка 1536 г., Ніца) — іспанскі паэт эпохі Адраджэння.
Біяграфія
Гарсіласа дэ ла Вега нарадзіўся ў высакароднай кастыльскай сям’і. З 1510 г. знаходзіўся пры двары Карла Габсбурга. У 1530 г. разам з ім наведваў Балонню, прысутнічаў пры наданні Карлу імператарскага тытула. Яго паэтычны дар упершыню выявіўся пасля захаплення партугальскай дамай Ісабэл Фрэйрэ, якую сустрэў пры двары, і чыя смерць аказала на яго моцнае ўражанне.
Падобна іншым іспанскім рыцарам таго часу, Гарсіласа дэ ла Вега імкнуўся зрабіць ваенную кар’еру. У 1522 г. удзельнічаў у ваеннай экспедыцыі на Родас. У 1523 г. стаў кавалерам ордэна Сант’яга. Пасля 1531 г. з-за невядомых асабістых прычын апынуўся ў высылцы, некалькі гадоў жыў у Неапалі. У 1536 г. быў смяротна паранены падчас аблогі крэпасці Мюі, перавезены ў Ніцу, дзе і памёр.
Творчасць
Захавалася 38 санетаў, 3 эклогі, 2 элегіі, 5 песень і 1 паэтычнае пасланне, складзеныя меркавана ў 1526 — 1535 гг. Толькі 2 творы напісаны на лацінскай мове, астатнія — на іспанскай. Даследчыкі заўважаюць значны ўплыў італьянскай рэнесанснай паэзіі, асабліва твораў Петраркі на яго творчасць. Гарсіласа дэ ла Вега стаў першым іспанскім паэтам, які адаптаваў да іспанскай мовы дзевяціскладовы памер вершаў італьянскіх гуманістаў.
Публікацыі
Усе вядомыя творы Гарсіласа дэ ла Вегі былі апублікаваны пасля яго смерці:
- Las obras de Boscán y algunas de Garcilaso de la Vega — Барселона, 1543
- Obras del excelente poeta Garcilaso de la Vega (з каментарыямі) — Саламанка, 1574
Уплыў
Лічыцца, што творчасць Гарсіласа дэ ла Вегі аказала непасрэдны ўплыў на развіццё гуманістычнай літаратуры ў Іспаніі. Адзін з санетаў паэта быў працытаваны ў «Дон Кіхоце» Мігеля Сервантэса. У кнізе Габрыэля Гарсія Маркеса «Пра каханне і іншых дэманаў» герой Каэтана Дэлора з’яўляецца прыхільнікам Гарсіласа дэ ла Вегі і адмаўляецца ад духоўнага сану з-за трагічнага кахання.
- Першая друкаваная старонка выдання 1544 г.
- Партрэт Гарсіласа дэ ла Вегі на гравюры 1791 г.
- Помнік Гарсіласа дэ ла Веге ў Таледа
Зноскі
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118716344 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
- 1 2 3 4 М. Ватсон Вега, Гарсилассо // Энциклопедический словарь / под ред. К. К. Арсеньев, Ф. Ф. Петрушевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. Vа. — С. 689–690.
- 1 2 3 Ясный В. К. Вега Гарсиласо де ла // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.