Леў Антонавіч Салавей
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Салавей. Леў Антонавіч Салаве́й[1] (21 кастрычніка 1925, Мінск — 3 студзеня 1988) — беларускі перакладчык і крытык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Да Другой сусветнай вайны паспеў скончыць 1-ы курс Мінскага будаўнічага тэхнікума. Пасля вайны працаваў на чыгунцы. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1950). Падчас вучобы працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» і Галоўным упраўленні па справах літаратуры і выдавецтваў пры СМ БССР. З 1950 года — рэдактар, з 1968 — загадчык рэдакцыі перавыданняў і перакладаў выдавецтва «Беларусь». У 1972—1983 гадах — загадчык рэдакцыі перакладной літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1954 года.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1950 годзе. Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій.
Працаваў у асноўным у галіне мастацкага перакладу. Пераклаў на беларускую аповесці Г. Леберэхта «Святло ў Каордзі» (1952), А. Купрына «Алеся» (1970), Г. Маркава «Наказ» (1976), У. Цендракова «Вясеннія пярэваратні» (1977), Ч. Айтматава «Пасля казкі» («Белы параход», 1978), раманы А. Рыбакова «Вадзіцелі» (1953), Дзін Лін «Сонца над ракой Сангань» (1954), С. Спасэ «Афэрдзіта зноў у вёсцы» (1960), Ф. Дастаеўскага «Белыя ночы» (1971), І. Грыгуркі «Канал» (1975), А. Ганчара «Бераг любові» (часопіс «Полымя», 1977), А. Кешокава «Зламаная падкова» (1981), М. Шундзіка «Белы шаман» (1983), аднатомнік выбраных твораў М. Садавяну (1954), «Аповесці» Лу Сіня (1956), аповесці і апавяданні Л. Талстога (1977), «Выбранае» А. Купрына (1985) і інш.
У перакладзе Л. Салаўя з беларускай на рускую выйшлі раманы Р. Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1970) і «Сын» (1973), М. Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» (1971), М. Ткачова «Дыханне агню» (1983), аднатомнікі выбраных твораў А. Марціновіча «Накцюрн» (1969), В. Каваля «Выбранае» (1975), М. Гарэцкага «Чырвоныя ружы» (1976), М. Ваданосава «Надзеі і здзяйсненні» (1979), аповесці Р. Няхая «Туман над стэпам» і «Алёшка-атаман» (1974), П. Кавалёва «Аповесць пра добрае сэрца» (1976), І. Навуменкі «Апошняя восень» (1977), М. Гроднева «Што скажуць людзі» (1978), М. Парахневіча «Маленства мае і тваё» (1978) і інш.
Прызнанне
Узнагароджаны медалямі.
Зноскі
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Саламевіч І. У. Салавей Леў Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 95. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.