Лу Сінь
Лу Сінь (魯迅, сапр. Чжоу Шужэнь, 周树人; 25 верасня 1881, г. Шаасін, Кітай — 19 кастрычніка 1936) — кітайскі пісьменнік, публіцыст і літаратуразнавец.
Біяграфічныя звесткі
Скончыў Горна-чыгуначнае вучылішча ў Нанкіне (1902), вывучаў медыцыну ў Японіі. У 1919—1920 гадах прафесар Пекінскага ўніверсітэта.
Творчасць
Літаратурную творчасць пачаў з рэалістычных, антыфеадальных аповесцей «Дзённік вар’ята» (1918), «Праўдзівая гісторыя А-К’ю» (1921). Пісаў апавяданні (зборнікі «Вокліч», 1923; «Блуканні», 1926), вершы ў прозе (зборнік «Дзікія травы», 1927). Аўтар сатырыка-гераічных казак «Старыя легенды, расказаныя па-новаму» (1936), кніг публіцыстыкі «Вось і ўсё» (1928), «Іншадумец» (1932), «Пра ілжэсвабоду» (1933), літаратуразнаўчых прац «Кароткая гісторыя кітайскай апавядальнай прозы» (1923), «Нарыс гісторыі кітайскай літаратуры» (выд. 1938).
Асноўныя тэмы твораў — жыццё простых людзей і лёс кітайскай інтэлігенцыі, крытыка састарэлых традыцый, канфуцыянства, па словах самога пісьменніка — «людажэрскіх парадкаў», «сямейнага магазіна Канфуцыя». Пісьменнік цаніў апанентаў канфуцыянства — Лаа-Цзы і Мо-Цзы. Самога Лу Сіня называюць апошнім з вялікіх кітайскіх мудрацоў.
Перакладаў еўрапейскіх пісьменнікаў, у тым ліку Жуля Верна, Генрыка Сянкевіча, Гарыет Бічэр-Стоу, Вальтэра Скота, Байрана, Шэлі, Шандара Пецёфі, Адама Міцкевіча, Пушкіна, Гогаля («Мёртвы душы»), Усевалада Гаршына, Чэхава, Леаніда Андрэева, Яўгена Чырыкава, Максіма Горкага, Аляксандра Фадзеева, Л. Панцялеева і Рыгор Бялых («Рэспубліка Шкід»). Яго пераклад «Заповіту» Тараса Шаўчэнкі паклаў пачатак знаёмству кітайскага чытача з украінскай літаратурай. Перакладаў таксама навуковыя працы у тым ліку Томаса Гекслі, Джона Міля.
Творчасць Лу Сіня высока цанілі Мао Цзэдун, Хо Шы Мін, Кім Ір Сен. Адзначаюць яго уплыў на творчасць нобелеўскіх лаўрэатаў Мо Яня, Кэндзабура Оэ. Сам Лу Сінь незадоўга да смерці таксама быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Яго творчасць папулярна ў Кітаі, В’етнаме, Японіі. На Тайвані творы пісьменніка доўгі час былі забаронены з-за левых поглядаў.
Бюст пісьменніка зрабіў беларускі скульптар Заір Азгур.
Беларускія пераклады
На беларускую мову яго асобныя творы пераклаў Леў Салавей.
- Апавяданні / Перакл. з кіт. Л. Салавей. — Мн., 1956.
Зноскі
- ↑ Lu Xun // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Lu Xun // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Лу Синь // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Лу Синь // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
Літаратура
- Баршчэўскі Л. Лу Сінь // БЭ ў 18 т. Т. 9. — Мн., 1999.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лу Сінь