wd wp Пошук:

Лявон Савёнак

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Савёнак. Лявон Савёнак (пс. Лявон Крывічанін, Леанід Свэн; 26 чэрвеня 1897, в. Вялец, цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць — 21 лютага 1974, Памона, штат Нью-Джэрсі, ЗША) — беларускі празаік , журналіст, перакладчык і грамадскі дзеяч. Сябра Рады БНР і Беларускай незалежніцкай партыі.[1]

Біяграфія

Нарадзіўся 26 чэрвеня 1897 года ў в. Вялец у Расійскай імперыі (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць) у сям’і Вікенція (1865—1898) і Вольгі (1869—1962) Савёнкаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Глыбокім, куды пераехаў разам з маці і старэйшымі сёстрамі, Анютай і Ксеняй. Пасля смерці бацькі ў 1898 г. паступіў ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, дзе вучыўся разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Пятром Мятлом, Міхасём Чаротам і іншымі, і якую скончыў у 1917 годзе. Пасля семінарыі два гады вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу.

У 1922 годзе разам з групай глыбоцкіх настаўнікаў пераехаў у Мінск, дзе пазнаёміўся і ажаніўся ў з настаўніцай Апалоніяй Радкевіч. У тым жа годзе нарадзіўся сын Лёдзік. У 1927 годзе нарадзілася дачка — будучая вядомая беларуская свету даследчыца Зора Кіпель. У хуткім часе пачаў працаваць у тады яшчэ беларускамоўнай газеце «Савецкая Беларусь», куды быў пакліканы Усеваладам Ігнатоўскім. Лявон Савёнак многа ездзіў па Беларусі, пісаў рэпартажы і фельетоны. Алесь Дудар расказваў пра атмасферу ў газеце так: «мала падобна была да атмасферы савецкай газеты. Адчувалася, што большасць супрацоўнікаў аддае сваю працоўную сілу і гэтым абмяжоўваецца: погляды ж свае разглядае як нешта асобнае, незалежнае ад той справы і ад тых прынцыпаў, якія праводзіла газета. Праўда, ніякіх антыпартыйных і антысавецкіх гутарак не было, але адчувалася і само сабой разумелася, што партыя сама па сабе, а „Савецкая Беларусь“ сама па сабе». 27 чэрвеня 1929 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б У. Затонскі, які ўзначальваў камісію па праверцы нацыянальнай работы ў БССР, абвінаваціў газету «Савецкая Беларусь» ў нацыянал-дэмакратызме. У лютым 1929 года Лявон Савёнак быў вымушаны сысці з працы і працаваць на будоўлі, на заводзе «Ударнік». У той самы год пад псеўданімам Леаніда Свэна выдаў збор фельетонаў «Чароўная іголка». У бібліятэках напачатку каталагізавалі тую кнігу як пераклад шведскага аўтара. Але аўтарства хутка высветлілі і 3000 тыражу было знішчана. З ліпеня 1932 — стыльрэдактар навукова-тэхнічнага выдавецтва.

У 1933 Савёнак арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: рэпрэсіі па гэтай справе пачаліся ў 1930—1931 гадах і да 1 лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек. 15 студзеня 1934 года Калегія ГПУ вынесла прысуд: 5 гадоў турмы. Лявон Савёнак сваёй віны не прызнаў. Тэрмін адбываў спачатку ў Паўднёвай Сібіры, а потым у Алтайскім краі. Там працаваў на будоўлях, цесна сышоўся з мінскімі сіяністамі, моцна згрупаванымі і якіх было даволі шмат: яны добра паставіліся да беларускага нацыяналіста, прапанавалі свае сувязі і дапамогу. Ён пачаў аб’ядноўваць вакол сябе беларусаў, але нехта данёс і ў выніку Лявона Савёнка перавялі ў штрафныя калоны, а сіяністаў раскідалі па розных лагерах.

Па вызваленні ў 1939 годзе вярнуўся ў Беларусь. Не меў дазволу жыць у Мінску. Працаваў настаўнікам у ваколіцах Крычава і Мінску. З пачаткам нямецкай акупацыі летам 1941 разам з іншымі мужчынамі Мінску быў інтэрнаваны. Некалькі тыдняў адседзеў на Камароўскіх балотах пад Мінскам. Падчас другой беларусізацыі пачаў працаваць журналістам у «Беларускай газеце», дзе друкаваўся найбольш вядомы твор — сатырычнае адлюстраванне жыцця шараговага беларуса пад акупацыяй — «Дзённік Ів. Ів. Чужанінава». Далучыўся да мінскай суполкі падполля Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнічаў у арганізацыйным сходзе мінскай групы БНП у верасні 1941 г. Пад канец сакавіка 1944 г. Янка Ліманоўскі, кіраўнік рэпертуарнай секцыі Беларускага культурнага згуртавання, запрасіў Лявона Савёнка напісаць лібрэта і ажыццявіць пастаноўку камічнай оперы «Тарас на Парнасе». Але часу не хапіла, таму не ўдалося аднавіць ні часопіс «Узвышша», ні оперу «Тарас на Парнасе» — апошні запіс у сшытку напрацовак быў такі: «Калі на „Узвышша“ ўсходзілі 5 месяцаў, дык на Парнас пры такіх тэмпах можна залезці за тры гады». Пра сваё жыццё пад нямецкай акупацыяй Лявон Савёнак застаўляў рэдкія запісы ў сшытку:

«28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.

29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. „Герой“, які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.

— Навесілі!

— На нас?

— На нас.

30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік) ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) — толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз».

Выехаў у Германію. Пасля Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў беларускім лагеры для перамешчаных асоб у Міхельсдорфе. Зімой 1947 г. быў заснаваны лагер ДП Остэрхофен, дзе пасяліліся больш за 400 беларусаў, сярод якіх быў і Лявон Савёнак. Там разам з Станіславам Станкевічам, Антонам Адамовічам, Міколай Равенскім ды Апалоніяй Савёнак стварыў беларускі цэнтр. У 1947 г. стаў адным з заснавальнікаў і першым рэдактарам газеты «Бацькаўшчына», першы нумар якой выйшаў 31 кастрычніка 1947 года. Дапамагаў у выданні першага нумару часопіса «Сакавік»: ідэя новага часопіса паўстала калі Антон Адамовіч даведаўся, што ў Лявона Савёнка захавалася поўны варыянт гістарычнай драмы Каруся Каганца «Сын Даніла» — у адрозненне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 годзе ў газеце «Беларусь». У тым жа часопісе быў змешчаны і пачатак «Дзённіка Чужанінава», які атрымаў новую назву — «Запіскі эмігранта». З 24 лютага 1947 г. працаваў дырэктарам Беларускай гімназіі ў лагеры Остэргофен. Выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых. У тым жа годзе стаў сябрам Рады БНР.

З лагеру Остэргофен разам з сям’ёй пераехаў у Розенгайм. Там разам з жонкай працягваў выкладаць у гімназіі. Часта ездзіў у Мюнхен, дзе інтэнсіфікавалася палітычнае жыццё антыкамуністычнай эміграцыі з СССР. Цесна супрацоўнічаў з украінскай газетай «Украіньскі Вісті» і рэдактарам Іванам Баграным. Прыклаў немалыя намаганні да правядзення 4-5 чэрвеня 1948 года ў Французскай зоне акупацыі ў горадзе Канстанцы з’езда праваслаўных беларусаў. З’езд праваслаўных беларусаў, у якім удзельнічаў і Лявон Савёнак, стаўся вырашальным у адраджэнні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Быў адным з лідараў партыі «Аб’яднаньне беларускіх нацыянал-дэмакратаў», якая дзейнічала ў Заходняй Германіі і ЗША з другой паловы 1940-х да 1950-х гадоў.

Пераехаў у ЗША ў 1950 г. У ЗША працягваў займацца грамадскай дзейнасцю беларускай эміграцыі. У 19521954 гадах у Радзе БНР адбыўся раскол, у выніку якога Лявон Савёнак разам з іншымі стварыў фракцыю «Асцярожнага супрацоўніцтва з Амерыканскім камітэтам», якая заявіла, што незалежнасць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе, і на пазіцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амерыканскім камітэтам вызвалення ад бальшавізму» супрацоўнічаць не можа. Быў створаны механізм для перавыбараў Прэзідыуму і прэзідэнта, Лявон Савёнак быў абраны старшынёй камісіі па падрыхтоўцы рэферэндуму, але ў выніку перамагла група Міколы Абрамчыка. Лявон Савёнак рэдагаваў газету «Беларус», уваходзіў у камісію для перакладу на беларускую мову Бібліі, даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derrièrele Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950), апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР, якая не захавалася. Сведчыў перад Камісіяй Керстана аб Савецкіх канцлагерах. 16 жніўня 1956 г. рэабілітаваны КДБ СССР. Адышоў ад дзейнасці Рады БНР, стаў адным з ініцыятараў стварэння Камітэта незалежнай Беларусі, стаў сябрам Цэнтральнага камітэту Аб’яднання беларускіх нацыянал-дэмакратаў. У 1960-я гады адышоў ад палітычнай і грамадскай дзейнасці, жыў на сваёй ферме.

Памёр 21 лютага 1974 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку(англ.) бел., Нью-Джэрсі.

Творы

  • Чароўная іголка, 1929, Менск (пс. Леанід Свэн)
  • Беларусізацыя пад №…, 1998, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, (пс. Лявон Крывічанін)

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  • Міхнюк, У. Савёнак Леанід Вікенцьевіч / Уладзімір Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 199. — ISBN 985-11-0214-8.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі XX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be