wd wp Пошук:

Максім Тадэевіч Рыльскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рыльскі. Максі́м Тадэ́евіч Ры́льскі (укр.: Максим Тадейович Рильський; 7 сакавіка (19 сакавіка) 1895, Кіеў — 24 ліпеня 1964, Кіеў) — украінскі паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч, акадэмік АН Украіны.

Біяграфія

Бацька Максіма, этнограф, грамадскі дзеяч і публіцыст Тадэвуш-Томаш-Збігнеў Рыльскі, быў сынам памешчыка Разяслава-Кароля-Тэадора-Яна Рыльскага і княгіні Трубяцкой. Адзін з продкаў Рыльскіх у XVII стагоддзі быў кіеўскім гарадскім пісарам. Прапрадзед Рамуальд быў вучнем базыльянскай школы і пад час захопу Умані гайдамакамі ў 1768 годзе ледзь не загінуў.

Маці Максіма, Мяланія Фёдараўна, была простаю сялянкаю з вёскі Раманаўка (цяпер у Папяльнянскім раёне Жытомірскай вобласці).

У 1902 памёр бацька Максіма, і сям’я пераехала з Кіева ў Раманаўку. Максім спярша навучаўся ў хатніх умовах, пасля (з восені 1908 года) ў прыватнай гімназіі ў Кіеве.

Змалку пазнаёміўся з кампазітарам Міколам Лысенкам, этнографам, даследчыкам і збіральнікам украінскіх народных дум і песняў Дзмітром Равуцкім, акцёрам і рэжысёрам Панасам Саксаганскім, этнографам і фалькларыстам Аляксандрам Русавым, якія аказалі на яго вялікі ўплыў. Пэўны час ён жыў і выховываўся ў сем’ях Лысенкі і Русава.

Пасля прыватнай гімназіі Навуменкі Рыльскі навучаўся на медыцынскім факультэце Кіеўскага ўніверсітэта Св. Уладзіміра, потым на гісторыка-філалагічным факультэце Народнага ўніверсітэта ў Кіеве, заснаваным за гетманам Паўла Скарападскага, але з-за бальшавіцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ніводнага з іх не скончыў. Займаўся самаадукацыяй, вывучэннем моў, музыкаю.

У 1919—1929 — настаўнічаў у вёсцы, у прыватнасці ў Раманаўцы, а таксама ў кіеўскай чыгуначнай школе, на рабфаку Кіеўскага ўніверсітэта і ва Украінскім інстытуце лінгвістычнай асветы.

Рыльскі пачаў пісаць рана, першы яго верш надрукаваны ў 1907, першы юнацкі зборнік паэзіі «На белых астравах» выйшаў у 1910 годзе. Першым ужо зрэлым, што вызначыла з’яўленне выдатнага паэта, быў зборнік «Пад восеньскімі зорамі» (1918).

У 1920-х Рыльскі належаў да мастацкай групоўкі «неакласікаў», пераследаванага афіцыйнай крытыкай за дэкадэнцтва і адарванасць ад сучасных патрэбаў сацыялістычнага жыцця. Цягам дзесяцігоддзя выйшла дзесяць кніжак паэзіі, сярод якіх «Сіняя далячынь» (1922), «Паэмы» (1925), «Скрозь буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Гоман і адгоман», «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929), і некалькі кніг паэтычных перакладаў, у прыватнасці ў 1927 годзе — пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Як і рэшта неакласікаў, Рыльскі безпасярэдне сваей творчасцю не рэагаваў на палітычныя падзеі і цягам 1920-х гадоў цалкам ізаляваўся ад савецкай рэчаіснасці, толькі час ад часу ў адкрытай форме (напрыклад, у вершы «На свеце ёсць пявучы Лянгедок») чы ў выглядзе іранічных «водступаў» (як у «Чумаках» чы паэме «Сашко») выяўляў абурэнне ідэйна-палітычнай і літаратурнай атмасферай, што панавала тады (напрыклад, у артыкуле «Мая апалогія, альбо самаабарона», «Бальшавік», Кіеў, ч. 216, 23 верасня 1923). Такія паводзіны паэта выклікалі вострыя напады афіцыйнае крытыкі, што ўрэшце скончылася арыштам НКУС у 1931, пасля чаго ён амаль год прасядзеў у Лук’янаўскай турме. Пасля вызвалення Астап Вішня забраў яго да сябе ў Харкаў на некалькі дзён у госці. Яго таварышы-неакласікі Міхайла Драй-Хмара, Паўло Філіповіч, Мікола Зэраў былі рэпрэсаваны і загінулі ў канцлагерох.

Пасля зняволення творчасць Рыльскага змянілася, і ў зборніку «Знак вагаў» (1932) ён абвясціў актыўнае ўспрыняцце савецкай дзейнасці, дзякуючы чаму адзіным з неакласікаў уратаваўся ад сталінскага тэрору і быў залічаны ў лік афіцыйных савецкіх паэтаў. яго творчасць падзялілася на два рэчышчы — афіцыйнае і лірычнае, у апошнім яму ўдавалася ствараць незалежныя ад палітыкі, чыста мастацкія творы, якія перажылі яго. Аднак гэта не замінала савецкім органам «прафілактычна» яго шарсціць. Напрыклад, у кастрычніку 1947 «Савецкая Украіна» апублікавала артыкул «Пра нацыяналістычныя памылкі М. Рыльскага», дзе вінаваціла яго ў «буржуазным аб’ектывізме, адсутнасці бальшавіцкай партыйнасці і забыцці ісціны, што зместам савецкай ідэалогіі і культуры была бальшавіцкая ідэйнасць… не авалодаў асновамі марксісцка-ленінскага светапогляду… не пазбыўся ўплыву буржуазна-нацыяналістычнай ідэалогіі.»

У савецкую эпоху Рыльскі напісаў трыццаць пяць кніжак паэзіі, найлепшыя сярод якіх — «Знак вагаў» (1932), «Лета» (1936), «Украіна», «Збор вінаграду» (1940), «Слова пра родную маці», «Ружы і вінаград» (1957), «Галасіеўская восень», «Зімовыя запісы» (1964); чатыры кніжкі ліра-эпічных паэм, багата перакладаў са славянскіх і заходнееўрапейскіх літаратур, навуковыя працы па мовазнаўстве і літаратуразнаўстве. У 1943 быў абраны акадэмікам. У 1944—1964 гадах Максім Рыльскі быў дырэктарам Інстытуту мастацтвазнаства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. У 1960 яму была прысуджана Ленінская прэмія, у 1943, 1950 — Дзяржаўная прэмія СССР.

Памёр Максім Тадэевіч Рыльскі 24 ліпеня 1964 года. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках.

Ушанаванне памяці

Творы

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 3 Рыльский Максим Фадеевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.

Літаратура

  • Віра Агеєва. Мистецтво рівноваги. Максим Рильський на тлі епохи. — Київ: видавництво «Книга», 2012. — 391 с ISBN 9789668314667

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Пісьменнікі-сацрэалісты Катэгорыя·Перакладчыкі лібрэта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be