Марына Міхайлаўна Казлоўская
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Казлоўская. Марына Міхайлаўна Казлоўская (нар. 1982, Мінск) — літаратуразнавец, перакладчыца.
Біяграфія
Скончыла Ліцэй БДУ (1999), БДУ (2004) і аспірантуру пры ім (2007). Кандыдат філалагічных навук. Зараз працуе выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Ліцэі БДУ.
Дэбютавала ў якасці перакладчыцы са зборнікам перакладаў паэзіі Тадэвуша Ружэвіча «Без» (2012, выд. З. Коласа). Яе пераклад был намінаваны на прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2012) і часопіса «ПрайдзіСвет» у катэгорыі «Паэзія» (2013)
Перакладае паэзію Збігнева Херберта, Тадэвуша Ружэвіча, Станіслава Бараньчака, Віславы Шымборскай. У 2008 годзе ў анталогіі «Галасы з-за небакраю»[1] апублікаваны яе пераклады 29-га і 117-га санетаў У. Шэкспіра. 20 сакавіка 2015 года ў Тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля па п’есе Антона Паўлавіча Чэхава «Чайка»[ru] ў яе перакладзе.[2]
Таксама пераклала п’есы «Каханне як мілітарызм» (2016) і «Ураджай» (2019) для Тэатра імя Янкі Купалы.
У лістападзе 2015 года ў выдавецтве «Логвінаў» выйшаў дэтэктыў «Доля Праўды» Зыгмунта Мілашэўскага[ru] ў перакладзе Марыны Казлоўскай. Акрамя таго, была адным з перакладчыкаў на беларускую мову кнігі «Знахар» Тадэвуша Далэнга-Мастовіча (2016), кнігі «На розныя галасы» (анталогія сучасная польскай драматургіі) (2019), «Пасланне Пана Когіта: выбраныя вершы і п’есы» і «Варвар у садзе: выбраная эсэістыка» Збігнева Герберта (абедзве 2020).
Рэдактар перакладаў на беларускую мову кнігі Дэвіда Пэрыша «Цішоткі і Пінжакі. Дапаможнік па творчым бізнесе» (2017), Ігната Карповіча «Сонька» (2018), Міхаіла Вешыма «Англійскі сусед» (2019) і «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага (2018—2019).
Удзельнічала ў праекце «Рэзідэнцыя маладога літаратара» у лістападзе 2016: «Я не ўпершыню патрапіла ў Вільню, але ўпершыню прысутнічала ў ёй настолькі доўга, каб, нікуды не спяшаючыся, пасмакаваць горад, дзе нараджалася літаратура, якую я вельмі люблю.
Здавалася б, дарослая цётка, хутка 35! Але я абсалютна па-дзіцячы захоплена штодня адкрывала для сябе беларускую Вільню, п’ючы каву ў доме, куды на працу хадзіў Янка Купала і жыў Францішак Аляхновіч, трапляючы ў дворык, дзе рабілася „Наша ніва“ ці выкладаў Максім Гарэцкі. Горад, які ўсё гэта памятае».
(са старонкі Беларускага Пэн-цэнтра)
Зноскі
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыюс 2008. — 896 с. 1000 ас.
- ↑ http://kupalauski.by/teatr/news/seagull-rehearsals-started/
Спасылкі
- https://elib.bsu.by/handle/123456789/90985 - праца па навэле «Ладдзя роспачы» Ул. Караткевіча, сааўт. з Ганнай Бутырчык
- https://elib.bsu.by/bitstream/123456789/153006/1/Буты(недаступная+спасылка).. - праца па рамане «Каласы пад сярпом тваім» Ул. Караткевіча, сааўт. з Ганнай Бутырчык
- http://elib.bsu.by/handle/123456789/91145 - праца па дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» Ул. Караткевіча, сааўт. з Ганнай Бутырчык
Медыярэсурсы
- (https://youtu.be/hJpQQ57dzjg на YouTube) — інтэрв’ю М. М. Казлоўскайдля праекта «БДУ ў тварах» (2019) — на платформе «Ютуб»
- https://youtu.be/UON6DbwotS8 на YouTube) — інтэрв’ю М. М. Казлоўскай для канала Ліцэя БДУ «Торт» (2020)
- (https://youtu.be/iUpe__gx4YY на YouTube) — запіс дыскусіі «Што застанецца ад беларускага літаратурнага канона?» (Г. Севярынец, А. Бахарэвіч, А. Бязлепкіна-Чарнякевіч) з фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», мадэратарка М. М. Казлоўская (2020)