wd wp Пошук:

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак (польск.: Stanisław Barańczak; 13 лістапада 1946, Познань — 26 снежня 2014, Ньютанвіль) — польскі паэт, літаратураны крытык, перакладчык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Познані. У 1965 годзе пасля заканчэння ліцэя паступіў на аддзяленне паланістыкі Універсітэта імя Адама Міцкевіча. Падчас навучання кіраваў студэнцкім тэатрам Восьмага Дня, быў сябрам літаратурнай суполкі «Спробы» (Próby, 1964—1968).

У 1968 годзе стаў навуковым супрацоўнікам кафедры тэорыі літаратуры Інстытута польскай філалогіі. У 1973 абараніў дысертацыю, прысвечаную творчасці Мірона Бялашэўскага.

У 1976 годзе выступіў адным з заснавальнікаў Камітэта абароны рабочых — арганізацыі, якая адыграла значную ролю ў барацьбе з таталітарызмам. У лютым 1977 на заказным судовым працэсе Станіслаў Бараньчак, абвінавачаны ў хабарніцтве, быў асуджаны на адзін год пазбаўлення волі ўмоўна, звольнены з працы і афіцыйна пазбаўлены права друкавацца. Пасля суда выкладаў у падпольным Лятучым універсітэце, створаным, каб распаўсюджваць свабодныя ад цэнзуры гуманітарныя веды. З 1980 года — актыўны дзеяч Салідарнасці.

У сакавіку 1981 году выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі чытаць лекцыі пра польскую літаратуру. Пасля ўвядзення ваеннага становішча застаецца ў Амерыцы. Выкладаў славістыку ў Гарвардскім універсітэце. Жыў у Ньютанвілі, штат Масачусетс.

Творчасць

Дэбютаваў у 1965 годзе ў штомесячніку «Одра» (Odra). Першая паэтычная кніга Станіслава Бараньчака «Карэкцыя твару» (Korekta twarzy) выйшла ў 1968 годзе і стала адным з маніфестаў Пакалення’68 — Новай Хвалі (Nowa Fala). Прадстаўнік лінгвістычнага крыла Новай Хвалі, Станіслаў Бараньчак засяроджвае ўвагу на праблеме ісціны ў таталітарным грамадстве, звязанай з функцыянаваннем мовы як інструмента маніпулявання калектыўнай свядомасцю. На яго думку, задача паэзіі заключаецца ў выкрыцці сфальсіфікаванай газетнай рэчаіснасці і фармаванні ў чытача новай свядомасці, заснаванай на самастойным мысленні (Parę przypuszczeń na temat poezji współczesnej, 1970).

Станіслаў Бараньчак — аўтар манаграфій, прысвечаных польскай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя: «Іронія і гармонія. Нарысы пра найноўшую польскую літаратуру» (Ironia i harmonia. Szkice o najnowszej literaturze polskiej, 1973), «Недаверлівыя і саманадзейныя: Рамантызм і класіцызм ў маладой паэзіі шасцідзясятых гадоў» (Nieufni i zadufani. Romantyzm i klasycyzm w młodej poezji lat sześćdziesiątych, 1972), «Этыка і паэтыка» (Etyka i poetyka, 1979), «Недзеяздольны чытач. Пераконванне ў масавай літаратурнай культуры ПНР» (Czytelnik ubezwłasnowolniony. Perswazje w masowej kulturze literackiej PRL, 1983), «Уцякач з Утопіі. Пра паэзію Збігнева Герберта» (Uciekinier z Utopii. O poezji Zbigniewa Herberta, 1984), — а таксама даследавання тэорыі і практыкі паэтычнага перакладу — «Уратаванае пры перакладзе: нарысы пра майстэрню перакладчыка паэзіі з дадаткам малой анталогіі праблемных перакладаў» (Ocalone w tłumaczeniu: szkice o warsztacie tłumacza poezji z dodatkiem małej antologii przekładów-problemów, 2004).

Перакладчык твораў Уільяма Шэкспіра, Джона Дона, Джорджа Герберта, Эмілі Дзікінсан, Элізабет Бішап, Джона Кітса, Шэймаса Хіні, Роберта Фроста, Томаса Стэрнза Эліята, Уістана Х’ю Одэна, Томаса Хардзі, Дылана Томаса, укладальнік чатырох анталогій паэзіі: «Анталогія ангельскай метафізічнай паэзіі XVII стагоддзя» (Antologia angielskiej poezji metafizycznej XVII stulecia, 1991), «Каханне — гэта ўсё, што існуе: 300 найвядомейшых ангельскіх і амерыканскіх мілосных вершаў» (Miłość jest wszystkim, co istnieje: 300 najsławniejszych angielskich i amerykańskich wierszy miłosnych, 1992), «З Табой — значыць з Усім: 222 шэдэўры ангельскай і амерыканскай рэлігійнай лірыкі» (Z Tobą więc ze Wszystkim: 222 arcydzieła angielskiej i amerykańskiej liryki religijnej, 1992), «Ад Уолта Уітмэна да Боба Дылана: анталогія амерыканскай паэзіі» (Od Walta Whitmana do Boba Dylana — antologia poezji amerykańskiej, 1998) «Фіялетавая карова: анталогія ангельскай і амерыканскай несур’ёзнай паэзіі» (Fioletowa krowa: antologia angielskiej i amerykańskiej poezji niepoważnej, 2007).

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119229129 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 6 мая 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119229129 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 20 снежня 2014.
  4. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119229129 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты Польшчы Катэгорыя·Перакладчыкі Польшчы Катэгорыя·Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на польскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be