wd wp Пошук:

Міхась Багун

Вокладка кнігі М. Багуна
Вокладка кнігі М. Багуна

Міхась Багун, сапр. Міхаіл Фёдаравіч Блошкін (9 лістапада 1908, Мінск — 17 лютага 1938; Іншыя псеўданімы і крыптанімы: Асака М; Багунец; М. Б.; Міх. Б.; Баг.) — беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Біяграфія

Скончыў курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1928). 3 1929 настаўнічаў у в. Рожна Бягомльскага раёна. У 1931-32 працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына». У 1932 вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў стыльрэдактарам Белдзяржвыдавецтва, у 1935-36 літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва»[1].

Арыштаваны 4 лістапада 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знясілены і хворы памёр у перасыльным лагерным пункце. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29 снежня 1954 года. У Гродне, на Праваслаўных могілках (паблізу Фарных каталіцкіх могілак) на магіле яго маці, Веры Блошкінай, устаноўлены кенатаф з партрэтам паэта.

Творчасць

Пачаў друкавацца ў 1925 годзе. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная, у сваёй рамантычнай творчасці адгукаўся на падзеі ў краіне (зборнікі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некаторыя вершы напісаны пад уплывам У. Маякоўскага[1]. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нацыянальна-рэвалюцыйную вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на беларускую мову раманы М. Астроўскага «Як гартавалася сталь(руск.) бел.» (1936), Л. Первамайскага(руск.) бел. «Ваколіцы» (1931, са З. Астапенкам), Ф. Панфёрава(руск.) бел. «Брускі» (1932, з Т. Кляшторным), вершы А. С. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і інш[1].

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, шырока вядомыя ў народзе, увайшлі ў фальклорныя запісы. Займаўся перакладамі з рускай мовы.

Бібліяграфія

  • Выбранае. — Мн., 1961.

Зноскі

  1. 1 2 3 Багун Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 37. — 737 с..

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be