wd wp Пошук:

Тодар Кляшторны

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кляшторны. То́дар То́даравіч Кляшто́рны (11 сакавіка 1903, в. Парэчча, цяпер Лепельскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь — 29/30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКУС) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфія

Тодар Кляшторны. Турэмны здымак

Пасля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Оршы. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае згуртаванне ТАВІЗ[1]. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў пакой Тодара Кляшторнага часта быў месцам сяброўскіх сустрэч пісьменнікаў. Як адзначаў Максім Лужанін, у ганарарныя дні паэт ініцыяваў сяброўскія бяседы «на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана «Еўропа»[2]. У апошні раз сваю родную вёску Парэчча Тодар Кляшторны наведаў улетку 1936 года.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску па адрасе вуліца Фабрычная, дом 10/4, кватэра 7. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 29 кастрычніка 1937 года а 11:00 як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года[3].

Жонка паэта

Быў жанаты з Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909—1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК[3]. Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтэсу, Весналіну і Маю, адну з кіраўнікоў Мартыралога Беларусі[4].

Творчасць

Друкавацца пачаў у 1925 годзе ў часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм» (1934).

Тодар Кляшторны — аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў («Ліст да дзяўчыны», «Ліст у Сібір»), вершаў, блізкіх да народнай творчасці («Бачу і чую — чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына», «Там за гарамі не воўкі завылі», «На Усходзе Дальнім, на палях Кітая»), твораў публіцыстычнай скіраванасці («Лукішкі»), байкі («Чужыя дзеці»), пародыі («Вольны запіс прамовы аднаго пісьменніка на пленуме ССП», пародыя на Кандрата Крапіву «Дзед і Баба»), эпіграмаў («Нашым крытыкам: “Сяўбовае, сяброўскае”»)[5].

Аўтар паэмаў «Калі асядае муць» (1927), «У дарозе» (1927; паэма ўвайшла ў зборнік «Светацені»[6]), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сляды дарог» (1932), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933) і «Радзіма» (1934). На думку Міхася Мушынскага, гэта былі вершы-подступы да жанру паэмы[5].

Аўтар апавяданняў («Праз куламесіцу часу», 1926) і нарысаў («Нашы межы непарушныя», 1933; «Уся справа ў людзях», 1934 і іншыя).

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» Карала Ванека(бел. (тар.)) бел. (у суаўтарстве з Змітраком Астапенкам, 1932), раман Фёдара Панфёрава «Брускі» (у суаўтарстве з Міхасём Багуном, ч. 1, 1932), «Песню Чырвонай Арміі» Паўло Тычыны (1934), «Ленін» Валерыя Брусава (1934), «Любімец партыі» Віктара Гусева (1934) і асобныя творы Ізі Харыка, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альбэрці, А. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы Уладзіміра Маякоўскага «На ўвесь голас»[7].

Творы Тодара Кляшторнага перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і Мікола Равенскі напісалі песні.

Ацэнкі

Літаратурнае аб'яднанне «Маладняк». Першы ўнізе — Тодар Кляшторны. Менск, 1927 г.
Літаратурнае аб'яднанне «Узвышша». Тодар Кляшторны чацвёрты справа ў верхнім радзе

Многія творы Тодара Кляшторнага пры яго жыцці станавіліся аб’ектамі нападаў з боку абаронцаў партыйна-класавага падыходу да мастацтва: крытыка ўшчувала аўтара за неадпаведнасць ідэалагічным запатрабаванням эпохі, наяўнасць упадніцтва, песімізму, ясеніншчыны, паэтычнай вольніцы, збродніцтва і багемнага стаўлення да свету[8]. Крытык Я. Калядны ў рэцэнзіі на першую кніжку Кляшторнага пісаў: «трошкі асобна стаіць Кляшторны. У яго часта — шаблоннасць, штампы, асабліва ў вобразах. І змест у яго асаблівы. Ён захістаўся і затужыў ад гэтага. Ён на раздарожжы»[9]. У 1928 годзе Алесь Гародня ў рэцэнзіі на зборнік «Светацені» канстатаваў прасякнутасць «меланхалічнымі настроямі» ўсёй творчасці паэта, называў «эстэтнічанне» яе характэрнаю рысаю, а ключавыя вобразы тыпу «ружовыя шклянкі», «наліўкі ледзяныя» і інш. — «спадчынай багемшчыны»[10]. У 1930 годзе на выхад зборніка «Ветразі» С. Куніцкі ў часопісе «Маладняк» адзначыў поўны разрыў лірычнага героя Тодара Кляшторнага з грамадскім жыццём: «Усе настроі…, камбінуюць адзін вобраз, вобраз чалавека, які падчас губляе ўсякі сэнс жыцця, губляе ўсякую зацікаўленасць жыць»[11]. Крытык Лукаш Бэндэ пісаў пра Кляшторнага як пра «пілікаючага лірніка», чые «мінорныя гукі пілікання, нікому не патрэбны»[12].

Крытык Саламон Левін у палымяным артыкуле «На наш бераг» прыпісвае паэту звужанасць і індывідуалістычнасць перажыванняў, імпрэсіянізм пейзажных малюнкаў і «эстэтычны алкагалізм»[13]. Левін называе паэму «Калі асядае муць» «упадніцкім, песімістычным, шкодным» творам і перакрэслівае паэмы «Пракседа» і «Беларусь»[13]. Як адзначае Ірына Багдановіч, менавіта Саламон Левін адзначыў імпрэсіяністычную манеру пісьма Тодара Кляшторнага, разуменне ім паэзіі як містычнай сілы, прыхільнасць да падсвядомага пазнання рэчаіснасці і важнасць суб’ектыўных перажыванняў[14]. Ізідор Плашчынскі ў артыкуле «Праз муту жыцця да гоману палёў» адзначае, што «Кляшторны не прынёс адразу ў літаратуру энергічнага спеву захаплення ад стварэння новых форм жыцця», падкрэсліваючы, што «паэзіі Тодара Кляшторнага характэрна тое, што ў ёй няма цвёрдай лініі»[15]. На думку крытыка, своеасаблівасць творчасці аўтара заключаецца «ў скрыжаванні сілы і бяссілля, у падваенні, якое змяшчае падчас у сабе самыя процілеглыя моманты»[15]. Пра паэму Тодара Кляшторнага «Калі асядае муць» Саламон Левін, Алесь Гародня, Арэст Канакоцін, Лукаш Бэндэ і іншыя пісалі, што гэта ідэйна заганны, упадніцкі, дэкадэнцкі твор і аўтар яго сам з’яўляецца дэкласаваным элементам (героі паэмы атаясамляліся з аўтарам і расцэньваліся як ворагі сацыялізму)[16]. Крытык А. Цітоў лічыў паэму апагеем прыхільнасці паэта да багемы[17].

Адам Бабарэка наступным чынам ахарактарызаваў другі зборнік Тодара Кляшторнага: «Светацені — па агульнаму уражанню ад іх твораў — гэта спакойна-задуменнае дзіваванне зменлівасцю, якая пазнана паэтам у быцці, як свайго роду абсалютны закон жыцця. Як ілюстрацыі гэтай зменлівасці, адчутай і перажытай паэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы Светаценяў»[18].

На думку М. Мішчанчука, Тодар Кляшторны не змог супрацьстаяць таталітарнаму націску і здрадзіў сваёй ранняй манеры пісьма, адышоў ад маляўнічасці і двухстыльнасці (вершы «Рыжы, но…», «У вёсцы», «Так было раней») і стаў пісьменнікам натуралістычнага плану, фактографам[19], перайшоўшы на шлях рытарычнага, гучнага, шаблоннага гладкапісу[16]. На думку Міхася Мушынскага, творы паэта 1930-х сведчаць пра паспяховасць спробаў дэфармаваць прыродныя схільнасці Тодара Кляшторнага як паэта-лірыка і штурхнуць яго на шлях дэкламацыйна-пафаснага апявання радасці жыцця і поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва[8].

Як адзначае Міхась Мушынскі, пасляваенныя выданні літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага (1960, 1970, 2003) ілюструюць цяжкасці вызвалення крытычнай думкі ад ідэалагічных напластаванняў 1930-х і спрошчаных вульгарызатарскіх ацэнак[8]. На думку даследчыка, у літаратурна-крытычных ацэнках складальнікаў кніг адчуваецца празмерная асцярожнасць і саступкі ранейшым застарэлым уяўленням, як, напрыклад, у прадмове Сяргея Грахоўскага да зборніка «Выбраных вершаў» (1970):[8] «Тодар Кляшторны… едзе ў першыя калгасы, на будаўніцтва дарог і піша паэму „Палі загаманілі“ і вершы, якія склалі зборнік „Праз шторм на штурм“. Але ні ў паэме, ні ў вершах яшчэ не раскрыты глыбінныя працэсы новага жыцця. Яно ўбачана… без пранікнення ў характары людзей, без разумення вытокаў іх энтузіязму, новых адносін да справы»[20]. На думку Міхася Мушынскага, уключаныя ў зборнік 2003 года вершы і паэмы Тодара Кляшторнага яскрава пераконваюць у несправядлівасці гэтых ацэнак[8].

Алесь Пашкевіч у прадмове да апошняга зборніка вершаў паэта адзначае, што Тодар Кляшторны «выявіўся найперш паэтам авангарднага мыслення, творцам імажынісцкай школы з яркімі і непаўторнымі перажываннямі, настроямі, пачуццямі, якія ім нібыта і не пісаліся, а выспеўваліся…»[21]. На думку М. Мішчанчука, лірыка Кляшторнага з’яўляецца «лірыкай палярных стылявых прынцыпаў». Так, у пейзажнай лірыцы пераважае рамантычная сімволіка і адчуваецца ўплыў не толькі Сяргея Ясеніна, але і імажыністаў, а ў творах пра рэальнае чалавечае жыццё («У вёсцы», «Так было раней») дыялогі герояў і аўтарскія каментары выбудоўваюцца ў чыста рэалістычным стылявым ключы[22]. Як адзначае А. Бельскі, схільнасць да паэтыкі імажынізму выяўляецца ў наступных творах Тодара Кляшторнага: «Зазімак», «Зацвілі сярэбраныя росы…» і «На ледзяной гітары»[23]. Паводле В. Дзямко, у паэме Тодара Кляшторнага «Калі асядае муць» праз апісанне антыномій паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці паэт набліжаецца да праблематыкі экзыстэнцыялізму[24].

На думку Л. Гараніна, у літаратурным працэсе таго часу Тодар Кляшторны выступае як паэт-наватар, стваральнік асаблівай асацыятыўнай вобразнасці, пабудаванай на спалучэнні разнаякасных з’яў, выражэнні незвычайнага стану душы, яе нечаканых і глыбокіх перажыванняў узлётаў[25]. Віктар Жыбуль адзначае, што ў наш час стала магчымым адкрыта і без усялякай адмоўнай канатацыі сцвярджаць, што паэт «фактычна… быў адным з прадстаўнікоў беларускага імажынізму» (Уладзімір Конан) або імпрэсіянізму (Ірына Багдановіч)[26], а яго творчасць «вызначалася альтэрнатыўным (у дачыненні да афіцыйнай нормы) метадам мастацкага пісьма, які ў асноўным адпавядаў эстэтычным прынцыпам мадэрнізму і дэкадансу»[14].

Успаміны

Паводле ўспамінаў сучаснікаў Тодар Кляшторны паўстае «чалавекам мяккага характару, бесканфліктным», са слабасцямі і дзівацтвамі. І быў ён «ні савецкім, ні антысавецкім паэтам»[27]. паэтэса Вольга Таполя, якая ведала Тодара Кляшторнага з юнацтва, апісвала яго знешні выгляд наступным чынам: «Высокі, хударлявы, з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай. І яшчэ быў ён ціхі, спакойны, ураўнаважаны, ніхто ніколі не чуў і не бачыў, як ён злаваўся… Увогуле Кляшторны быў вельмі чулы. Калі хто-небудзь з ягоных калегаў чытаў свой моцны верш, які праймаў да сэрца, у Кляшторнага на вачах набягалі слёзы»[27].

Сымон Шаўцоў у сваёй кнізе «Мая адысея» ўспамінаў: «Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку „Камінтэрн“. Разам ішлі неяк з Дому Пісменнікаў па прагнілых дошках ходніка па Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік, Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. „Тодарка, родненькі, не ўпусці дзіцятка!“ — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты.

Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаванняў забачаць яго й гавораць: „Вунь, ідзе пралетарскі паэт!“ Пыталіся: „Як спявае канарэйка?“ „Не спявае, а плачыць у клетцы канарэйка“, — адказваў Тодар»[28].

Некаторыя акрэсленыя Сымонам Шаўцовым рысы калісьці, яшчэ пры жыцці паэта, падмеціў Алёша (Анатоль Вольны), паказаўшы іх шаржава ў гумарэсцы «Тодар Кляшторны. Літаратурны сілуэт» (1932): «Некаторыя кажуць, што быццам па сваёй раскіданасці, Тодар пры пераездзе з аднэй кватэры на другую згубіў сваю дачку. У гэтым сэнсе, нават абвестка вісела некаторы час у доме пісьменніка. Але гэта мана. Дачку Тодар не згубіў…»[29]

З успамінаў дачкі паэта, Тадзіяны Кляшторнай, можна даведацца пра вялікую любоў паэта да рыбалкі, што ў пэўным сэнсе спрыяла яго паэтычнай творчасці: «Вялікай асалодай, нават шчасцем лічыў бацька адпачынак на возеры. Там, крышачку адступіўшы ад берага, ляжаў, напалову вылезшы з вады, вялізны камень. Узяўшы з сабою блакнот з алоўкам, вуду, ён садзіўся на яго, ногі апускаў у ваду, закідваў вуду, а потым у чаканні клёву пачынаў думаць і пісаць вершы. На гэтым камяні з-пад яго рукі з’явілася шмат вершаў»[30].

У познесавецкія часы з’явілася яшчэ некалькі артыкулаў і ўспамінаў паэтавых сучаснікаў. Так, напрыклад, Сяргей Грахоўскі прыгадваў: «У 1931 годзе ўпершыню ўбачыў яго ў Доме пісьменнікаў. Высокі, танклявы, з рудаватымі хвалістымі валасамі, а выраз вачэй па-дзіцячаму збянтэжаны і разгублены. Ён быў неверагодна сціплы і далікатны. Амаль у кожным сказе самой па сабе праскоквала „прабачце“ і „калі ласка“. Ён кожнаму саступаў дарогу, асабліва губляўся перад жанчынамі, чырванеў, міргаў калматымі, як чмялі, вейкамі і гаварыў заўсёды толькі самае прыемнае. За лірыку і шчырасць вульгарызатары на Кляшторнага чаплялі не толькі бірку „правага папутніка“, але і абвінавачвалі ў больш страшных грахах»[31].

Паэт Станіслаў Шушкевіч запомніў сустрэчу з Тодарам Кляшторным у хаце сваіх бацькоў у вёсцы Шчытомерычы каля Менска. Тодар Кляшторны, які адслужыў у Чырвонай Арміі, завітаў у шынялі і будзёнаўцы і «прачытаў прысутным свае вершы, многія радкі з якіх былі аўтабіяграфічнымі: „А даль квітнее крозамі, / так многа розных дзіў. <…> Пад воплескі асеннія / вось там, у тыя дні / мяне па той аселіцы / расстрэліваць вялі. / Вялі п’яныя ворагі… / Вакол вароні баль… / Каму ж жыццё ня дорага? / Кляшторны, стаў на банк! / Бяжы!… А лес рубінавы / табе падасць руку / пад рогат гільяцінавы, / пад свісты дзікіх куль“»[32].

Ушанаванне памяці

У 2008 годзе адной з вуліц вёскі Камень на Лепельшчыне было прысвоена імя Тодара Кляшторнага[33]. У вясковым Доме культуры таксама дзейнічае бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Юрэвич, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб’яднання // Роднае слова. — 1997. — № 11. — С. 162.
  2. Лужанін, М. Наш рух — калодзеж непачаты… / М. Лужанін // ЛіМ. — 1988. — 1 крас. С. 15
  3. 1 2 Кляшторны Тодар Тодаравіч // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с.
  4. Вярцінскі, А.. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Новы Час (25 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2011. Праверана 8 чэрвеня 2017.
  5. 1 2 Мушынскі М. «Сляды дарог», якія вядуць у будучыню. З гісторыі выдання і асэнсавання літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 21—22 — 160 с.
  6. https://belisrael.info/?p=17462
  7. Кенька М. Тодар Кляшторны — перакладчык // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68 — 160 с.
  8. 1 2 3 4 5 Мушынскі, М. «Сляды дарог», якія вядуць у будучыню. З гісторыі выдання і асэнсавання літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага. — Мн: 2005. — № 3. — С. 9—11.
  9. Калядны, Я. Маладая сучаснасьць. — 1927. — С. 15.
  10. Полымя. 1928. № 8. С. 167—169
  11. Маладняк. 1930. № 8—9. С. 147
  12. Бэндэ, Л. Ці варта сёньня быць поэтай?.. (Адказ т. Кляшторнаму) / Л. Бэндэ // БДАМЛМ. — Фонд 66. — Воп. 1. — Адз. зах. 96. — Арк. 2
  13. 1 2 Левін, С. На наш бераг. — 1934. — № 9. — С. 136.
  14. 1 2 Багдановіч І. Матыў скокаў у творчасці Тодара Кляшторнага і эстэтычныя асаблівасці беларускага дэкадансу // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68, 73 — 160 с.
  15. 1 2 Узвышша. 1931. № 5. С. 54—55
  16. 1 2 Мішчанчук, М. І. «Цалуем сонца мілыя ўсмешкі і молімся над кожным васільком…» Пра творчасць Тодара Кляшторнага // Як жыць — дык жыць для Беларусі… — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 93—94. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  17. Полымя. 1930. № 11—12. С. 178
  18. Бабарэка А. З нататак Адама Бабарэкі, прысвечаных паэтычнай творчасці Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 54—57 — 160 с.
  19. Мішчанчук, М. І. «Цалуем сонца мілыя ўсмешкі і молімся над кожным васільком…» Пра творчасць Тодара Кляшторнага // Як жыць — дык жыць для Беларусі… — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 92. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  20. Грахоўскі, С. Лірык нашага рання //Кляшторны Т. Выбраныя вершы. — Мінск: Беларусь, 1970. — С. 7—8.
  21. Пашкевіч А. Вернік паэзіі // Кляшторны Т. Сляды дарог. Выбранае. Мн., 2003
  22. Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 95—96. — 191 с.
  23. Бельскі, А. І. Галасы і вобразы: літ.-крыт. артыкулы // / А. І. Бельскі. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 117. — 288 с.
  24. Дзямко, В. Тодар Кляшторны і Сяргей Ясенін як прадстаўнікі экзістэнцыялізму: На прыкладзе паэм «Калі асядае муць» і «Чорны чалавек». — 2007. — № 3. — С. 10—14.
  25. Гаранин С. Л. О роли возрожденческой парадигмы в творчестве Тодора Кляшторного // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 34—36 — 160 с.
  26. Жыбуль В. «Адну ён паэзію сэрцам высвечваў…» Пра Тодара Кляшторнага ва ўспамінах сучаснікаў і нядаўную архіўную знаходку. — 2013. — № 3. — С. 3—5.
  27. 1 2 Дубавец, С. Вострая брама: беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў / С. Дубавец. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2005. С. 359, 361
  28. Шаўцоў, С. Мая адысея. — Вільня: Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, 1999. — 136 с. — ISBN 9986-9228-5-2.
  29. Алёша. Тодар Кляшторны. Літаратурны сілуэт: гумарэска / Алёша // Чырвоная Беларусь. — 1932. — № 2. — С. 10
  30. Кляшторная, Т. Мае дзіцячыя ўспаміны пра бацьку / Т. Кляшторная // Пра час «Узвышша»: матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2003—2004); уклад.: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мінск: РІВШ, 2005. С. 38
  31. Грахоўскі, С. Пакуль у лузе змоўкне салавей / С. Грахоўскі // БДАМЛМ. — Фонд 66. — Воп. 1 — Адз. зах. 96. — Арк. 1-4.
  32. Шушкевіч, С. Кранаў душу і сэрца лірай: Да 70-годдзя з дня нараджэння Тодара Кляшторнага / С. шушкевіч // БДАМЛМ. — Фонд 12ю — Воп. 1. — Адз. зах. 1658 1658. Арк. 40
  33. Вуліца імя Т.Кляшторнага зьявілася на радзіме паэта (нявызн.). Радыё Свабода (17 красавіка 2008). Праверана 11 студзеня 2012.

Літаратура

  • 100 гадоў з дня нараджэння Тодара Кляшторнага // Наша слова, № 9 (596), 12.3.2003.
  • Кляшторны Тодар // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X. С. 285—286.
  • Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 175 с. — С. 89-96.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання Маладняк Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання Узвышша Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be