Змітрок Астапенка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Астапенка.
Змітрок (Дзмітрый Емяльянавіч) Астапенка (10 (23) лістапада 1910, в. Сяргееўка Шумілінскага павета, цяпер Шумяцкі раён, Смаленская вобласць[1][2] — кастрычнік 1944, Карпаты, Славакія Псеўданімы: З. Лірнік; К. Качкін (з Ю. Таўбіным); Клім Качкін (з Ю. Таўбіным); Мсціслаўцы (з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным)) — беларускі паэт, перакладчык[3].
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, у 1930 перавёўся ў Мінскі Белпедтэхнікум. Восенню 1931 года разам з С. Астрэйкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе «Сцяпянка» выключаны з тэхнікума з «воўчым білетам» як «нацдэм». У 1931 годзе паступіў у БДУ. Атрымаў вышэйшую або няскончаную вышэйшую адукацыю. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў.
Арыштаваны 16 сакавіка 1933 у Мінску па адрасе: Праязны завулак, д. 8, кв. 5 па справе «Беларускай народнай грамады». Асуджаны 10 жніўня 1933 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 3 гадоў ППК. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, але знаходзіўся не ў лагеры, а на пасяленні (некаторы час разам з М. Лужаніным). Пасля вызвалення ў чэрвені 1935 жыў у Маскве па адрасе: Смаленскі бульваp, д. 15, п. 48, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе № 252 Дзяржынскага раёна.
Паўторна арыштаваны 5 снежня 1936. Асуджаны 5 кастрычніка 1937 пазасудовым органам НКУС за «антысавецкую дзейнасць» да 8 гадоў ППК.
Вызвалены магчыма ў 1942. У час Другой сусветнай вайны ў складзе групы выведнікаў ён быў перакінуты ў Чэхаславакію, дзе, паводле афіцыйнай версіі, загінуў[1]. Аднак як сведчаць некаторыя дакументы (асабовая справа А. № 9935-с), у 1949 ён быў асуджаны да высылкі (верагодна, у Краснаярскі край). У тым, што паэт не загінуў, быў упэўнены (па словах крытыка А. Марціновіча) і яго былы аднакурснік яшчэ па Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, калега і сябра Змітрака Астапенкі паэт А. Куляшоў, які сведчыў, што ўжо пасля вайны «знаёмы твар [Зм. Астапенкі] неяк прамільгнуў у вірлівым маскоўскім натоўпе». Далейшы лёс невядомы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956, па другой — прэзідыўмам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовыя справы З. Астапенкі № 14618 і № 9935-с з фотаздымкамі захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1926[3]. Аўтар зборнікаў паэзіі «На ўсход сонца» (1931), «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932), «Выбранае» (1957, уключана паэма «Эдэм»), «Вершы і паэмы» (1968), кніжка-малюнак для дзяцей «Трактар» (1933), зборнік «Як шум дажджу» з друку не выйшаў, захаваліся толькі гранкі. Пісаў апавяданні. Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).
Пераклаў раманы М. Горкага «Маці»[3] (1932), Л. Первамайскага(руск.) бел. «Ваколіцы» (1931, разам з М. Багуном), аповесці П. Голубева «Завіруха» (1930), М. Дончанкі «Ударны атрад» (1932), творы іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Бібліяграфія
- Выбранае. Мн., 1957;
- Вершы і паэмы. Мн., 1968.
- Змітрок Астапенка. Пад шум дажджу: вершы, паэмы, лісты. — Мн .: Мастацкая літаратура, 1991. — 278 с. — 1 500 экз. — ISBN 5-340-00533-Х.
Зноскі
- 1 2 Імёны Свабоды: Зьмітрок Астапенка 27.11.1910, в. Сяргееўка (цяпер Шумяцкі раён) Смаленшчына — кастрычнік 1944 (?), Славаччына (?)
- ↑ Паводле іншых звестак нар. 14(27).11.1910 у в. Сяргееўка Рослаўльскага павета Смаленскай губерні
- 1 2 3 Астапенко Змитрок // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 33. — 737 с..
Літаратура
Змітрок Астапенка ў Вікікрыніцах | |
Змітрок Астапенка на Вікісховішчы |
- Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
- Астапенка Змітрок // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
- Астапенка Змітрок // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Маракоў Л. Шасцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, № 6;
- Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;
- Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1978.