На куццю
«На Куццю» — паэма Янкі Купалы, завершаная 14 снежня 1911 года ў Санкт-Пецярбургу. Упершыню надрукаваная ў газеце «Наша Ніва» 22 снежня 1911 года. Сваёй патрыятычнай накіраванасцю і маштабнасцю твор выходзіць за межы вершаванай аповесці і набліжаецца да героіка-рамантычнае паэмы. У яго структуры і прыёмах мастацкага абагульнення адчуваецца цесная сувязь з традыцыямі славянскага рамантызму, асабліва з Адамам Міцкевічам і Юльюшам Славацкім.[1]
Апісанне
Сюжэт паэмы пабудаваны вакол фантастычнай сцэны княжацкага балю на старым замчышчы ў калядны вечар. Праз каларытнае ўзнаўленне старажытных звычаяў і павер’яў, сімвалічныя вобразы і дэталі аўтар разгортвае глыбокі філасофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.[1]
Паэма вызначаецца стройнасцю кампазіцыйнае будовы, рэзкім чляненнем усіх яе 12 раздзелаў, строгай паслядоўнасцю сюжэту, умелай перадачай старажытнага каларыту вобразаў і жанравых сцэн. Агульнай узнёслай настраёвасці, эпічнай манументальнасці сцэн і вобразаў адпавядаюць чаканны 4—стопны ямб з вельмі выразнай і гучнай перакрыжаванай рыфмоўкай, багацце інтанацыйнага малюнку, рытарычныя звароты, эмацыянальныя выклічнікі.[1]
Пераклады і мастацкія ўвасабленні
На рускую мову паэму пераклаў В.Тарас, на украінскую — П.Гірнык. Ілюстраваў паэму беларускі мастак Я.Кулік. Беларускае тэлебачанне ў 1982 годзе паставіла па паэме аднайменны тэлеспектакль.[1] Урыўкі з паэмы выкарыстаны ў спектаклі Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы «Сны аб Беларусі».[2]
Зноскі
- 1 2 3 4 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «На куццю». — C. 416—417.
- ↑ Архіўная копія(нявызн.) (недаступная спасылка). afisha.tut.by. Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2013. Праверана 16 кастрычніка 2012.
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «На куццю» / Аўтар — М.Грынчык. — C. 416—417.
- Грынчык М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 1969. — С.229—231.
- Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970.
- Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980.