Сара Тысдэйл
Сара Тысдэйл (англ.: Sara Teasdale; 8 жніўня 1884-29 студзеня 1933) — амерыканская паэтэса.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і забяспечанага сярэдняга класу. Большую частку жыцця правяла ў Сент-Луісе, штат Місуры, і толькі апошнія гады жыла ў Нью-Ёрку. Ужо з дзяцінства ў яе было слабое здароўе, і толькі ў 9 гадоў яна змагла пайсці ў школу. У 1898 годзе яна паступіла ў Мэры-інстытут, але ўжо ў 1899 годзе перавялася ў Хосмер-хол, які і скончыла ў 1903 годзе.
Першы верш Тысдэйл быў надрукаваны ў мясцовай газеце Reedy’s Mirror у 1907 годзе, і ў тым жа годзе пабачыў свет яе першы зборнік вершаў «Санеты да Д’юз і іншыя вершы» (Sonnets to Duse and Other Poems). Другі зборнік, «Алена Траянская і іншыя вершы» (Helen of Troy and Other Poems) выйшаў у 1911 і быў добра прыняты крытыкай, што адзначыла лірычнае майстэрства аўтара і рамантычную тэматыку.
У 1913 годзе Тысдэйл закахалася ў паэта Нікаласа Вейчэла Ліндсэя (1879—1831). Ён штодня пісаў ёй лісты, але ў 1914 годзе паэтэса выйшла замуж за Эрнста Філсінгера, багатага экспарцёра, з якім, аднак, развялася ў 1929 годзе. Ліндсэй заставаўся яе сябрам да канца жыцця.
У 1915 годзе выйшаў трэці зборнік Тысдэйл, «Рэкі, што цякуць у мора» (Rivers to the Sea), а ў 1918 годзе яе зборнік «Любоўныя песні» (Love Songs) атрымаў тры прэміі: прэмію Паэтычнай суполкі Калумбійскага ўніверсітэта, Пулітцэраўскую прэмію за паэзію і штогадовую прэмію Амерыканскай паэтычнай суполкі.
У 1933 годзе Тысдэйл выдала апошні зборнік «Дзіўная перамога» (Strange Victory) і ў тым жа годзе скончыла жыццё самагубствам. Ліндсэй зрабіў тое самае на два гады раней. Пасля смерці Тысдэйл з’явілася легенда, што яе верш I Shall Not Care быў напісаны як развітальная запіска былому каханаму. Але насамрэч верш быў надрукаваны яшчэ ў 1915 годзе ў зборніку «Рэкі, што цякуць у мора».
Самы знакаміты верш Сары Тысдэйл — «І будзе пяшчотны дождж» (There Will Come Soft Rains), надрукаваны ў зборніку «Полымя і цень» (Flame and Shadow, 1920), — натхніў Рэя Брэдберы на аднайменнае апавяданне ў постакапаліптычным жанры, што ўвайшло ў зборнік «Марсіянскія хронікі». З гэтай нагоды аўтарства верша часам памылкова прыпісваецца Брэдберы.
Зноскі
- 1 2 Sara Teasdale // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Sara Teasdale // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.
Пераклады на беларускую
На беларускую мову творы Тысдэйл перакладалі Аляксей Арцёмаў, Андрэй Стэфановіч, Алена Пятровіч і Ганна Янкута[1].
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сара Тысдэйл
- Вершы ў беларускім перакладзе
- ↑ Сара Тысдэйл Мая любоў — без міру. Часопіс «ПрайдзіСвет» (11 кастрычніка 2010). Праверана 27 ліпеня 2014.