Ганна Валер’еўна Янкута
Га́нна Вале́р’еўна Янку́та (нар. 4 верасня 1984, Гродна) — беларуская пісьменніца, перакладчыца.
Біяграфія
Скончыла філалагічны факультэт БДУ, абараніла магістарскую дысертацыю паводле творчасці Айн Рэнд і кандыдацкую дысертацыю паводле творчасці Маргарэт Этвуд (2018). Кандыдатка філалагічных навук. У 2008—2018 гадах наведвала перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім Калегіюме. Член рады інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2012). Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра (2013—2017).
Творчасць
Перакладае прозу і паэзію з англійскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс, скотс ды іншых моў. Адна з перакладчыкаў, рэдактараў і складальнікаў каментарыяў да тому выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці». Пераклала раманы Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», Кадзуа Ісігура «Не адпускай мяне», Салі Руні «Нармальныя людзі», Януша Леона Вішнеўскага «Канец самоты» (сумесна з Кацярынай Маціеўскай), кнігу для дзяцей Катажыны Рырых «Лапуховае поле», аповесці Чарлз Дыкенса «Калядная гісторыя», Хораса Уолпала «Замак Отранта», дэтэктыўную прозу Артура Конан Дойла, Роберта ван Гуліка, шэраг паэтычных твораў Уільяма Шэкспіра, Уільяма Блэйка, Джона Кітса, Фернанду Песоа, Баляслава Лесьмяна, Геарга Гайма, Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай, Кшыштафа Каміля Бачыньскага і інш.
У 2018 годзе выдадзеная першая аўтарская кніга Ганны Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» (з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай). Гэта дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Мінску. Паводле сюжэту кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў мінскім Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі[1].
Пісьменніца Ганна Янкута і мастачка Святлана Катлярова ў 2019 годзе прыдумалі адукацыйны мультсерыял «Вожыкавая палянка», дзе важаняты будуць вучыцца назвам колераў, пальцаў, дзён тыдня, а яшчэ лічыць і спяваць.
У 2020 годзе выйшла другая кніга пра ката Шпрота — «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль», а таксама казачная аповесць «Марта і яе мара пра снег» (на беларускай і рускай мовах).
У 2021 годзе на пляцоўцы «Аўдыятэка» змешчана аўдыёкніга «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» (WerMik Studio & Беларускі ПЭН).
Прэміі і ўзнагароды
- Лаўрэатка конкурсу «Экслібрыс» (2012)
- Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2013) за пераклад аповесці Чарлза Дыкенса «Калядны харал».
- ІІ месца ў Міжнародным конкурсе на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборска (2015)
Зноскі
Літаратура
- Красавіцкае папаўненне // Новы Час № 17 (289), 27 красавіка 2012. — С. 10.