Святлана Аляксандраўна Алексіевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Алексіевіч.
Святлана Аляксандраўна Алексіе́віч (нар. 31 мая 1948, Станіслаў, цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) — беларуская журналістка, пісьменніца.[5] Піша на рускай мове. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015)[6] «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».
Біяграфічныя звесткі
Нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага (бацька — беларус, маці — украінка). У 1950 годзе бацька дэмабілізаваўся, і сям’я пераехала ў Мазыр[7]. Сям’я перыядычна пераязджала разам з новымі месцамі працы бацькі, у 1961 годзе Алексіевічы пераехалі ў Петрыкаў. Святлана скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу Петрыкаўскага раёна (1965), працавала выхавальніцай Асавецкай школы-інтэрната, затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 годзе працавала ў раённай газеце «Прыпяцкая праўда» (Нароўля). Скончыла аддзяленне журналістыкі БДУ (1972). Накіравана ў раённую газету «Маяк камунізму» (Бяроза). У 1973—1976 гадах працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976—1984 гадах — загадчык аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Нёман». Член СП СССР (з 1983). Была членам КПСС. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989).
У пачатку XXI стагоддзя жыла ў Італіі, Францыі, Германіі. З 2013 года — у Мінску. Ізноў пакінула Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій, адмовілася вяртацца ў краіну, пакуль А. Лукашэнка ва ўладзе[8]
Творчасць
Дэбютавала ў 1966 годзе ў петрыкаўскай раённай газеце «За новыя рубяжы» вершам «Октябрь». У пачатку 1970-х гадоў актыўна рэцэнзавала літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў Юркі Голуба, Вольгі Іпатавай, Ніны Мацяш і інш. у рэспубліканскай прэсе[9]. У час навучання на журналісцкім факультэце БДУ разам з аднагрупнікамі выпускала літаратурны бюлетэнь. У сярэдзіне 1970-х гадоў падрыхтавала да выдання кнігу «Я з’ехаў з вёскі» («Я уехал из деревни» — маналогі былых вяскоўцаў; кніга не была надрукавана)[10].
Творы Алексіевіч грунтуюцца на сотнях інтэрв’ю з удзельнікамі важкіх і балючых падзей, што былі перажыты савецкімі людзьмі ў ХХ стагоддзі. Па словах пісьменніцы, яна працуе ў вобласці дакументальнага рэпартажу[7], а таксама ў жанры «гісторыі пачуццяў»[11]. Даследчыкі адносяць яе кнігі да дакументальнай прозы, раманаў-араторый, раманаў-сведчанняў, калектыўных сведчанняў, эпічнага хору, дакументальных маналогаў, літаратурнай журналістыкі[12][13][14].
Першая кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» («У войны — не женское лицо», 1985) грунтуецца на размовах з сотнямі савецкіх жанчын, што бралі ўдзел у Вялікай айчыннай вайне. Яна прадстаўляе калектыўны жаночы досвед вайны. У наступнай кнізе «Апошнія сведкі» («Последние свидетели», 1985) выкарыстоўваюцца ўспаміны дзяцей, якім падчас вайны было ад шасці да дванаццаці гадоў. Кніга сведчыць пра «немагчымасць перажыць успамін пра траўму»[15]. У 1990 годзе былі апублікаваныя «Цынкавыя хлопчыкі» («Цинковые мальчики», часопіс «Дружба народов», 1990), названыя так таму, што целы забітых у Афганістане салдат прывозілі на радзіму ў цынкавых трунах.
Паводле кнігі «У вайны не жаночы твар» напісала п’есу (пастаўлена ў многіх тэатрах Беларусі і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў, дакументальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт з вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і інш. Аўтар п’есы «Марутка» (пастаўлена ў 1988). У перыядычным друку С. Алексіевіч выступала з нарысамі і нататкамі; так, у 1992 годзе апублікавала наказ новай мінскай газеце «Авив»[16].
У 1993 годзе выйшла кніга «Зачараваныя смерцю» — апавяданне пра самазабойцаў, якія скончылі ці спрабавалі скончыць з сабой, не вытрымаўшы паражэння камуністычных ідэй у СССР. У 1997 годзе С. Алексіевіч апублікавала дакументальную аповесць «Чарнобыльская малітва», напісаную на грунце ўспамінаў ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы, родных пажарных, што памерлі ад прамянёвай хваробы, а таксама перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Кніга мае падзагаловак «хроніка будучыні» і апавядае пра адначасовае разгортванне дзвюх катастроф: тэхнагеннай і сацыяльнай, калі «зышоў пад ваду велізарны сацыялістычны мацярык»[17].
Кніга Святланы Алексіевіч «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)» (2013) закранае маштабныя гістарычныя тэмы: Вялікую Айчынную вайну, Афганістан, Чарнобыль, час «перабудовы» і развал «чырвонай імперыі». У творы даследуецца феномен мыслення савецкага чалавека, феномен сацыялізму і выкладаецца аўтарская канцэпцыя найноўшага часу, які пісьменніца называе «часам сэканд-хэнд». Пункцірна асвятляюцца падзеі, звязаныя з масавым мітынгам 19 снежня 2010 года ў Мінску.
Кнігі Святланы Алексіевіч складаюць цыкл, які аўтарка заве «хронікай вялікай Утопіі» і «гісторыяй чырвонага чалавека»[18]. Творы Алексіевіч можна разглядаць як «маральную філасофію, спробу абмяркавання этычных пытанняў і пошуку сэнсу перанесеных пакут савецкім, а таксама пост-савецкім чалавекам, які апынуўся ва ўмовах велізарнага сацыяльнага зруху» [19].
Сярод моў, на якія былі перакладзены творы Святланы Алексіевіч, — беларуская, англійская, французская, шведская, нямецкая, грузінская, нарвежская, кітайская і іншыя. У 2018 годзе ў беларускім перакладзе апублікаваныя разам пяць кніг, аб’яднаных у цыкл «Галасы Утопіі». Гэта кнігі «У вайны не жаночы твар» (пераклад Валянціна Акудовіча), «Апошнія сведкі. Сіла дзіцячага голасу» (пераклад Барыса Пятровіча), «Цынкавыя хлопчыкі» (пераклад Андрэя Хадановіча), «Чарнабыльская малітва. Хроніка будучыні» (пераклад Уладзіміра Арлова), «Час сэканд-хэнд» (пераклад Сяргея Дубаўца).
Экранізацыі
Паводле кнігі «У войны — не женское лицо» быў зняты цыкл дакументальных фільмаў (1983), адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 годзе і «Сярэбраным голубам» на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу.
У 2017 годзе выйшаў дакументальны фільм шведскага рэжысёра Стафана Юлена «Каханне: Love in Russian», зняты ў сааўтарстве са Святланай Алексіевіч паводле яе новай, яшчэ не дапісанай кнігі[20][21]. У 2019 годзе стала вядома пра мангу, створаную японскім мастаком Кейто Каумэ па матывах кнігі С. Алексіевіч «У вайны не жаночы твар»[22].
Святлана Алексіевіч дала згоду на выкарыстанне яе твору «Чарнобыльская малітва» для стварэння амерыканска-брытанскага міні-серыялу «Чарнобыль» (2019). Сюжэтная лінія з пажарным Васілём Ігнаценкам была цалкам узятая з кнігі. Ігнаценка быў у ліку першых, хто прыбыў на тушэнне пажару на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС, у выніку атрымаў смяротную дозу радыяцыі і пакутліва памёр у Маскве праз пару тыдняў[23].
Грамадская дзейнасць
Святлана Алексіевіч з’яўляецца членам Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП)[24], старшынёй Рады стыпендыі імя Магдалены Радзівіл, заснаванай СБП у 2017 годзе[25]. Яе імя фігуруе сярод заснавальнікаў фонду «Вольны беларускі ўніверсітэт» (фонд зарэгістраваны ў Варшаве ў 2017 годзе; у 2019 г. яго праграмы яшчэ не дзейнічалі)[26]. У канцы 2016 года стварыла ў Мінску клуб «Святлана Алексіевіч запрашае»[27], у якім публічна выступалі творчыя асобы і інтэлектуалы з розных краін, пераважна з Расіі. У 2016—2017 гг. прайшло каля 10 сустрэч у рамках названага клуба (большасць вяла сама С. Алексіевіч). У пачатку 2019 года пасля доўгага перапынку было абвешчана аб аднаўленні работы клуба[28]. Пасяджэнне 26 сакавіка 2019 г. адбылося з удзелам беларускіх гасцей, але некаторымі інтэлектуаламі было ўспрынята скептычна: так, на думку М. Жбанкова, «клубу набелісткі па-ранейшаму перашкаджае рэжым узаемнага абажання і непазбыўная кампліментарнасць»[29].
Пісьменніца нярэдка дзеліцца сваімі меркаваннямі на значныя для беларускага грамадства тэмы: напрыклад, у 2018 г. адгукнулася на «справу БелТА»[30], у 2019 г. — на напад на школу ў Стоўбцах[31], знос крыжоў у Курапатах[32].
Увосень 2019 года Святлана Алексіевіч была абрана віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба[33], а праз некалькі тыдняў — старшынёй Рады Беларускага ПЭН-цэнтра[34]. У жніўні 2020 годзе далучылася да каардынацыйнай рады, ініцыіраванай Святланай Ціханоўскай (кандыдатуру якой С. Алексіевіч падтрымлівала на прэзідэнцкіх выбарах), стала членам прэзідыума названай рады[35].
Прэміі і ўзнагароды
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». Лаўрэат літаратурных прэмій СП СССР імя М. Астроўскага (1984), імя К. Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамола (1986) за кнігі «У войны — не женское лицо» і «Последние свидетели». Лаўрэат прэміі Курта Тухольскага (1996), прэміі «Трыумф» (Расія, 1997), Ляйпцыгскай кніжнай прэміі (1999), прэміі Гердэра (1999), прэміі Рэмарка (2001), Нацыянальнай прэміі крытыкі (ЗША, 2006). У 2011 годзе атрымала ў Польшчы прэмію імя Рышарда Капусцінскага[36] і прэмію Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Ангелус». У 2013 годзе стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў, цырымонія ўзнагароджання адбылася 13 кастрычніка ў рамках Франкфурцкага кніжнага кірмаша[37]. Афіцэр Ордэна мастацтваў і літаратуры Францыі (2014)[38].
У 2016 годзе нобелеўская лаўрэатка 2015 г. атрымала ў Кітаі кніжную прэмію «Вэньцзінь», прэмію Шанхайскага кніжнага кірмашу і ўзнагароду Пекінскага кніжнага кірмашу[39]. У 2016 г. С. Алексіевіч стала таксама ганаровым членам Беларускай асацыяцыі журналістаў[40].
У 2018 годзе міжнародная няўрадавая арганізацыя RAW in WAR прысудзіла Святлане Алексіевіч прэмію імя Ганны Паліткоўскай. Узнагароду ёй уручылі за «смелыя выступленні супраць несправядлівасці, гвалту і экстрэмізму ў сітуацыі працягу „забытых“ узброеных канфліктаў»[41]. У тым жа годзе пісьменніца атрымала прэмію Цэнтральнаеўрапейскага форума «Ганароваму грамадзяніну Цэнтральнай Еўропы» — «за ўнёсак у развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці»[42].
Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[43].
У 2021 узнагароджана Вялікім крыжом 1-й ступені Ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія»[44].
Погляды
Пра сябе Святлана Алексіевіч сказала:
Вядома ж, я — беларуска. І гэта мая родная мова — беларуская, хоць я на ёй і не размаўляю. Не размаўляю па той прычыне, што ўся практыка майго жыцця — гэта руская мова і руская культура. Але я сябе адчуваю беларускай, беларуская зямля — мая зямля, мой бацька адсюль. Я іншага жыцця не ведаю, толькі жыццё тут, нягледзячы на тое, што я жыла і ў Еўропе. Мая зямля — Беларусь.[45]
Сваімі настаўнікамі яна называе Алеся Адамовіча і Васіля Быкава[7].
Яна лічыць, што «таталітарызм разбэшчвае і ка́та, і ахвяру», і мы жывём у гэты траўміраваны перыяд[7]. Хацела б, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краін, або прынамсі да Прыбалтыкі[7]. Паводле Святланы Алексіевіч, краіны-суседзі Беларусі — Літва, Польшча і Украіна — могуць быць прыкладам развіцця для Беларусі. Яна заўважыла, што беларуская культура саступае польскай, аднак усё часцей прадстаўніком беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці бывае беларуска-польскі інтэлігент у стылі Аляксандра Мілінкевіча, а не старшыня калгасу або савецкі чыноўнік, як бывала раней[46]. У лютым 2019 г. на сустрэчы ў Мінску зрабіла яшчэ адну заяву: «Мы не сфармаванае грамадства. Што б ні здаралася, усё праходзіць, з намі можна зрабіць усё. Нам патрэбны лідар кшталту Гавела. Які не апускаецца разам з самай цёмнай часткай народу, а які ўздымае свой народ»[47].
Пазней яна заўважыла:
У мяне ўсё часцей узнікае думка, грэшным чынам, што не саспелі ні мы, ні Расія, ні іншыя постсавецкія краіны да прэзідэнцкіх рэспублік. У нас павінны быць толькі парламенцкія рэспублікі, каб лепшыя людзі разам выпрацоўвалі рашэнні. А даць уладу ў рукі аднаго чалавека — гэта было вялікай памылкай у 90-я гады.[48]
У красавіку 2019 г., у сувязі з перамогай Уладзіміра Зяленскага ў першым туры выбараў прэзідэнта Украіны, пісьменніца заявіла: «У мяне напачатку былі вялікія надзеі на Парашэнку. Але яны, на жаль, не спраўдзіліся. І я за тое, каб Зяленскі перамог. Мне здаецца, што ён пераможа. І мы ўбачым, як прыходзіць новае пакаленне. Яно прыходзіць ва Украіне, у Харватыі, у Славакіі»[49]. Разам з тым Дональда Трампа яна аднесла да папулістаў, заўважыўшы: «Не ведаю, як можна дамовіцца з Трампам»[49].
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну ў эфіры Беларускай службы «Радыё Свабода» асудзіла вайну Расіі супраць Украіны і адзначыла, што яна горшая за Другую сусветную.
«Аказваецца, мы дарма думалі, што перамаглі камунізм. Мы яго не перамаглі. А тое, што сёння адбываецца, гэта чырвоны чалавек, як я яго называю. Гэта яго апошні бой ці не, але гэта прыкметы адтуль, з мінулага. Мы яшчэ не адарваліся ад гэтага, таму што не супраціўляліся, а ўспрымалі ўсё як належнае. Краіна камунізму ўпала, і мы пачалі выжываць, замест таго каб будаваць новае жыццё»[50], — адзначыла пісьменніца. Рэагуючы на ўдзел Беларусі ў вайне Расіі ва Украіне пісьменніца адзначыла, што, на яе думку, найвялікшым гераізмам для беларусаў, якіх адправяць ваяваць за Расію ва Украіне, будзе адмова страляць. Яна дадала, што сітуацыя зараз супрацьлеглая вайне з фашызмам, калі гераізм заключаўся ў ваенных дзеяннях і абароне. «У нас ужо няма незалежнасці, і мы краіна-агрэсар», — падсумавала Алексіевіч[51].
Ацэнкі
Беларускі паэт Уладзімір Някляеў заўважыў:[52]
Калі ўся руская літаратура выйшла, як сцвярджаў Дастаеўскі, з «Шыняля» Гогаля, то ўся творчасць Алексіевіч — з дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». Адамовіч — яе літаратурны хросны. Яе кнігі — развіццё асноўнай тэмы беларускай літаратуры, яны знаходзяцца ў кантэксце гэтай літаратуры і ёй належаць.
Сённяшняя заслуга Алексіевіч у тым, што яна здзяйсняе прарыў беларускай літаратуры ў літаратуру еўрапейскую.
Міністэрства замежных спраў Беларусі вітала рашэнне Нобелеўскага камітэта аб прысуджэнні прэміі па літаратуры за 2015 год Святлане Алексіевіч. У адмысловым каментарыі яно згадала, што гэта першая прэмія, атрыманая грамадзянінам суверэннай Беларусі, увойдзе ў гісторыю станаўлення беларускай нацыі, грамадства і дзяржавы[53]. Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі адзначыў, што творчасць Святланы Алексіевіч не пакінула абыякавымі не толькі беларусаў, але і чытачоў у многіх краінах свету[54]. Пры гэтым дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі доўгі час (каля 25 гадоў) не друкавалі кнігі С. Алексіевіч[55]; толькі ў 2019 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» перавыдала яе кнігу «У вайны не жаночы твар»[56].
Некаторая частка расійскай і беларускай інтэлігенцыі палічыла прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Алексіевіч палітычнай акцыяй[57][58][59][60].
Трактоўку Святланай Алексіевіч узброенага канфлікту ва Украіне, у прыватнасці, у Данецкай вобласці, рэзка крытыкавалі некаторыя інтэлектуалы, напрыклад, пісьменніца Элен Рышар-Фаўр у 2015 г.[61]. Таксама выказваліся думкі аб тым, што пісьменніца перабольшвае ўплыў камуністычных ідэй, ролю «чырвонага чалавека» ў сучасных Расіі і Беларусі[62][63].
У 2019 годзе беларускі палітык Зянон Пазняк заўважыў, што з камуністычных часоў Алексіевіч пазіцыянавала сябе як ненавісніца беларушчыны, але пазней яна змяніла рыторыку, і «аб’ектыўна гэта добра»[64].
Беларускія пераклады
- Апошнія сведкі / Святлана Алексіевіч: кніга недзіцячых расказаў. — Мінск: Юнацтва, 1985. — 188, [1] с.
- У вайны не жаночае аблічча: дак. аповесць / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Маст. літ., 1991. — 272 с.
- Зачараваныя смерцю: Пер. з рус. М. С. Гіля / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Беларусь, 1993. — 128 с.
- Чарнобыльская малітва: Хроніка прышласці: Дак. аповесць / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Рэсп. грамад. аб’яднанне «Літ.-маст. фонд „Гронка“», 1999. — 222, [1] с.
- Час сэканд-хэнд (Канец чырвонага чалавека) / Святлана Алексіевіч. Перакл. з руск. Ц. Чарнякевіч, В. Стралко. — Мн.: Логвінаў, 2014. — 384 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 46). — ISBN 978-985-562-096-0.
- Дакументальна-мастацкая хроніка «Галасы ўтопіі» ў 5-ці кн. Пераклалі з руск. мовы Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч. Вільня: Логвінаў, 2018.
- У вайны не жаночы твар: пер. з рускай В. Акудовіча / Святлана Алексіевіч. — Мн.: Маст. літ., 2019.
Зноскі
- 1 2 3 4 Кто есть кто в Республике Беларусь — Białystok: Podlaski Instytut Wydawniczy, 2000. — С. 14. — 313 с. — ISBN 978-83-913780-0-7
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын — Мн.: 1996. — Т. 1. — С. 243. — 552 с. — ISBN 978-985-11-0036-7
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Том 1 — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 100. — ISBN 978-5-85700-074-8
- ↑ Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт — 2006. — С. 249. — 258 с. — ISBN 978-83-89406-77-4
- ↑ БЭ. Т. 1.
- ↑ The Nobel Prize in Literature 2015. Svetlana Alexievich (англ.)
- 1 2 3 4 5 nashaniva.by
- ↑ nashaniva.by
- ↑ http://www.svaboda.org/content/article/27420912.html
- ↑ http://studlive.by/university/malo-kto-znaet-chto-aleksievich-pozhertvovala-biblioteke-zhurfaka-1000-dollarov.html
- ↑ «Что же такое наша память?» Беседа Альмиры Усмановой со Светланой Алексиевич // Беларусь в мире, № 3 (10). 1998.
- ↑ Ришина, Ирина. «Чернобыльская молитва’. Мне кажется, я записываю будущее …» // Литературная газета. — 1996. — 24 апреля.
- ↑ Scribner, Doris. Recreation of Chernobyl Trauma in Svetlana Alexivich’s «Chernobyl’skaya molitva.» A Thesis Presented to the Faculty of the Graduate School at the University of Missouri-Columbia. — 2008.
- ↑ Бек, Татьяна Светлана Алексиевич. Моя единственная жизнь Архівавана 18 лістапада 2020. // Вопросы литературы. — 1996.
- ↑ Ушакин, Сергей. Осколки военной памяти: «Все, что осталось от такого ужаса?» // Новое литературное обозрение (НЛО). — 2008. — № 93.
- ↑ http://belisrael.info/?p=5523
- ↑ Алесиевич, Светлана. В поисках вечного человека Архівавана 30 мая 2016..
- ↑ Алексиевич, Светлана. В поисках вечного человека Архівавана 30 мая 2016..
- ↑ Гапова, Елена. Страдание и поиск смысла: «моральные революции» Светланы Алексиевич Архівавана 1 жніўня 2016. // Неприкосновенный запас. — 2015. — № 99.
- ↑ https://www.kinopoisk.ru/film/lyubov-love-in-russian-2017-1049005/
- ↑ http://journalby.com/news/lyubov-love-russian-rastvoryayas-v-aleksievich-1278 Архівавана 10 красавіка 2019.
- ↑ https://euroradio.by/yaponcy-vydayuc-komiks-pa-knize-svyatlany-aleksievich
- ↑ svaboda.org
- ↑ https://lit-bel.org.dyskurs.be/struct/ Архівавана 22 сакавіка 2019.
- ↑ https://lit-bel.org.dyskurs.be/news/gronskaya-martysevich-ramanava-stypendyyatki-imya-magdaleny-radzivil/ Архівавана 2 ліпеня 2019.
- ↑ https://naviny.by/article/20190813/1565708235-volnyy-universitet-milinkevicha-svyazhet-molodyh-belorusov-s Архівавана 15 жніўня 2019.
- ↑ https://news.tut.by/society/523699.html Архівавана 29 жніўня 2017.
- ↑ https://news.tut.by/culture/628584.html(недаступная+спасылка)
- ↑ http://journalby.com/news/vozvrashchenie-klubnogo-nobelya-pozery-vzamen-gastrolerov-1276 Архівавана 10 красавіка 2019.
- ↑ https://baj.by/ru/content/svetlana-aleksievich-vystupila-v-podderzhku-zhurnalistov-po-delu-belta-video
- ↑ https://www.svaboda.org/a/29769718.html
- ↑ belsat.eu
- ↑ https://belisrael.info/?p=21709
- ↑ nashaniva.by
- ↑ https://news.tut.by/economics/697346.html Архівавана 19 жніўня 2020.
- ↑ http://wyborcza.pl/1,75475,9595562,Nagroda_Kapuscinskiego_dla_Aleksijewicz_i_Czecha.html
- ↑ Алексіевіч уручылі прэмію міру нямецкіх кнігагандляроў
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=137515
- ↑ https://www.svaboda.org/a/27948562.html
- ↑ https://naviny.by/new/20160909/1473427437-svetlana-aleksievich-stala-pochetnym-chlenom-bazh
- ↑ nina.nashaniva.by
- ↑ https://pen-centre.by/2018/11/22/svyatlana-aleksevch-uznagarodzhanaya-premyay-ganarovamu-gramadzyannu-centralnay-eropy.html
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ =https://www.dw.com/ru/nobelevskaja-laureatka-aleksievich-poluchila-odnu-iz-vysshih-nagrad-germanii/a-57894509
- ↑ nashaniva.by
- ↑ пад рэд. Валера Булгакава. Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт. — Варшава: Выдавецтва ARCHE, 2006. — С. 68-69, 124-125, 194. — 258 с. — ISBN 83-89406-77-2.
- ↑ naviny.by Архівавана 12 лютага 2019.
- ↑ svaboda.org
- 1 2 https://www.svaboda.org/a/29861771.html
- ↑ https://www.youtube.com/watch?v=basvigBzBCc
- ↑ https://www.svaboda.org/a/31737338.html
- ↑ Някляеў: Шанцы Беларусі на Нобелеўскую прэмію як ніколі высокія
- ↑ mfa.gov.by
- ↑ president.gov.by
- ↑ nashaniva.by
- ↑ https://www.sb.by/articles/karlyukevich-knigi-svetlany-aleksievich-svobodno-prodayutsya-na-polkakh-belknigi.html
- ↑ Олег Пухнавцев. Литератор нужного калибра // Литературная газета. — М.: 2015. — № 40(6528).
- ↑ Дмитрий Чёрный. Премия «Чёрного города» // Литературная Россия. — М.: 2015. — № 36.
- ↑ Европейские интеллектуалы уровня “нобелевки”? (нявызн.) (недаступная спасылка). ЛитКритика. By. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
- ↑ http://politconservatism.ru/experiences/nobelevskiy-pozer/
- ↑ http://voix.blog.tdg.ch/archive/2015/10/10/lettre-ouverte.html Архівавана 23 верасня 2017.
- ↑ https://belisrael.info/?p=5626
- ↑ http://left.by/archives/16695
- ↑ svaboda.org
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
- Алексіевіч Святлана // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Алексіевіч Святлана // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Сивакова, Н. А. Цикл Светланы Алексиевич «Голоса Утопии»: особенности жанровой модели // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Сер.: Гуманитарные науки. — 2014. — № 1(82). — С. 148—151.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Святлана Аляксандраўна Алексіевіч
- Персанальная старонка С. Алексіевіч (руск.)
- Чарнякевіч Ц. Як змагаліся за Святлану Алексіевіч Архівавана 4 студзеня 2018. // Новы час. № 45 (462) — Літаратурная Беларусь. № 11 (111), 27 ліст. 2015. — С. 12-13 (4-5).
- Андрыеўская А. Пра Святлану Алексіевіч Архівавана 16 красавіка 2012. — ARCHE № 3(4)-1999
- Сем фактаў пра Святлану Алексіевіч — nashaniva.by
- Наша Ніва: Алексіевіч: «Мы не павінны быць закладнікамі калгаснага інтэлекту Лукашэнкі»(недаступная спасылка)
- Елена Гапова. Страдание и поиск смысла: «моральные революции» Светланы Алексеивич Архівавана 1 жніўня 2016. // Неприкосновенный запас. № 1 (99). 2015.
- Mothers, father(s), daughter: Svetlana Aleksievich and The Unwomanly Face of War Angela Brintlinger
- «No other proof»: Svetlana Aleksievich in the tradition of Soviet war writing Daniel Bush
- Mothers, prostitutes, and the collapse of the USSR: the representation of women in Svetlana Aleksievich’s Zinky Boys Jeffrey W. Jones
- Svetlana Aleksievich’s Voices from Chernobyl: between an oral history and a death lament Anna Karpusheva
- The polyphonic performance of testimony in Svetlana Aleksievich’s Voices from Utopia Johanna Lindbladh
- A new literary genre. Trauma and the individual perspective in Svetlana Aleksievich’s Chernobyl’skaia molitva Irina Marchesini
- Svetlana Aleksievich’s changing narrative of the Soviet-Afghan War in Zinky Boys Holly Myers