Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19 красавіка 1881, в. Такары, Брэсцкі павет, цяпер Камянецкі раён — 4 лютага 1931, Менск) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык. Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928—1931). Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), Усеўкраінскай акадэміі навук (1929).
Біяграфія
Член партыі эсэраў (1901—1917)[1], ЦК БСГ (чэрвень 1917—1918), ЦК БПС-Р (1918-снежань 1919), ЦК БКА (студзень-жнівень 1920, старшыня з лютага 1920), РКП(б) (30.7.1920), член ЦК КП(б)Б (з 1924 да 22.1.1931, адноўлены ў 1990) і Бюро ЦК КП(б)Б (з лістапада 1924 да кастрычніка 1930[1]), загадчык аддзела агітацыі і прапаганды ЦК (да 1926). Дэлегат ад КП(б)Б на V кангрэс Камінтэрна, член Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі.
Наркам земляробства (па II Усебеларускім з’ездзе саветаў, снежань 1920—1921), наркам асветы (у перыяд паміж снежнем 1920 і восенню 1921—1926). Дэлегат на Усебеларускіх (V—IX) і Усесаюзных (I—V) з’ездах саветаў, у складзе Прэзідыума ЦВК БССР (1924—1930) і ЦВК БССР (1920—1930).
Духоўная адукацыя: Віленскае духоўнае вучылішча, пяць класаў Літоўскай духоўнай семінарыі (выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі[1]), скончыў Магілёўскую семінарыю (1902, «па першаму разраду»).
Вышэйшая адукацыя: Санкт-Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут (нясконч., да верасня 1905), скончыў Юр’еўскі ўніверсітэт (да восені 1907, жнівень 1909—1911, «на выдатна»).
Настаўнік у г. Ладзейнае Поле Аланецкай губ. (восень 1907-студзень 1909), у прыватнай гімназіі Вінаградава (Вільня, 1912—1914), выкладчык гісторыі, потым прафесар у Мінскім настаўніцкім інстытуце (з ліпеня 1914 да 1919, у т.л. у час эвакуацыі Ін-та ў Яраслаўль, жнівень 1915-верасень 1918).
Старшыня Інбелкульта (з 1926), першы прэзідэнт Акадэміі навук (з 1929 да 26.12.1930), першы дырэктар Інстытута гісторыі АН (з 15.10.1929). Прафесар БДУ (1921—1930), старшыня таварыства гісторыкаў-марксістаў (1927—1928), член камісіі па перакладзе твораў Леніна на беларускую мову (1924—1930).
Падчас кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму 26 снежня 1930 зняты з пасады прэзідэнта БелАН. 16 студзеня 1931 ЦК КП(б)Б выключыла У. Ігнатоўскага з партыі як «лідара нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
У палітыцы
Член моладзевага гуртка партыі эсэраў (каля 1902—1905), удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, у тым ліку 1905—1907. Неаднаразова выключаўся з навучальных устаноў (з Літоўскай семінарыі, з Пецярбургскага інстытута двойчы, другі раз трапіў у адміністрацыйную высылку ў Аланецкую губерню з пазнейшай забаронай жыць у пяці найбольшых гарадах Расіі[1]). Арганізатар аўтаномнай культурна-асветніцкай арганізацыі эсэраўскага кірунку «Наш край» (Яраслаўль, 1915), ператворанай у маі 1917 у арганізацыю «Маладая Беларусь» з арыентацыяй на праграму Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі арганізоўваў, з платформы левых эсэраў, Савет у Яраслаўлі. Выбраны ў ЦК БСГ (на канферэнцыі ў чэрвені 1917).
Пасля расколу БСГ увайшоў у ЦК Беларускай партыі эсэраў як прадстаўнік аўтаномнай арганізацыі «Маладая Беларусь» (1918).
Не падтрымаў Раду БНР, бо выступаў супраць апоры на нямецкі манархічны, не-народны дзяржаўны лад[2]. Лічыў нерэальнымі спадзяванні на дапамогу заходніх дзяржаў або аслабленай Польшчы ў справе стварэння беларускай дзяржаўнасці. Адкідаў як прапольскую арыентацыю часткі беларускіх дзеячаў, так і эсэраўскую тактыку барацьбы на два фронты, супраць польскіх акупантаў і супраць савецкай улады.
У снежні 1919 з ініцыятывы Ігнатоўскага «Маладая Беларусь» парывае з БПС-Р, а 1 студзеня 1920 ён удзельнічае ў стварэнні арганізацыйнага цэнтра Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), з канца лютага 1920 — старшыня ЦК БКА, у тым ліку кіруе партызанскай барацьбой (Гл. таксама: Беларускі паўстанцкі камітэт). Карыстаўся падпольнай мянушкай «Воўк» (у час удзелу ў БКА).
Паслядоўна выступаў за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці ў час камуністычнай партыйнай дыскусіі 1920 года над гэтым пытаннем; падпісаў ад ЦК БКА Дэкларацыю аб абвяшчэнні ССРБ (31 ліпеня 1920). Член Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ (16 ліпеня 1920). Разам з БКА ўвайшоў у склад РКП(б) у ліпені-жніўні 1920.
Незразумелым застаецца эпізод з выездам Ігнатоўскага па сям’ю ў Саратаўскую губернію вясной 1921. Там ён, у невысветленых акалічнасцях, быццам трапляў у палон да паўстанцаў Антонава, але ў час рэпрэсій гэты эпізод, які даваў магчымасць абвінавачання Ігнатоўскага ў сувязі з Антонавым, не быў развіты.
Адмовіўся ўдзельнічаць у савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага дагавора.[3].
Актыўны распрацоўшчык і арганізатар ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. Належаў да той часткі партыйна-савецкага кіраўніцтва, якая настойліва дамагалася (з 1920) узбуйнення БССР.
Разам з тым, адмоўна паставіўся да ініцыятывы Рады БНР (1921) па развязанні беларускага пытання праз стварэнне аб’яднанай беларускай буфернай некамуністычнай дзяржавы.
Рэабілітацыя
31 кастрычніка 1990 Бюро ЦК КПБ прыняло рашэнне:
Улічваючы, што пастаўленыя супраць Ігнатоўскага У. М. пры выключэнні ў студзені 1931 г. з партыі абвінавачанні ў групавой антыкамуністычнай, контррэвалюцыйнай дзейнасці пры праверцы не пацвердзіліся, аднавіць яго (пасмяротна) членам КПСС з чэрвеня 1920 г. [4]
У навуцы
Стваральнік Навукова-тэрміналагічнай камісіі, пазнейшага Інбелкульту, пры Наркамаце асветы (1921).
Курс гісторыі Ігнатоўскага ацэньваўся як «першы марксісцкі курс беларускай гісторыі» (С. Вальфсон, пач. 1929). Зараз многія аспекты гэтага курса расцэньваюцца як спрошчана-сацыялагічныя[1].
Увёў перыядызацыю гісторыі Беларусі, заснаваную на яе дзяржаўнай прыналежнасці[1] — перыяды Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі, Расійскі, Беларусь пасля звяржэння царызму.
Першым у беларускай гістарыяграфіі пачаў ужываць быццам не-польскую форму імя Каліноўскага — Канстанцін-Кастусь замест Вікенці (Вікенці Канстанцін)[1].
Бібліяграфія
Больш за 30 навуковых прац, сярод іх:
- «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» (1921)
- «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (1922)
- «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (кніга доўга была школьным падручнікам гісторыі; 5 выданняў: 1-е ў 1919 (канфіск. польск. акуп. уладамі), 2-е ў 1921 (у Беларусі) і тады ж, але без дазволу аўтара ў Вільні, 3-е выд., папраўл. і дапоўн., у 1921, 4-е выд., пераробл., у 1926, таксама ў Вільні ў 1927, 5-е выд., перавыд. 4-га, у 1991)
- «Беларусь» (4 выданні)
- «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця» (3 выданні, 2-е ў 1926, 3-е ў 1928)
- «Каля магілы барацьбіта» (1927)
- «1863 год на Беларусі» (1930, манаграфія).
Нацыянальнае адраджэнне
Ігнатоўскі адносіў («Кароткі нарыс…») пачатак нацыянальнага адраджэння да канца 18-пач. 19 ст., і прывязваў яго, сацыяльна, да працэсаў разлажэння феадальнага і фарміравання капіталістычнага ладу. Лічыў, што доўгае знаходанне ў складзе Рэчы Паспалітай прывяло да запаволення фарміравання беларускай нацыі на пачатковай стадыі. Беларуская мова была забыта, інтэлігенцыя ў асноўным злілася з інтэлігенцыяй Польшчы. Аднак, абуджэнне цікавасці да беларусаў прывяло да ўтварэння і плённай працы «беларускай школы» у польскай літаратуры (Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі і інш.), да прац Шыдлоўскага, Лукашэвіча, Ярашэвіча, да адраджэння беларускай літаратуры Дуніным-Марцінкевічам, да навуковых прац Калайдовіча, Шпілеўскага, Кіркора, Мікуцкага, Юркевіча і інш., потым Бяссонава, Шэйна, Раманава, Нікіфароўскага і інш. Меркаваў, што станоўчы ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай свядомасці зрабіла паўстанне 1863-1864. Адзначаў вялікую ролю Багушэвіча, Яна Неслухоўскага, прац Карскага.
Новы этап нацыянальнага адраджэння, як меркаваў Ігнатоўскі, быў адкрыты на пач. 20 ст. са з’яўленнем інтэлігенцыі родам з народных нізоў, сярод якой: Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Багдановіч і інш. Далей, як меркаваў Ігнатоўскі, з утварэннем БССР у беларусаў з’явілася і навуковая магчымасць культурна-нацыянальнага будаўніцтва.
Паўстанне 1863—1864
У сваёй манаграфіі Ігнатоўскі ацаніў паўстанне як прагрэсіўны, бо скіраваны на вызваленне народаў Расійскай імперыі, рух буржуазна-дэмакратычнага характару. У магчымым вызваленні народаў Ігнатоўскі бачыў і значэнне паўстання.
Засяроджваўся, найперш, на сацыяльнай характарыстыцы дзейных сіл паўстання. Звярнуў увагу на падзел сялянства на тры часткі, нейтральную бальшыню, тых, хто падтрымаў паўстанне, і тых, хто выступіў «супраць панства».
Падкрэсліваў звяртанне «чырвоных» да беларускага сялянства, іх абяцанні зямлі і волі ў памерах, большых за царскія, лічыў што праграма «чырвоных» проціпаставіла не толькі сацыяльныя, але і нацыянальныя інтарэсы беларускага сялянства нацыянальным інтарэсам польскіх паноў і рускага самадзяржаўя. Лічыў рознагалоссі «чырвоных» і «белых» глыбейшымі ў Беларусі, чым у Польшчы, менавіта з прычыны гэтага проціпастаўлення. Праводзіў неабгрунтаваную думку пра сялянскі характар паўстання на беларускіх землях[1].
Гл. таксама: Паўстанне 1863—1864 у беларускай гістарыяграфіі.
Ацэнкі
Ігнатоўскі карыстаўся вялікай павагай у студэнтаў, быў называны «бацькам»[1]. Яму быў прысвечаны верш Зм. Жылуновіча «Беларускі народ» (1924). Наогул, да пачатку «анты-нацдэмаўскіх» рэпрэсій, і нават пэўны час пасля іх пачатку, Ігнатоўскі захоўваў моцную пазіцыю ў партыйна-савецкім кіраўніцтве БССР, прайшоў, без прынцыповых заўваг, дзве партыйныя чысткі (1924, канец 1929).
Пачатак палітычнай крытыкі быў змяшаны з крытыкай навуковых поглядаў Ігнатоўскага (дыскусія вакол характару паўстання 1863 з С. Агурскім, даклад камісіі ЦК ВКП(б) па абследаванні практыкі вырашэння нацыянальнага пытання пад кір. У. Затонскага, 1929). Пазней у віну Ігнатоўскаму было пастаўлена стварэнне ў Беларусі «асобнай камуністычнай арганізацыі» (БКА). Мяркуецца, аднак, што тагачаснае партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР дапамагло Ігнатоўскаму, у адрозненне ад іншых дзеячаў, выйсці з-пад першай хвалі «анты-нацдэмаўскіх» рэпрэсій (1929). Гл. таксама: Мікалай Галадзед, Аляксандр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч.
Аднак, у кастрычніку 1930 Ігнатоўскі быў уцягнуты ў новую хвалю палітычнага пераследавання, гэтым разам у сувязі з яго нібыта прыналежнасцю да «Саюзу вызвалення Беларусі». Было пачатае партыйнае расследаванне яго дзейнасці, Ігнатоўскі быў зняты з паста Прэзідэнта АН. Гл. таксама: Янка Купала.
У студзені 1931 усе абвінавачанні супраць яго былі не толькі пацверджаныя, але і пашыраныя, Ігнатоўскі быў выключаны з КП(б)Б (22.1.1931). Пачаліся допыты ў АДПУ, і назаўтра пасля аднаго з іх (3.2.1931) Ігнатоўскі застрэліўся.
У пазнейшы савецкі час асоба і творчасць Ігнатоўскага замоўчваліся, і атрымалі публічнасць толькі ў канцы 1980-х гадоў. Камуністычная партыя пасмяротна аднавіла членства Ігнатоўскага ў 1990 годзе[5].
Сям’я
Ігнатоўскі паходзіў з сям’і вясковага настаўніка, родам з сялян. Быў жанаты (з 1908) з Марыяй Севасцянаўнай Арэф’евай. Сыны: Міхаіл, Юрый, Валянцін. Уся сям’я трапіла пад рэпрэсіі. У кастрычніку 1936 года арыштавалі сярэдняга і малодшага сыноў У. М. Ігнатоўскага — Юрася і Валянціна. Яны абвінавачваліся ў тым, што быццам бы арганізавалі тэрарыстычную групу, бо «затаілі злобу супраць Савецкай улады і паставілі сваёй задачай помсціць за смерць бацькі». Юрый і Валянцін былі расстраляныя ў 1937 г.
Жонку У. М. Ігнатоўскага Марыю Севасцьянаўну арыштавалі ў жніўні 1937 года і як жонку «ворага народа» асудзілі на восем гадоў турмы. Пакаранне адбывала ў вядомым КарЛагу. Пасля вызвалення ў 1943 годзе паехала да адзінага жывога сына Міхася ў Кемераўскую вобласць, дзе і памерла ў 1951 годзе.
Старэйшы сын Міхаіл стаў гісторыкам, але не змог знайсці працу ў Мінску і ў 1934 годзе паехаў у Сібір. Там ён працаваў электрыкам, інжынерам, настаўнікам, і толькі на пачатку 60-х гадоў вярнуўся на Радзіму.
Узнагароды
Ордэн Св. Станіслава 3-й ст. і чын калежскага асэсара[6] (1915).
Памяць
Імя Усевалада Ігнатоўскага носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка. У 2017 годзе ў Беларусі выпушчана паштовая марка.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Анатоль Грыцкевіч. Уступны артыкул да 5-га выдання Кароткага нарысу гісторыі Беларусі.
- ↑ Ігнаценка, Кароль, С.14.
- ↑ Паводле яго ўласных словаў: «адмовіўся, як жа гэта так, усё ж такі — рэзаць Беларусь». Адметна, што гэтая адмова не трапіла ў абвінаваўчы матэрыял у час рэпрэсій
- ↑ Міхнюк, У. М. Сумленна служыў народу (да пытання аб палітычнай рэабілітацыі У. М. Ігнатоўскага) / У. М. Міхнюк // Акадэмік У. М. Ігнатоўскі: Матэрыялы навуковых чыіанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння /Склад. М. У. Токараў; Прадм. І. Я. Навуменкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 102 с. — С. 96. — ISBN 5-343-01472-0.
- ↑ Вядома, што дакументацыя на неабгрунтаванасць абвінавачанняў у антыпартыйнай дзейнасці Ігнатоўскага была падрыхтавана яшчэ ў 1979, у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, У. Міхнюком і М. Сташкевічам, аднак ніякай пастановы па ёй не рабілася.
- ↑ Відавочна, за ўдзел у выданні юбілейнага зборніка да 300-годдзя дому Раманавых (1913). Ігнаценка, Кароль. С.8,9.
Літаратура
- Iгнаценка I. М., Кароль А. С. «Пад сцяг чырвоны…» // Полымя, 1988, № 5.
- Iгнаценка I. М., Кароль А. С. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. — Мн.: Беларускі Дом Друку, 1991. — 123 с.
- Акадэмік У. М. Iгнатоўскі: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння. — Мінск, 1993.
Спасылкі
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі ў Вікіцытатніку | |
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі ў Вікікрыніцах | |
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі на Вікісховішчы |
- Ігнатоўскі. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі»(недаступная спасылка)
- ІГНАТОЎСКІ Усевалад Макаравіч
- ІГНАТОЎСКІ Усевалад Макаравіч 1-ы прэзідэнт НАН Беларусі
- Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Біябібліаграфічны паказальнік у рэпазіторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)