Ян Лехань
Ян Лехань (польск.: Jan Lechoń), сапр. Лешак Сэрафіновіч (польск.: Leszek Serafinowicz; 13 сакавіка 1899, Варшава — 8 чэрвеня 1956, Нью-Ёрк) — польскі паэт, літаратурны і тэатральны крытык.
Продкі Яна Леханя былі туркамі, што хрысціліся і з часам апалячыліся. У 1907 пачаў навучанне ў школе. У 1913 выдаў дэбютны зборнік вершаў «На залатым полі» (Na złotym polu), у наступным годзе выйшаў другі зборнік — «Па розных сцежках» (Po różnych ścieżkach), прысвечаны Леапольду Стафу. У 1916-20 навучаўся на філасофскім факультэце Варшаўскага універсітэта, але так яго і не скончыў.
Ян Лехань быў адным з заснавальнікаў у 1919 літаратурнай групы «Скамандар» (названа ў гонар ракі, што цякла каля Троі), куды ўваходзілі таксама Юліян Тувім, Антоній Сланімскі, Яраслаў Івашкевіч.
Вядомасць яму прынёс зборнік вершаў «Пурпуровая паэма» (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку ў прыватным жыцці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасля пэўны час лечыцца ў псіхіятрычным шпіталі.
У 1926-29 Ян Лехань выдае сатырычны часопіс «Варшаўскі цырульнік» (Cyrulik Warszawski). У 1925 атрымлівае прэмію Польскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў за зборнік вершаў «Срэбнае і чорнае» (Srebrne i czarne, 1924), а ў 1935 — прэмію Польскай акадэміі літаратуры.
З 1930 па 1939 працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразілію, пазней — у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газет і часопісаў, а ў 1942 — адным з заснавальнікаў Польскага інстытуту навукі і мастацтва ў Амерыцы. З 1924 па 1942 Ян Лехань не пісаў, хоць слава яго ўвесь час шырылася. У 1942 годзе ён выдае зборнік «Лютня пасля Бэкварка» (Lutnia po Bekwarku), а ў 1943 — «Арыя з курантамі» (Aria z kurantem). Адзін з апошніх вершаў Яна Леханя — «Іліяда».
Здзейсніў самагубства, скочыўшы з 12-га паверху гатэля «Гудзон». Сярод прычын гэтага называюць узмацненне камуністычнага рэжыму ў Польшчы або дэпрэсію з-за нападкаў праз яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены з Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе.
На беларускую мову некаторыя вершы пераклаў Максім Танк[6], Марыя Пушкіна, Ігар Жалткоў.
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11897744X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 6 мая 2014.
- 1 2 Jan Lechoń // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11897744X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 20 снежня 2014.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11897744X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.
- ↑ (unspecified title) Праверана 8 мая 2021.
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Спасылкі
- Пераклады на сайце «ПрайдзіСвет»