Яна і я
«Яна і я» — фальклорна-рамантычная паэма Янкі Купалы, завершаная 24 ліпеня 1913 года ў Акопах. Трэцяя з паэм, напісаных летам 1913 года ў Акопах, задумы якіх выкрышталізаваліся ў сувязі з вывучэннем Купалам беларускіх этнаграфічных зборнікаў. Упершыню надрукавана ў Мінску ў газеце «Беларусь» 19—10 красавіка 1920 года з падзагалоўкам «У цянётах жыцця». Аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. На загалоўным лісце аўтографа — назва: «„Яна і я“ (Песня) або 66 і яшчэ 6 песень. Ад песні да песні».[1]
Апісанне
Змест паэмы — паэтызацыя каляндарнага кола сялянскіх заняткаў, працоўных будняў, пастаянных клопатаў, рэдкіх святаў. Будзённае, звычайнае пададзена Купалам узбуйнена, велічна, тэма зямлі і сялянскага жыцця па-філасофску абагульнена. Аснова твора — народна-фальклорная традыцыя ў спалучэнні з вобразна-выяўленчымі тэндэнцыямі старажытных помнікаў сусветнай літаратуры («Песня песень» Саламона, «Турботы і дні» Гесіёда) і навейшай пастаралі («Чатыры пары года» К. Данелайціса, «Герман і Даратэя» І. Гётэ). Творчай развіццё паэмы ў духу народнай паэзіі, традыцый паэтычнага светаўспрымання паганскай даўніны, не звязанай з канкрэтнымі народна-фальклорнымі вобразамі і матывамі, робіць яе арыгінальнай і ўнікальнай. Пэўны сюжэтны рух лірычнай думкі ў паэме звязаны з раскрыццём узаемаадносін герояў, паказам іх сумеснага жыцця ад ранняе вясны да лета.[1]
Амаль кожны раздзел паэмы ўяўляе сабой абразок сялянскага жыцця-побыту: «У хаце», «Праталіны», «За кроснамі», «Выган у поле жывёлы», «Агляд поля», «Радаўніца», «Ворка», «Беліць палатно», «Сяўба», «Поліць агародніну», «На сенажаці». Толькі два раздзелы неабразковыя: першы — «Стрэча», у якім паэт уводзіць у ідэалізаваны свет абставін сельскага жыцця герояў, і апошні — «Краса свету», дзе падагульняюцца думкі і пачуцці да каханай. Уся паэма — адзіная ідэйна-мастацкая цэласнасць, плён індывідуальна-мастацкага ўвасаблення тэмы і ідэі (паэтызацыя жыцця і працы, апяванне жанчыны, яе прыгажосці, шчасця, кахання) і адначасова ідэялізаванае адлюстраванне мары паэта аб шчасці чалавека працы, гімн зямлі, жыццю, каханню. Купала — рамантык з вострым адчуваннем драматызму і трагізму ў рэчаіснасці антаганістычнага грамадства — упершыню так шырока ўславіў жыццё і працоўнага чалавека. Ён апаэтызаваў земляроба, які застаецца адзін на адзін з прыродай, яго прылады працы, прадметы штодзённага побыту і ўжытку.[1]
«Я песняй мілую сваю праслаўлю |
Я. Купала
З заключнага раздзелу паэмы «Яна і я» |
Культ каханай жанчыны авеяны ў паэме паэзіяй рыцарскай высакароднасці. Ён схіляецца перад Ёй як перад багіняй. Ён для Яе абаронца, заступнік, верны і бескарысны спадарожнік у жыцці. Ён працаўнік, дзеля каханай гатовы перабудаваць увесь свет, зрабіць яго ўтульным і светлым. Ад любасці да Яе шматфарбным, багатым на гукі і пахі паўстае перад Ім навакольны свет. Усё, што ні зробіць Яна, Яму здаецца поўным чараў, незвычайнага хараства. Каханне з’яўляецца зарукай іх шчасця, перамогі святла ў барацьбе з нягодамі.[1]
У заключным раздзеле вобраз каханай асацыюецца з вобразам маладой Беларусі. Героі паэмы сталі ўвасабленнем лепшых рыс характару беларускага селяніна-працаўніка — аптымізму, любові да зямлі, пяшчотнасці ў чалавечых адносінах.[1]
Паэма, у якой арганічна сінтэзаваныя нацыянальныя і агульнаеўрапейскія традыцыі, з’явілася новым варыянтам фальклорна-рамантычнай паэмы ў беларускай літаратуры: не гераічным, як «Курган», не аповесцевым, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральным, дзе ідылічным паказана зямное, паганскае, сялянскае, мужыцкае.[1]
Твор багаты інтанацыйнымі перападамі, нечаканымі паўзамі, чляненнямі сінтагм, насычаны клічнікамі, зваротамі, што добра вар’іруе рытміка-інтанацыйны лад твора. Пануючы памер — шасцістопны ямб.[1]
Водгукі
Паэма выключна своеасаблівая, зямная, паганская і ў той жа час па-беларуску ціхая, акварэльная і зноў, і зноў мужыцкая. Аляксандр Фадзееў[2] |
Пераклады і мастацкія ўвасабленні
На балгарскую мову паэму пераклаў Х. Папоў, на кітайскую — Чжу Цзы, на латышскую — А. Веян, на літоўскую — В. Бложа, на нямецкую — З. Эстэрайхер (урывак), на польскую — А. Баршчэўскі, Т. Хрусцялеўскі(польск.) бел., на рускую — Н. Кіслік, У. Раждзественскі, на румынскую — Т. Дэлча, на таджыкскую — М. Фархат, на ўкраінскую — Р. Лубкіўскі(руск.) бел.. На песню «Вяснянка» з раздзела «Поліць агародніну» Л. Шлег стварыла харавую паэму. А. Мдзівані напісаў хор. Паводле матываў паэмы М. Савіцкі напісаў жывапіснае палатно «На пакосе», М. Басалыга, А. Кашкурэвіч, Г. Паплаўскі, В. Шаранговіч выканалі графічныя творы.[1]
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 А. Лойка Яна і я // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 698—699.
- ↑ Александр Фадеев. За тридцать лет. — Москва, 1959. — С. 817.}}
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Яна і я» / Аўтар — А. Лойка — C. 369—370.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.124—128.
- А. Лойка Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.176—181.
- Ралько І. Вершаскладанне: Даследванні і матэрыялы. — Мн., 1981. — С.194—21, 60.
- Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.126—130.
- Таццяна Ярашэвіч Мадэль ідэальнага існавання ў паэме «Яна і я» Янкі Купалы: Урок беларускай літаратуры // Роднае слова : часопіс. — Мн.: 2012. — № 6.
Спасылкі
- Паэма «Яна і я» Архівавана 5 сакавіка 2016. на сайце Архівы Беларусі Архівавана 25 студзеня 2013.
- Паэма Янкі Купалы «Яна і Я» – гімн Жыццю, Зямлі, Жанчыне, Каханню (PowerPoint-прэзэнтацыя) Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Паэма Я.Купалы «Яна і я» (аўдыёкніга, выканаўца Аляксандр Ждановіч на сайце abook-club.ru