wd wp Пошук:

Альгерд Абуховіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абуховіч. Альгерд Абуховіч, Альгерд-Якуб Рышардавіч Абуховіч (25 ліпеня (6 жніўня) 1840, Калацічы Бабруйскі павет, цяпер у Глускі раён, Магілёўская вобласць — 10 (22) жніўня 1898, Слуцк; псеўданімы: Граф Бандынэлі; Olgerd gr. Bandinelli) — беларускі паэт , перакладчык.

Паходжанне

Паходзіў са шляхецкага роду Абуховічаў. Нарадзіўся ў сям’і Рышарда (Рычарда-Юліяна-Ксаверыя-Вінцэнта) Юзафавіча Абуховіча (1815—?) і Караліны Эсткі. Імёны продкаў пісьменніка не раз згадваюцца ў гісторыі.

У XVII — пачатку XVIII ст. род Абуховічаў вылучыў некалькі відных дзяржаўных і ваенных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, якія пакінулі таксама след у літаратуры, былі аўтарамі цікавых «Дыярыушаў» (аднаму з іх адрасаваны вядомы сатырычны «Ліст да Абуховіча»). Дзед Альгерда Юзаф Абуховіч быў шамбялянам (камергерам) польскага каралеўскага двара, удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, пасля чаго доўга хаваўся ва Украіне; прычыніўся ён і да паўстання 1831 года. Бацька меў тытул суддзі Мазырскага павета, яму належалі буйныя маёнткі Калацічы ў Бабруйскім і Грабава ў Мазырскім паветах. «… Тысяча „душ“ людзей мелі працаваць на хлеб для маладога Ольдзі…», — адзначалася ў мемуарах пісьменніка.

Яго прабабкай была Марыя Бандынэлі, якая паходзіла з італьянскага графскага роду Бандынэлі (Бандзінелі) і пайшла за Дамініка Вінцэнтавіча Абуховіча, што атрымаў 5 снежня 1738 пасаду мазырскага скарбніка. Італьянскі графскі род Бандынэлі даў свету нямала знакамітых асоб, у тым ліку скульптара (Бача Бандынэлі, які працаваў у XVI ст. у Фларэнцыі) і нават аднаго Папу Рымскага (Аляксандр III Бандынэлі, XII ст). Альгерд Абуховіч ганарыўся неардынарнасцю свайго роду (адсюль яго псеўданім). На схіле дзён, фактычна парваўшы са сваім класам і жывучы ў вялікай беднасці, ён усё ж адзначае ў сваіх мемуарах: «Я падпісваюся на маіх беларускіх творах „Граф Бандзінелі“; гэта прозвішча маёй бабкі, апошняй з гэтага роду… Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуццё нечага вялікага, сільнага…»

Біяграфічныя звесткі

Альгерд Рышардавіч Абуховіч нарадзіўся ў маёнтку Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі раён). Як было прынята ў заможных памешчыцкіх сем’ях, Альгерд атрымаў добрае хатняе выхаванне. У далейшым, паводле сведчанняў сучаснікаў, пісьменнік свабодна валодаў асноўнымі еўрапейскімі мовамі — французскай, італьянскай, англійскай, нямецкай, лёгка чытаў па-іспанску. Адным з яркіх уражанняў дзяцінства была паездка ў Кіеў у 1852, дзе хлопчыку зрабілі даволі складаную па тым часе аперацыю (ён меў ад нараджэння фізічную хібу — так званую «заечую губу»). Увосень таго самага 1852 Альгерд паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію. Школьнае навучанне супала з пярэдаднем вялікага грамадскага ўздыму ў краіне, які адыграў вырашальную ролю ў станаўленні дэмакратычнага светапогляду будучага пісьменніка. «Растучы, я развіваўся, а перада мною штораз харашэй рассцілаўся свет… насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных яны не бачылі», — гаварыў ён пазней у сваіх мемуарах. Пэўная ідэалізацыя далёкага часу юнацтва толькі рэльефней падкрэслівае ўзнёслыя настроі тагачаснай перадавой моладзі, да якой належаў пісьменнік.

У гімназіі А. Абуховіч правучыўся ўсяго некалькі гадоў (да 1854) і поўнага гімназічнага курса не скончыў. Для багатага юнака гэта было неабавязкова. Затое ён шмат падарожнічаў, жыў у Жэневе і Парыжы, дзе сустракаўся з многімі выдатнымі людзьмі таго часу, у тым ліку з кіраўнікамі польскай эміграцыі А. Чартарыйскім і Л. Мераслаўскім. У Жэневе, як цяпер устаноўлена паводле звестак замежных архіваў (рупнасцю швейцарскай беларусісткі М. Банькоўскі-Цюліг), будучы пісьменнік пражыў 8 месяцаў з восені 1858 да вясны 1859, у якасці вольнага слухача наведваў прырода- і літаратуразнаўчы факультэты тамашняй кальвінскай акадэміі. Тут умацавалася цікавасць А. Абуховіча да кальвінізму.

У 1862 пісьменнік некалькі разоў прыязджаў у Вільню, ёсць няпэўныя дадзеныя пра яго сувязі з У. Сыракомлем. Па некаторых звестках, не пацверджаных пакуль архіўнымі крыніцамі, А. Абуховіч удзельнічаў у паўстанні 1863 года, быў сасланы (нібыта нават у Сібір, што не зусім стасуецца з храналогіяй яго жыцця, зрэшты, яшчэ недастаткова вывучанай).

Вядома, што ў другой палове 1860-х гадоў пісьменнік ажаніўся (жонка памерла ў 1873), у 1878 зноў наведаў Кіеў. У мемуарных крыніцах (успаміны Я. Дылы) гаворыцца пра рэзкі канфлікт А. Абуховіча са сваякамі і ўсім памешчыцкім асяроддзем: пісьменнік хацеў усю зямлю аддаць сялянам, у выніку чаго ўзнікла пагроза аб’яўлення яго вар’ятам. Менавіта тады ён і пакінуў родны дом, забраўшы з сабой толькі любімыя кнігі.

Спачатку А. Абуховіч жыў у прыяцеля — удзельніка паўстання 1863 года Расудоўскага (маёнтак Курганы на Случчыне), потым перабраўся ў Слуцк, дзе займаўся рэпетытарствам. Цікава, што па афіцыйных дакументах за Абуховічам яшчэ ў 1884 лічыліся немалыя маёнткі ў Бабруйскім павеце (звыш 1360 дзесяцін зямлі), якія ацэньваліся амаль на 25 тыс. рублёў. Але яны, як і бацькоўскі маёнтак Грабава, былі закладзены-перазакладзены ў зямельным банку. У газетах неаднаразова аб’яўляўся продаж маёнткаў за даўгі, але калі ён адбыўся — дакладна невядома. Ясна адно — сацыяльны статус А. Абуховіча пад канец жыцця карэнным чынам змяніўся, нішто, апрача прозвішча і звязаных з ім генеалагічна-гістарычных асацыяцый (хоць, гэта таксама важна), пра былы арыстакратызм не нагадвала.

Па ўспамінах Я. Дылы, Абуховіч туліўся ў Слуцку бедным кватарантам ва ўладальніцы невялікага мяшчанскага доміка Федаровічыхі па Іванаўскай вуліцы. Адзіным яго багаццем была вялікая шафа з кнігамі. Сяброўскія стасункі падтрымлівалі з ім згаданы Расудоўскі, а таксама іншы ўдзельнік паўстання 1863 года К. Аколаў. Гуртаваліся вакол і маладыя сябры, з асяроддзя якіх выйшла нямала дзеячаў вызваленчага руху, культуры, навукі: Я. Дыла, П. Карповіч, I. Чудоўскі, А. Ярэміч і інш. Пісьменнік імпанаваў моладзі, паводле сведчання Я. Дылы, «як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова».

Магіла Альгерда Абуховіча на гарадскіх могілках у Слуцку.

Цесныя творчыя стасункі А. Абуховіча з Ф. Багушэвічам сведчаць пра блізкі абодвум дэмакратызм у поглядах на жыццё і перспектывы развіцця беларускай літаратурнай мовы[1]. I па ладу жыцця, і па светапогляду А. Абуховіч быў сапраўды шчырым дэмакратам. У прыватнасці, лічыў, што няўдача паўстання 1863 года абумоўлена тым, што земляўласнікі баяліся ўзняць на паўстанне беларусаў-сялян, каб у выніку не аддаваць паўстанцам зямлю. Літаратурная крытыка савецкага часу падкрэслівала, што пісаў ён у рэчышчы крытычнага рэалізму, прытрымліваўся прынцыпу народнасці літаратуры[2]

Пахаваны Альгерд Абуховіч у Слуцку. Яго магілу адшукаў краязнавец Рыгор Родчанка.

Паэзія

Пры жыцці творы А. Абуховіча не друкаваліся (прынамсі такіх публікацый не выяўлена). Яго творчая спадчына дайшла да нас толькі ў фрагментах. 3 арыгінальнай беларускай паэтычнай творчасці Абуховіча да нас дайшло пяць вершаў, калі не лічыць асобных вершаваных фрагментаў у тэксце яго мемуараў.

Магчымасці Абуховіча-паэта добра паказвае верш «Дума а Каралю XII»[1]. Гэты невялікі твор вылучаецца як своеасаблівым паэтычным майстэрствам, так і нетрывіяльнасцю поглядаў на гісторыю. У вершы сутыкаюцца, параўноўваюцца тры вядомыя гістарычныя асобы часоў Паўночнай вайны (пачатак XVIII ст.) — Мазепа, Пётр I і шведскі кароль Карл XII. Яны (апрача Карла XII) прама ў творы не называюцца, але лёгка ўгадваюцца, пазнаюцца, нягледзячы на арыгінальную абмалёўку іх аўтарам. Верш вытрыманы ў рамантычным ключы. Рэзкімі, суровымі фарбамі малюецца экспазіцыя, перадаецца трывожны настрой удзельнікаў драмы, які пераносіцца і на ўвесь твор, надаючы яму спецыфічны каларыт:

Зоры паўночы кроўю пылаюць,
   Снежны чырвонюць прасторы;
Людзям варожбы ліхі звяшчаюць,
   Зораў паўночных разоры.

Ось тры малойцы, — з асобна кожны, —
   Буйныя думы гналі з укрьшця;
На поўнач кідалі ўзгляды трывожны
   3 мыслю, што стрэнуць у жыцці.

У якасці крытэрыю для ацэнкі гістарычных асоб паэт выкарыстоўвае (прынамсі імкнецца да гэтага) ідэалы дэмакратыі, агульначалавечыя каштоўнасці. Важны крытэрый для яго ў гэтых адносінах — памяць «патомных». Разам з тым у ацэнках А. Абуховіча нямала суб’ектыўнага, спрэчнага. Сімпатыі аўтара на баку Карла XII, які паўстае ў вершы як ідэальны рамантычны герой, у адпаведным паэтычным антуражы.

Аўтар спрабаваў знайсці свае падыходы ў асвятленні мінулага. Несумненна, гэта было звязана з яго роздумам пра гістарычны лёс роднай зямлі, пра месца Беларусі паміж Усходам і Захадам. Як заўважыў А. Лойка, гэта «спроба ўбачыць родны край на скрыжалях гісторыі»[3].

Побач з Ф. Багушэвічам А. Абуховіч з’явіўся заснавальнікам жанру байкі ў беларускай паэзіі. Сёння вядомы чатыры яго творы гэтага жанру, калі не лічыць перакладаў дзвюх баек I. Крылова («Вяльможа», «Малпа і люстэрка») на польскую мову, якія захаваліся ў архіве. У «Беларускім календары на 1915» надрукаваны яго байкі «Ваўкалака» і «Старшына»[2].

Зварот А. Абуховіча да аднаго з самых дэмакратычных жанраў літаратуры заканамерны. У байках рэалізаваўся яго талент як сатырыка, уважлівага назіральніка і крытыка сацыяльных парадкаў і грамадскіх нораваў. Паэт умеў, адштурхоўваючыся ад класічных узораў, надаць сюжэту новы рух, пры гэтым «у кожную байку, па словах М. Гарэцкага, аўтар унасіў беларускі дух і склад»[4].

Байка «Старшына» сюжэтна нагадвае байку І. Крылова «Мирская сходка». Але гэта сатыра на парэформенную Расію, А. Абуховіч напаўняе свой твор адпаведнымі рэаліямі. Драпежны воўк праз хабары і сувязі становіцца войтам — наглядчыкам за безабароннымі авечкамі. Так вырашыў Леў-манарх на «вольным сходзе» ўсіх звяроў. Заключная афарыстычная сентэнцыя лёгка пераносіцца і на многія іншыя падобныя сітуацыі:

А авечкі што сказалі?
Іх на сход зусім не звалі,
А ўпісана ў пратаколе,
Што «авечкам дана воля».

Па сутнасці, перад намі мастацкае выкрыццё дэмагогіі і ханжаства, крывадушнасці ўлад самых розных часоў.

У байцы «Ваўкалак», звязанай з пэўнымі нацыянальнымі фальклорнымі і літаратурнымі традыцыямі, ставіцца праблема ўнутранай свабоды чалавека. Панскі паслугач Лыска заклікае вольнага Ваўкалака пайсці на службу да пана. Ваўкалак жа больш за ўсё на свеце цэніць сваю свабоду. Яе перавагі рознабакова і пераканаўча аргументуюцца:

Хоць галодзен — я свабодзен,
Гдзе мне цягне — там бягу,
На свабодзе прападу,
А ў няволю — не пайду!
Буду вольным ваўкалакам,
Ты ж — на прывязі сабакам!

Некаторыя даследчыкі не без падстаў адзначаюць пэўную аўтабіяграфічнасць гэтага твора (прынамсі можна гаварыць пра адпаведнасць праблематыкі асабістаму жыццёваму вопыту аўтара). Парваўшы са сваім класам, А. Абуховіч зведаў шмат цяжкасцей рознага парадку (у тым ліку бытавых), але ўнутрана разняволіўся, скінуў ланцугі каставых умоўнасцей. 3 другога боку, гордага самотніка Ваўкалака, які цураецца не толькі панскай ласкі, але і «сяла», гэта значыць, людзей наогул, зноў жа можна разглядаць як рамантычнага героя, супрацыіастаўленага прыземленаму Лыску.

Як і большасць баек А. Абуховіча, «Ваўкалак» мае свае паралелі ў сусветнай літаратуры, але ўвядзенне спецыфічнага і неадназначнага вобраза Ваўкалака, узятага з беларускай дэманалогіі, замест традыцыйнага Ваўка істотна ўзбагачае сюжэт, карэнным чынам паварочвае яго ў бок беларускай народнай культуры.

Не абмінаў А. Абуховіч у сваіх байках і традыцыйныя агульначалавечыя заганы. У даволі дасканалай у мастацкіх адносінах мініяцюры «Воўк і лісіца» выкрываюцца хітрасць і сквапнасць, характэрныя для людзей. Неаднамернай уяўляецца і байка «Суд». Суддзя Глушэц разганяе брахлівых сабак-адвакатаў і прысуджае да штрафу абодвух удзельнікаў судовай спрэчкі:

Воўк — бо хлусіць ён напрасна,
Ліс — бо злодзей.
Гэта ясна…

Здаецца, мудра вырашыў суддзя, але ў самім яго імені хаваецца іронія.

Перакладчыцкая дзейнасць

Вядома, што А. Абуховіч шмат перакладаў, перастварыў па-беларуску многіх паэтаў свету. Ён перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратур: І. Крылова, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера, В. Гюго, Дж. Байрана, Дантэ. Аднак гэтыя пераклады не захаваліся.[1]

Мемуары

Асаблівае месца ў творчасці Абуховіча займаюць мемуары — нязмушанае пісьменніцкае апавяданне пра сябе і сваю эпоху, напоўненае роздумамі пра час, літаратуру, вечныя праблемы чалавечага жыцця[1]. Упершыню гэтыя мемуары з’явіліся ў друку ў газеце «Гоман» у 1916 годзе пад назвай «3 папераў Альгерда Абуховіча». Рукапіс не захаваўся, публікацыя не найлепшай якасці, і даследчыкі маюць сёння клопаты з прачытаннем некаторых дат і прозвішчаў. Дастаткова сказаць, што асобныя мясціны твора нявопытныя публікатары датавалі 1904 годам, тады як у 1898 годзе пісьменнік памёр. Для ўзнаўлення правільнага тэксту мемуараў, як і для вывучэння жыццяпісу А. Абуховіча, шмат зрабілі Р. Родчанка, А. Мальдзіс, У. Казбярук і інш.

Сёння лічыцца даказаным, што мемуары пісаліся ў 1894 годзе ў Слуцку і часткова ў Зарэччы на Глушчыне.

Гэта параўнальна невялікі, але надзвычай ёмісты твор. Мемуары А. Абуховіча прывабліваюць не толькі цікавым зместам, але і каларытнасцю замалёвак, свабоднай, раскаванай формай, жывой, сакавітай мовай, шчырасцю, спавядальнасцю. Кавалкі ўспамінаў лёгка і натуральна спалучаюцца з дзённікавымі запісамі, з роздумам, з вершаванымі радкамі і пасажамі публіцыстычнага характару.

Запісы вяліся фрагментарна, А. Абуховіч звяртаўся да свайго рукапісу перыядычна, час ад часу. Усяго ў «Паперах Абуховіча» 12 фрагментаў або раздзелаў, якія можна разглядаць як своеасаблівыя празаічныя мініяцюры. Усе яны маюць свае назвы, некаторыя датаваныя. Звязаны яны паміж сабой па асацыятыўна-храналагічным прынцыпе. Пісьменнік не ставіў задачы паслядоўна апісваць усё сваё жыццё. Ён выбраў пэўныя моманты, паслядоўнасць якіх прадыктавана як храналогіяй, так у не меншай ступені і іншымі фактарамі (асацыяцыі, важнасць для «гісторыі душы», для духоўнага станаўлення аўтара-героя).

Першы фрагмент-раздзел мае назву «Успаміны Кіева». А. Абуховіч пачынае са свайго нараджэння і адразу пераходзіць да аднаго з самых яркіх дзіцячых ці падлеткавых уражанняў — паездкі ў Кіеў да хірурга Караваева. Па тым часе гэта была неардынарна паездка. Дабіраліся на ўласных конях — цэлым абозам — з немалымі прыгодамі. Аўтару паездка запомнілася да дробязяў, хоць ён свядома многае апускае:

Нестае ў мяне агня, каб апісаць мае тагачасныя дзіцячыя ўражанні, калі я ўбачыў Кіеў, а памятаю ўсё: і нейкага ваеннага старца, які раіў матцы маёй, — думаючы, што яна сама едзе лячыцца, — не звяртацца да дактароў, але піць ваду з Дняпра, бо святая; і аднаго з нашых фурманаў, вельмі харошага маладога русавалосага хлопца, каторы выказваў мне спачуццё, што мяне будуць «рэзаць», — сягоння бы паказаў яго, каб ён быў гэткі малады і гожы, як перад 40 з гарой гадамі…

У адзінаццацігадовага Альгерда, хоць ён мужна вытрымаў нялёгкую аперацыю, вельмі ўражлівае, чулае сэрца, якое і зрабіла яго пісьменнікам, дэмакратам, абаронцам прыгнечанага народа. Мемуарыст адзначае:

Міла было б спамінаць тыя патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і на свой спосаб выгоды, каб не дзве асобнасці тых часоў: прагавітая, падозрывая ўласць (паліцыя, жандармерыя) і пастаянны на ўсе бакі свіст розаг.

Пакаранні розгамі дваровых былі настолькі звыклай будзённай з’явай, што нават асвечаныя людзі маглі не толькі з лёгкім сэрцам ужываць гэту меру ў сваіх маёнтках, але (як успамінае Абуховіч) з усмешкай, не саромячыся расказваць пра гэта ў суседскіх салонах.

Закрануўшы ў I раздзеле пытанне аб бяспраўным становішчы сялян у эпоху мікалаеўскага царавання, А. Абуховіч палічыў патрэбным прадоўжыць размову:

Гэткія парадкі трывалі ў нас яшчэ цэлы год пасля нашай падарожы ў Кіеў, а перамена на леп-шае, якая пасля сталася, варта таго, каб яе апісаць у асобным раздзеле».

II раздзел носіць якраз назву «Палажэнне сялян». У ім расказваецца аб становішчы сялян у маёнтках Абуховічаў, гаворыцца аб пераменах у сувязі са смерцю Мікалая I і надыходам эпохі рэформ. 3 піетэтам характарызуецца тагачасная атмасфера грамадскага ўздыму, прызнаюцца заслугі ў гэтых адносінах «слаўнай памяці» Аляксандра II, які, што б там ні казалі, павярнуў Расію на шлях дэмакратызацыі. Іншая справа, што рэформы былі непаслядоўныя, неглыбокія і таілі ў сабе небяспеку новых грамадскіх канфліктаў.

Пасля разгляду гэтых айчынных спраў чарговы раздзел «Мая кніжка» пераносіць чытача ў Жэневу. А. Абуховіч закранае тут праблему асабістых маральна-духоўных пошукаў, з удзячнасцю ўспамінае англічанку пані Roberts, якая падаравала яму кніжку «Аб наследаванні Хрыста», што, паводле прызнання мемуарыста, на ўсё жыццё зрабілася яго любімай настольнай кнігай. Трэба думаць, глыбока засвоеныя хрысціянскія маральныя імператывы (у іх кальвінісцкім варыянце) аблегчылі яму шлях да свайго народа.

Не менш уплывалі сямейныя традыцыі. У раздзеле «Мой дзед» А. Абуховіч палічыў неабходным расказаць пра Юзафа Абуховіча. Фрагмент цікава арганізаваны: уводзіцца элемент дыялагічнасці. Спачатку Абуховіч прыводзіць уласнае чатырохрадкоўе:

Дзед мой бачыў Рабесп’ера
Адвакатам і акторам,
Ды не думаў, што кар’ера
Яго зробіць дыктаторам

А потым з гэтымі ж радкамі нібыта і спрачаецца:

Дзед мой Юзаф Абуховіч граф Бандзінелі, мабыць, ніколі не бачыў Рабесп’ера; калі быў у Парыжы і Версалі як шамбяляна польскага двара, то гэта будучая знамянітасць сядзела недзе яшчэ ў Арас. Калі ж закіпела рэвалюцыя і Рабесп’ер выплыў наверх, то дзед мой быў на іншым становішчы: спярша быў жаўнерам пад Касцюшкам, а пасля, як баніта, вынуты з-пад права, пад прыдуманым прозвішчам тры гады быў фурманам у ваяводзіхі Хадкевічыхі на Падолі…

Далей натуральны пераход да парыжскіх сустрэч 1860 года са стаўпом-лідарам польскай арыстакратычнай эміграцыі князем Адамам Чартарыйскім, які ведаў Юзафа Абуховіча.

Раздзел «Мая жонка», у адрозненне ад папярэдніх, мае дзённікавы характар: «Сягоння раніцай скончыўся 21 год ад смерці св. памяці маей жонкі». Пісьменнік нешматслоўна расказвае пра сваё нешчаслівае сямейнае жыццё і спрабуе аналізаваць прычыны гэтага. Віну ён цвяроза і мужна прызнае за сабой.

Расказвае А. Абуховіч у мемуарах і аб сваіх знакамітых італьянскіх суродзічах Бандынэлі, тым больш што яму неабходна было растлумачыць свой досыць экзатычны псеўданім. У канцы адпаведнага фрагмента прэтэнзіі А. Абуховіча, што яго род больш славуты, чым род А. Пушкіна.

Асобны фрагмент Альгерд Абуховіч вырашыў прысвяціць другому стаўпу тагачаснай польскай эміграцыі Людвіку Мераслаўскаму (у публікацыях напісанне прозвішча недакладнае — Міраслаўскі), з якім ён сустракаўся каля 1860 года ў Парыжы. Як вядома, Л. Мераслаўскі злучаў «чырвоныя», здавалася б, дэмакратычныя погляды са шляхецкім нацыяналізмам і шавінізмам, варожасцю да іншых народаў. Яго пазёрства («камедыянства») трапна адзначана А. Абуховічам, хоць мемуарыст заўважае і станоўчыя якасці, у прыватнасці, асабістую бескарыслівасць. Агульная ж ацэнка Л. Мераслаўскага як асобы і палітычнага дзеяча была не на яго карысць.

Наступны раздзел мемуараў зноў пачынаецца з дзённікавага запісу: «Зваліліся дзве навіны, як гром з яснага неба, аб дзвюх смерцях: пп. Адам Перасвет Солтан і Марка Узлоўскі ўчора развіталіся са светам». Далей з сімпатыяй расказваецца пра абодвух нябожчыкаў, якія былі жыхарамі слуцкіх ваколіц, паведамляецца, што Солтан пісаў у гімназіі беларускія сатырычныя вершы, праўда, у аўтарстве не прызнаваўся, выдаваў іх за чужыя. Размова пра блізкіх знаёмых, людзей неардынарных, па асацыяцыі працягваецца і ў IX раздзеле. Пра герояў сваіх аповедаў пісьменнік умее сказаць вобразна, метафарычна, у індывідуальным убачыць агульначалавечае, у побытавым — водбліскі вечнага: «Жыццё пана Адама можна прыраўняць да дня, ужо ж буднага, але каторы раніцай загарэўся чырвонай зоркай і да канца пагодна сышоў». У стылі адчуваюцца добра засвоеныя традыцыі заходнееўрапейскай, польскай мемуарыстыкі. «Успомніўшы дзеі мяча, пераходжу да кудзелі», — паважна пазначае аўтар пераход ад мужчынскай лініі да жаночай у радаводным экскурсе.

Важнейшае месца ў мемуарах займае невялікі X раздзел «Літаратурнае апраўданне», які сведчыць, што А. Абуховіч усведамляў сябе менавіта беларускім пісьменнікам, сур’ёзна ставіўся да літаратурнай працы, раздумваў аб шляхах развіцця беларускай літаратурнай мовы, суадносіў беларускі вопыт з вопытам іншых народаў. Пісьменнік спрачаецца з Ф. Багушэвічам, які, прагледзеўшы яго вершы, указаў на недастатковую чысціню яго мовы. А. Абуховіч адказаў чатырохрадкоўем, дзе адзначыў розную дыялектную арыентацыю іх «гаворак»:

У гаворцы ёсць ружніца
Між маею і Тваей:
Маей — пушчы, Птыч граніца,
Ты — Панарскі салавей!..

Гэта значыць, Ф. Багушэвіч карыстаецца мовай Віленшчыны, а А. Абуховіч — мовай Цэнтральнай Беларусі. «У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа», — сцвярджаў А. Абуховіч.

Блізкасць А. Абуховіча да народнай культуры найбольш яскрава выяўляюць апошнія раздзелы мемуараў — «Спас» і «Дзяды».

Абодва маюць дзённікавы характар (прынамсі адштурхоўваюцца ад дзённікавых запісаў) і набываюць асаблівую танальнасць, уключаючы этнаграфічныя назіранні. На Спаса аўтара ўпершыню ўшанавалі зваротам «Дзеду, дзедку!», што надзвычай яго расчуліла. Гэта здарылася ў Зарэччы пад Глускам. Па асацыяцыі аўтар расказвае некалькі цікавых гісторый, звязаных з Зарэччам, гісторый, якія сваёй незвычайнасцю і каларытнасцю сведчаць пра незасвоеныя яшчэ багацці роднай мінуўшчыны. У прыватнасці, расказваецца пра сялянскага заступніка Пяровіча (Пёровіча), якога можна назваць беларускім Кармалюком. Аднак у адрозненне ад Кармалюка постаць Пяровіча застаецца не даследаванай гісторыкамі. Тым каштоўнейшы запіс Абуховіча:

Быў гэта, мабыць, чалавек незвычайны, калі, будучы банітам, вынятым з-пад права, праз 20 гадоў трымаў у гразе цэлы павет. I хоць паходзіў з сялян, але быў чалавекам вельмі адукаваным, уроды гожай, мілы і красамоўны. Захаванне між сялянамі меў незвычайнае. Насіўся з нейкімі рэфарматарскімі планамі і для сваёй справы яднаў прыхільнікаў між сялянамі толькі»

Свята Дзядоў дало Абуховічу падставу для патрыятычнага запісу, прасякнутага трывогай за лёс роднай зямлі:

… Сколькі ж гэта бачыцца сяліб сягоння апаганеных, сколькі ж гэта дзядоў не мае па што заглядаць у дамовыя вогнішчы?! Сколькі ж гэта дзядоў не пазнала б сваёй нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косці.

Завяршаецца твор успамінамі, як у далёкай маладосці, напярэдадні паўстання 1863 года, аўтар адзначаў свята Дзядоў у Парыжы.

Мемуары А. Абуховіча — унікальны дакумент, каштоўны гістарычны помнік сваёй эпохі і адначасова самабытны літаратурны твор, дзе ў адну мастацка-дакументальную тканіну сплялося, сплавілася хуткаплыннае і вечнае, прыватнае і агульнае. У мемуарах назапашваўся плённы вопыт празаічнага маўлення, мастацкай прозы, заўсёды цяжкі для маладой літаратуры. Аўтар-герой гэтага твора паўстае перад чытачамі як шырокаадукаваны чалавек еўрапейскай культуры, гуманіст, патрыёт, надзвычай уважлівы да гісторыі і духоўных скарбаў свайго народа. Сам народ бачыцца са старонак мемуараў прыгожым, высокамаральным, духоўна багатым і здольным на барацьбу за лепшую будучыню.[1]

Творы

  • Творы. Мн., 1991.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Кісялёў Г. Альгерд Абуховіч…
  2. 1 2 Биографический справочник…
  3. Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. 2-е выд. Мн., 1989. Ч. 1. С. 230.
  4. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 266.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты XIX стагоддзя Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты Расійскай імперыі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі XIX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Расійскай імперыі Катэгорыя·Перакладчыкі з нямецкай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be