wd wp Пошук:

Анатоль Вярцінскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вярцінскі.

Анатоль Ільіч Вярцінскі (18 лістапада 1931, в. Дзямешкава, Лепельскі раён, Віцебская вобласць — 21 красавіка 2022) — беларускі паэт , драматург , публіцыст , літаратурны крытык, перакладчык[2], дзяржаўны дзеяч. Заслужаны работнік культуры БССР (1991).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956)[2]. Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў БССР (з 1964). У 1967—1982 — літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986—1990 — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва»[2]. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990—1995 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.

Памёр 21 красавіка 2022 года.[3]

Творчасць

Паэзія

Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я (студэнцкая газета «Беларускі універсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»).

Першая з напісаных ім паэм дала назву і першаму зборніку вершаў — «Песня пра хлеб» (1962). У ёй распавядаецца пра хлеб, пра тое, як ён выпякаўся маці ў вясковай печы ў часы маленства аўтара. Але ва ўсім гэтым такая паэтызацыя, узвышэнне праяў паўсядзённага жыцця, што чытач пранікаецца духам таго часу, адчуваючы водар хлеба, выпечка якога суправаджалася ўрачыстымі прыгатаваннямі і дзеяннямі. Пачынаецца твор з восеньскага пейзажу: паэт сузірае кружэнне кляновага лісця, што выклікае ў яго цёплыя ўспаміны аб мінулым, аб тым, як збіраліся лісты дзеля таго, каб на іх леглі боханы духмянага хлеба. Паэма — гімн хлебу, сялянскай печы, маці, чалавечай працы. Паэт у сваіх узвышаных роздумах сягае думкай у прасторы сусвету, аднак пры гэтым не адрываецца ад зямлі, ад жыццёвай асновы.

Аўтар кніг вершаў і паэм «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981). У аснове кніг — тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях. Найбольш значныя творы — ліра-эпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваеннай беларускай вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філасофская паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979)[2].

Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць.

Анатоль Вярцінскі адметны сваёй творчай манерай, спосабам паэтычнага выказвання думак і адчуванняў. Гэта паэт яскрава выражанай думкі, выразна сфармуляваных разваг, высноў, пытанняў. Для яго паэзіі ў значнай ступені характэрна выяўленне інтэлектуальнага пачатку. У той жа час у творах Вярцінскага рацыянальны бок паэзіі ўраўнаважваецца, гарманічна паядноўваецца з пачуццёвасцю, лірычнай шчырасцю і пранікнёнасцю.

> Мы дастаткова мелі іх,
радкоў, напісаных без роздуму,
што ні для сэрца, ні для розуму

— так паэт выказвае заклапочанасць агульным станам сучаснай яму паэзіі, безаблічнасцю і аморфнасцю многіх твораў, адсутнасцю ў іх выразнай ідэі, асэнсаваных адносін да з’яў рэчаіснасці.

Паэт разважае пра, здавалася б, простыя і будзённыя рэчы і з’явы, яго верш звычайна пазбаўлены яскравых метафар, параўнанняў. Аднак чытача захапляе характар разважанняў, даверлівасць і непасрэднасць размовы. Зварот паэта да побытавых рэчаў — падстава для таго, каб паразважаць над законамі і асаблівасцямі чалавечага жыцця.

Для кампазіцыйнай будовы вершаў А. Вярцінскага характэрна чаргаванне, супастаўленне розных пластоў рэальнасці, розных сфер жыцця. Часта і актыўна выкарыстоўвае паэт паўторы, сінтаксічны паралелізм, як сродкі для ўзмацнення мастацкай выразнасці.

Анатоль Вярцінскі робіць прадметам паэтычнага асэнсавання абстрактныя, агульныя паняцці. Выкарыстоўваюцца ім у якасці паэтычных вобразаў нават навуковыя тэрміны, як напр., у вершы «Дзве паралельныя прамыя». Але свет людзей, іх узаемадачыненні, лёсы — вось што ў першую чаргу хвалюе і захапляе паэта. Выяўляючы пэўную рэч матэрыяльнага свету, аўтар за ёй бачыць перш за ўсё чалавека. У вершы «Дынамік» створаны вобраз старой жанчыны, сыны якой загінулі на вайне і якая дажывае свой век у адзіноце. Гісторыя пра тое, як у старой жанчыны сапсаваўся радыёпрыёмнік і яна пайшла да майстра прасіць аб дапамозе, расказана аўтарам з прачуласцю, абвостраным спачуваннем, і чытач таксама пранікаецца гэтым пачуццём.

Рыфма ў вершах А. Вярцінскага вызначаецца багаццем сугуччаў, яркасцю, кантрастнасцю. На яе звычайна падае лагічны націск у вершаваным радку, звяртаецца найбольшая ўвага:

> Нярэдка яшчэ, ілюзіям верачы,
прымаем за веліч мы манію велічы.

Перагукванне слоў, падабенства іх гукавой абалонкі як бы наглядна паказвае небяспеку памыліцца, прыняць адну з’яву за іншую.

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).

Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» (1987).

А. Вярцінскі напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978, пастаўлена ў 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (1977, пастаўлена ў 1975), «Гефест — друг Праметэя» (1983, пастаўлена ў 1984). У 1983 г. выйшаў зборнік п’ес пад назвай «Дзякуй, вялікі дзякуй».

Пераклады

Пераклаў на беларускую мову п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М. Себасцьяна(руск.) бел. «Безыменная зорка(англ.) бел.», В. Пальчынскайтэ(літ.) бел. «Спяшаюся за летам», якія пастаўлены ў тэатрах рэспублікі, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі[2].

Прызнанне

Бібліяграфія

  • Жанчына. Мужчына. Каханне…: (лірыка) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2003. — 63 с.
  • Любоў адкрывае скарбы: (вершы, урыўкі з паэм) / Анатоль Вярцінскі // Сталасць думкі, маладосць душы: (зборнік паэзіі: для ст. школьнага ўзросту) / Уклад. Міколы Мятліцкага. — Мн.:, 2000. С. 182—249.
  • Трывожны досвітак: (артыкулы, выступленні, інтэрв’ю) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Беларусь, 1994. — 160 с.
  • Хлопчык глядзіць…: (выбраныя вершы і паэмы) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — 318 с.
  • Нью-йоркская сірэна: (публіцыстычныя нататкі) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1987. — 343 с.
  • Дзякуй, вялікі дзякуй!: (п’есы: для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Юнацтва, 1983. — 102 с.
  • Вечный восход: (стихи и поэмы: авторизованный перевод с белорусского) / Анатоль Вертинский. — М.: Советский писатель, 1982. — 159 с.
  • Святло зямное: (выбраныя вершы і паэмы) / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1981. — 430 с.
  • Высокае неба ідэала: літаратурная крытыка і публіцыстыка / Анатоль Вярцінскі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1980. — 333 с.

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 14 лютага 2022.
  2. 1 2 3 4 5 Вертинский Анатолий Ильич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 111. — 737 с.
  3. Памёр паэт Анатоль Вярцінскі, былы рэдактар газэты «ЛіМ» і дэпутат Вярхоўнага Савету svaboda.org
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — С. 397. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 441. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — С. 460. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6.
  • Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 302. — 2000 экз. — ISBN 985-11-0334-9.
  • Вярцінскі Анатоль Ільіч // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агульн.рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т.1. — С. 231.
  • Вярцінскі Анатоль Ільіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 460. — 702 с. — 9 500 экз.
  • Вярцінскі Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 72. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
  • Вярцінскі Анатоль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
    • Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102.
    • Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979.
    • Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979.
    • Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.
    • Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981.
    • Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167.
    • Бечык В. На асновй чалавечай роднасці… // Бечык В. Прад высокаю красою… Мн., 1984.
    • Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
    • Анатоль Вярцінскі // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты СССР Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі з балгарскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з венгерскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з латышскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з літоўскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з іспанскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі СССР Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be