wd wp Пошук:

Валянцін Антонавіч Лукша

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лукша.

Валянцін Антонавіч Лукша (16 лістапада 1937, Полацк — 2012) — беларускі паэт, публіцыст, драматург, перакладчык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і служачага. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956) і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1976). Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. У 1958 г. — інструктар Полацкага гаркама камсамола, камсорг трэста № 16 «Нафтабуд». З 1961 г. — літсупрацоўнік полацкай газеты «Сцяг камунізму», загадчык аддзела міжраённай газеты «Ленінская іскра» (Полацк), карэспандэнт Беларускага радыё, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена», адказны сакратар штомесячніка «На экранах Беларусі», з 1973 г. — старшы рэдактар, з 1975 г. — галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1980—1998 гг. — дырэктар выдавецтва «Юнацтва».

Творчасць

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1956 годзе (апублікаваны верш у «Віцебскім рабочым»). Выйшлі кнігі вершаў «Гарады нараджаюцца сёння» (1964), «Атава» (1969), «Споведзь» (1973), «Белыя берагі» (паэма-хроніка, 1981), «Радзімыя плямы» (вершы і фельетоны, 1982), «Сляды памяці» (вершы і паэма, 1986), «Агонь і попел» (драматычныя паэмы, 1989), кніжкі вершаў, казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Чароўны камень» (1987). Выдаў кнігі публіцыстыкі «Наша полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973).

Аўтар п’ес, пастаўленых на тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё, «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976), «Вецер веку» (паводле аднайменнага рамана І. Гурскага, 1977), «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Асоль» (паводле твораў А. Грына, 1984), “Пад шыфрам «Зорачка» (1985), «Чароўны камень» (1985).

Пераклаў п’есы С. Міхалкова «Дарагі хлопчык» (1986), М. Рошчына «Уся Надзея» (1986), Е. Тарахоўскай «Казка пра Ямелю» (1990). Напісаў лібрэта оперы «Барвовы золак» (пастаўлена ў 1979 годзе).

Узнагароды і прэміі

Амерыканскім біяграфічным інстытутам В. Лукшу тройчы надаваўся тытул «Чалавек Года»[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 Лукша Валянцін Антонавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»

Літаратура

  • Валянцін Антонавіч Лукша // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
  • Лукша Валянцін Антонавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 437. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты СССР Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be