На папасе
«На папасе» — драматычная паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1913 годзе. Упершыню надрукаваная ў 1913 годзе ў зборніку «Шляхам жыцця». Урывак з твору пад загалоўкам «Лявон» быў надрукаваны ў газеце «Наша Ніва» 15 жніўня 1908 года з подпісам І.Л. Белавы аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Паэма мае падзагаловак «Абразок з 1906 года». Разам з драматычнымі паэмамі «Адвечная песня» і «Сон на кургане» паэма засведчыла плённую працу Купалы ў галіне паэтычнае драматургіі і была адным з подступаў да стварэння першае нацыянальнае драмы «Раскіданае гняздо».[1]
Апісанне
Азначэнне, дадзенае аўтарам паэме («абразок»), дакладна раскрывае жанравыя асаблівасці твору. Купала малюе толькі адну карціну (абразок), у якой праступаюць рысы грамадскае атмасферы на Беларусі ў час рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў.[1]
Вясновай ноччу ў хвойніку каля гасцінца спыняюцца адпачыць трое падарожных сялян. Да іх прыблукаў Незнаёмы. Недавер сялян да прышлага часткова пахіснулі яго песня пра Лявона, а таксама расповяд пра ўласны нялёгкі лёс. І ўсё ж у іх застаецца няпэўнае ўражанне ад Незнаёмага. Яны пагаджаюцца з яго песняй, але не могуць пагадзіцца з вандроўніцкім жыццём Незнаёмага. Аднак калі да падарожных па’яжджаюць коннікі (відаць, паліцыя), якія шукаюць Незнаёмага, сяляне не выдаюць яго. Больш за тое, у іх узнікае сымпатыя да Незнаёмага.[1]
Галоўная ідэя твору — рэвалюцыянізацыя сялянства — реалізуецца паказам складанасці сялянскае псіхалогіі, яе маруднай перабудовы. Ломцы адвечных уяўленняў сялян спрыяе высакародства народнае маралі — спагада да абяздоленых, пакрыўджаных (ад непрыняцця Незнаёмага да спачування яму). Хоць твор не дае рэльефна акрэсленых мастацкіх характараў, Незнаёмы выступае як выразны алегарычна-сімвалічны вобраз. У агульным плане Незнаёмы ў паэме «На папасе» з’яўляецца правобразам Незнаёмага з драмы «Раскіданае гняздо», у якой вобраз Незнаёмага знайшоў разгорнутую і драматургічна дзейсную распрацоўку.[1]
Значную ідэйна-мастацкую нагрузку нясе ў творы песня пра Лявона. Стылізаваная ў фальклорным ключы, яна ў адрозненне ад фальклорных твораў мае больш канкрэтную прывязку да часу і выразную сацыяльную завостранасць. Аптымізм песні адпавядаў рэвалюцыйнаму аптымізму часу і самаахвярная доля Лявона з’яўляецца прыкладам героікі. Нездарма пазней у час нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняе Беларусі песня пра Лвона стала народнай (гарманізацыя У. Тэраўскага).[1]
Пераклады і мастацкія ўвасабленні
На рускую мову паэму пераклалі А. Пракоф’еў, С. Родаў, на англійскую (урывак «Лявон») — А. Пракоф’ева. Паэма ставілася на сцэне вучнямі Віленскай беларускай гімназіі (25 чэрвеня 1922 года), Радашковіцкае беларускай гімназіі (верасень 1922 года), калектывам Беларускае драматычнае майстроўні ў Вільні (16 сакавіка 1924 года), самадзейнымі артыстамі ў Полацку (май 1926 года), вучнямі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (Латвія) на літаратурным вечары, прысвечаным 50-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа (20 лістапада 1932 года).[1]
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 Р. Семашкевіч На папасе // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 418—419.
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «На папасе» / Аўтар — Р. Семашкевіч. — C. 418—419.
- Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980.
- Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971.