wd wp Пошук:

Сяргей Мікалаевіч Чыгрын

Сяргей Мікалаевіч Чыгрын (нар. 24 верасня 1958, в. Хадзявічы, Слонімскі раён) — беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст.

Біяграфія

Скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт БДУ. Працуе загадчыкам аддзела культуры і спадчыны «Газеты Слонімскай» і загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыве ў Слоніме.

Творчасць

Дэбютаваў вершам «Свеціць сонейка» у часопісу «Бярозка» (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008), «З беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песняй» (2010), «Па слядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012) і многія іншыя.

Апублікаваў сотні артыкулаў з даследаваннямі жыццёвага і творчага шляху Язэпа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмары, Яна Пятроўскага, Гальяша Леўчыка, Міколы Шкялёнка і іншых дзечаў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры. А таксама шэраг артыкулаў, звязаных з гісторыяй Слонімшчыны, беларускай эміграцыяй, літаратурнай Беласточчынай. Аўтар краязнаўчай кнігі «Янка Купала і Слонімшчына» (Слонім, 1993). Уклаў і выдаў літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка (Беласток, «Вяртанне да сваіх», 1999), гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка (Беласток, «Беларусь і суседзі», 2003), Сяргея Хмары «Рабінавы хмель» (2008), Леаніда Трубача «Паміж песняй і болем» і іншыя.

На беларускую мову пераклаў вершы французскіх паэтаў — Поля Элюара, Луізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Верлена і ўкраінскіх паэтаў — Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай і іншых. Пераклаў таксама п’есы А. Хайта, К. Манье, Э. Успенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф’евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых драматургаў. Многія спектаклі па п’есах гэтых драматургаў пастаўлены на сцэне Слонімскага беларускага драмтэатра і іншых тэатраў Беларусі. Напісаў таксама п’есу для дзяцей «Белая Мышка» (пастаўлена ў 2005). Аўтар шматлікіх паштовак, буклетаў, плакатаў, прысвечаных гісторыі Беларусі.

Зноскі

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 18. Кн. 1. — Мн., 2004. — С. 468.
  • Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік. — Гродна, 2000.
  • Карлюкевіч А. Радзімазнаўства. — Мн., 2010. — С. 270.
  • З росных сцяжын. — Мн., 2009. — С. 422.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з французскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be