wd wp Пошук:

Францішка Уршуля Радзівіл

Францішка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх (13 лютага 1705, Стары Чартарыйск, Рэч Паспалітая, цяпер Валынская вобласць Украіны — 23 мая 1753, Навагрудак, цяпер Гродзенская вобласць Беларусі) — пісьменніца, першая ў ВКЛ жанчына-драматург , таксама паэтэса і мастак.

Біяграфічны нарыс

Паходзіла з княжацкага роду Карыбут-Вішнявецкіх. Была адзінай дачкой кракаўскага кашталяна Януша Антонія Карыбута Вішнявецкага і Тэафілі Таіды з Ляшчынскіх. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю: авалодала некалькімі еўрапейскімі мовамі, добра ведала сусветную літаратуру, пісала вершы. У доме Вішнявецкіх панавала творчая атмасфера: бацька Францішкі быў здольным прамоўцам і літаратарам, пісаў духоўныя трактаты, панегірыкі і рэлігійныя песні. Пры яго двары ў Чартарыйску дзейнічала капэла, а дзядзька князёўны, Міхал Сервацый Вішнявецкі, меў прыдворны тэатр і, магчыма, сам пісаў для яго п’есы.

Выйшла замуж у 20 год, даволі позна па паняццях таго часу. Муж Францішкі Уршулі — кн. Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», дзяржаўны дзеяч ВКЛ і мецэнат быў найбагацейшым магнатам Рэчы Паспалітай, а таксама галавою ўсяго роду Радзівілаў. Тагачаснае жыццё ў Нясвіжы нельга было ўявіць без свят, банкетаў, паляванняў, шэсцяў, парадаў і гульняў. З ініцыятывы Францішкі Уршулі да іх далучыўся і тэатр — забава каралеўскага гатунку, у сталічнай Варшаве завадатарамі тэатральных імпрэз на той час заставаліся выключна каралі Аўгуст II і Аўгуст III.

Паколькі князь Міхал часта адсутнічаў у Нясвіжы з прычыны ўдзелу ў сеймах і трыбуналах, а таксама ў рэгулярных аб’ездах іншых сваіх уладанняў, маладая княгіня асабіста займалася вырашэннем большасці пытанняў па гаспадаранню і кіраўніцтву ў ардынацыі. Яна кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка пасля разбуральных войнаў са Швецыяй, бараніла Нясвіж ад наездаў расійскіх войскаў у 1730-х гадах, упарадкавала і папоўніла княскую бібліятэку, аднавіла друкарню. Вельмі рэдка пакідаючы Нясвіж, яна разгарнула вялікую культурна-прапагандысцкую і хрысціянска-асветніцкую дзейнасць. Літаратурны талент і здольнасці да вытанчаных мастацтваў дазволілі княгіні Францішцы ў дастаткова кароткі тэрмін зрабіць Нясвіж адным з цэнтраў культурнага жыцця ў дзяржаве.

Захапленне Міхала Казіміра і Францішкі Уршулі тэатрам пачалося ў 1740 г., калі іншаземнай трупай у Нясвіжскім замку быў пастаўлены першы спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці». Потым пастаноўкі наладжваліся сваімі сіламі. Спачатку паказвалі камедыі Мальера, «Заіру» Вальтэра, п’есы іншых еўрапейскіх аўтараў. Найбольш поўным жыццём радзівілаўскі тэатр пачаў жыць пасля 1746 г., калі яго ўзначаліла Францішка Уршуля. Да гэтага часу адносяцца і яе першыя драматургічныя творы. Амаль штогод з-пад пяра княгіні з’яўлялася па некалькі новых п’ес. Яны мелі павучальны сэнс. У адных Францішка Уршуля гаварыла аб неабходнасці адукацыі, у другіх — асуджала няверных мужоў ці захаплялася жаночай дабрачыннасцю, шчырасцю. Аднак дамінуючай тэмай яе драматургіі было каханне. Аб гэтым сведчаць нават красамоўныя назвы п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя», «Каханне — дасканалы майстар», «Дасціпнае каханне» і інш.

У творчасці Ф. У. Радзівіл можна вылучыць два перыяды. Першы (1725—45) быў двухмоўным, а ў жанравых адносінах — пераважна паэтычна-эпісталярным. Найбольш плённы перыяд драматургічнай творчасці і дзейнасці тэатра ў Нясвіжы прыпадае на 1746—52 гады, калі сама княгіня кіравала культурным жыццём у ардынацыі.

Апошнюю пастаноўку ў нясвіжскім тэатры 1752 г. «Дыярыуш» Міхала Казіміра Радзівіла датуе 27 лістапада, калі была выканана «аперэтка Еўропы» (г.зн. опера «Шчаслівае няшчасце»). Яшчэ раней, у кастрычніку, княгіня захварэла так цяжка, што нават напісала развітальны ліст мужу. Яна пражыла яшчэ паўгода. Хвароба, якая адступіла ў першыя месяцы 1753 г., нечакана абвастрылася 18 мая, калі княгіня, едучы ў Гродна, вымушана была спыніцца ў Пуцэвічах, вёсцы каля Наваградка. 19 мая хворую перавезлі ў Наваградак, дзе яна і памерла 23 мая ў доме бабруйскага старасты Лопата.

Паэзія

Францішка Уршуля Радзівіл з’яўляецца аўтаркай каля 80 паэтычных (недраматычных) твораў рознага аб’ёму — ад чатырох да ста пяцідзесяці радкоў. Жанравая сістэма і вобразна-мастацкая палітра яе паэзіі фарміравалася ў рэчышчы еўрапейскай слоўнай культуры эпохі барока і ранняга Асветніцтва. Творчая праграма паэтэсы грунтавалася на класічнай літаратурнай спадчыне антычнасці (творах Цыцэрона, Авідзія, Сенекі), фарміравалася пад уплывам заходнееўрапейскай (найперш французскай класіцыстычнай) паэтычнай школы XVII ст. (паэзіі Франсуа Малерба, Жана Лабруйера), але ў непасрэднай сувязі з мастацкімі здабыткамі айчыннай культуры Рэнесансу і барока (творамі Яна Каханоўскага, Андрэя і Гераніма Морштынаў ды інш.).

Першыя (зафіксаваныя ў рукапісах) паэтычныя вопыты княгіні Ф. У. Радзівіл нарадзіліся ў межах эпісталаграфіі. 3 вялізнай колькасці (больш за 1300) лістоў княгіні Францішкі найбольшую цікавасць уяўляюць чатыры вершаваныя допісы да мужа. У паэтычных творах гэтага жанру знайшла выяўленне канцэпцыя ліста-размовы, якая сфарміравалася яшчэ ў антычнай тэорыі эпісталаграфіі і набыла папулярнасць у французскай салоннай паэзіі XVIII ст. Аўтарка, згодна прадпісанням Цыцэрона, піша свае лісты «cotidianis verbis» («у паўсядзённых словах»). Традыцыйныя эпісталаграфічныя формулы спалучаюцца з «інфармацыяй сэрца».

Усе чатыры паэтычныя лісты да князя Міхала прасякнуты пачуццём тугі ў расстанні, нясуць на сабе моцную адзнаку гарачага суб’ектыўнага пачуцця. Тым не менш паэтэса пісала свае пасланні, яўна разлічваючы на больш шырокага адрасата, бо паміж радкоў яна фармулюе асноўныя пункты кодэкса ідэальнага кахання: вечная вернасць, прызнанне кахання найдаражэйшай каштоўнасцю, бязмежная туга і страта цікавасці да жыцця ў расстанні з каханым. С. Васілеўскі, характарызуючы паэтычныя лісты княгіні Радзівіл, бачыў у іх «буйную квецень пачуццяў без літаратурнай пудры і прычоскі»[4].

Шэраг паэтычных твораў Ф. У. Радзівіл прасякнуты выразным дыдактызмам. Парэнетычная накіраванасць з’яўляецца ідэйнай дамінантай паэтычнага твора княгіні пад назваю «Перасцярогі збавенныя alias інфармацыя жыцця…», які быў напісаны пасля нараджэння дачкі Ганны Марыі ў 1732 і прысвечаны ёй, а неўзабаве пасля смерці княгіні, у 1753, быў надрукаваны нясвіжскімі езуітамі. Пасля ўступнай малітвы ў пятнаццаці пунктах аўтарка фармулюе асноўныя пастулаты цнатлівага жыцця. Традыцыйныя хрысціянскія ўяўленні пераплятаюцца тут з гуманістычнымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія бяруць пачатак у «Маральных лістах да Луцылія» Сенекі. Так, парады «славіць у Тройцы Адзінага Пана», пазбавіцца пыхі, пазбягаць распуснасці і ляноты, шанаваць бацькоў спалучаюцца з услаўленнем мудрасці, сцвярджэннем прыярытэту духоўных каштоўнасцяў перад аздобамі жыцця. I калі парады набліжацца да ідэалу святасці (бясконцай спагаднасці і дабрачыннасці) інтэрпрэтуюцца ў рэчышчы хрысціянска-гуманістычнай дактрыны, то заклік да стрыманасці стасуецца таксама з уяўленнямі эпікурэйцаў і стоікаў пра ціхамірнасць душы, не абцяжаранай зайздрасцю і хцівасцю. Арганізуючым пачаткам усяго добрага і станоўчага прызнаецца Бог, таму ў апошнім пункце парада «запаведзяў тры-мацца старанна» спалучаецца з пажаданнем Боскага блаславенства для маленькай дачкі.

Толькі трое з сямі народжаных дзяцей Францішкі і Міхала Радзівілаў дасягнулі паўналецця. Страта кожнага дзіцяці была прычынаю вялікіх душэўных пакут для маці, і некаторыя з трагічных выпадкаў спрычыніліся да напісання жалобных вершаў. Так, з нагоды смерці двухгадовага першынца ў 1729 быў напісаны «Надмагільны надпіс… Мікалаю Крыштофу Радзівілу», а смерць 17-гадовага Януша ў 1750 выклікала да жыцця «Спачуванне над сынам» («Развітанне з сынам…»). Абодва фунеральныя творы паводле жанравых адметнасцяў набліжаюцца да эпіцэдыя, які ў адрозненне ад пераважна лірычнай і інтравертаванай эпітафіі вылучаўся рытарызмам і быў насычаны панегірычнымі элементамі. Так, смерць маленькага сына Мікалая асэнсоўваецца ў тыповых вобразах элегічнай барокавай паэзіі, большасць якіх канцэнтруецца вакол матыва «жніва смерці». Такі выбар аўтаркі дазваляе ёй стварыць адмысловы паэтычны аксюмарон: Мікалай, які нарадзіўся ў маі, а памёр у чэрвені, прыпадабняецца да «майскай кветкі», якую заўчасна, яшчэ летам, сцяла каса смерці, або да маладога звера, загнанага паляўнічымі ў маі (у той час як паляваць дазваляецца толькі восенню).

Аплакванне Мікалая — гэта не толькі і не столькі асабісты боль маці, колькі ўсведамленне незваротнай страты для магнацкіх родаў Радзівілаў і Вішнявецкіх, для дзяржавы. Адыход з жыцця княжыча асэнсоўваецца праз геральдычныя знакі герба Радзівілаў (арла і трубы) і Вішнявецкіх (зорка, крыж і месяц), праз дамінуючыя колеры (жоўты і блакітны) гэтых гербаў, праз кароткі экскурс у гісторыю славы двух каралеўскіх родаў. Толькі зрэдку голас мацярынскай роспачы прарываецца праз пакорлівыя словы малітвы да Бога, праз узнёсла-сімвалічныя рытарычныя пасажы.

Цыкл вершаваных партрэтаў «Апісанне дам яснавяльможнай княгіні Ям-ці Радзівіл, канцлеравай В. Кн. Літ.» быў напісаны, найверагодней, у 1733, калі княгіня Францішка гасцявала ў свекрыві (той самай згаданай у загалоўку канцлеравай) Ганны Кацярыны Радзівіл з Сангушкаў. Гэта — тыповы ўзор прыдворнай паэзіі, створаны пад уплывам французскай салоннай культуры XVII ст. Вершаваныя партрэты Ф. У. Радзівіл — пераважна кампліментарныя, яны выконвалі рэкрэатыўную функцыю, а таму адрозніваліся слоўнай вытанчанасцю, перыфрастычнасцю.

Функцыянальна гэты жанр энігматычнага. Загадкі, складзеныя паэтэсай, былі змешчаны ў выданні яе драматычных твораў 1754 пасля тэксту трагедыі «Справа Боскай наканаванасці». У некаторыя свае загадкі княгіня Францішка ўплятала павучанне (паказальная ў гэтым плане загадка пра золата).

Актыўная ў свецкім жыцці княгіня Францішка не абмінала ў паэтычнай творчасці адметных фактаў прыватнага жыцця свайго атачэння. Так узнік шэраг вершаў з пэўнай нагоды. Паэтычныя творы разнастайныя паводле зместу і настрою. Гэта вершы-прывітанні, вершы-развітанні, вершы-падзякі, суправаджальныя вершы і г.д. Нагодаю для напісання верша магло стаць вяселле або праявы пачуццяў сяброўскай прыязнасці, ці нават княскае паляванне або дасыланне пячаткі Лявонам Міхалам Радзівілам яго жонцы Ганне з Мыцельскіх.

Значную частку паэтычнай спадчыны княгіні Радзівіл складаюць лірычныя вершы, у якіх аўтарка імкнецца зафіксаваць праявы «самаўладдзя душы». Нясвіжская паэтэса выказвае сваё асабістае разуменне сутнасці ўзаемаадносін паміж жанчынай і мужчынам («Я часта тых людзей не разумею…», «Няшчырыя зменных афектаў забавы…»), з вышыні жыццёвага вопыту ацэньвае сучасную ёй эпоху («Чытаць характары хто ўмее…»), фармулюе ўласную стратэгію ўнутранага жыцця («Жальба», «Верш з нараканнем на замужжа»). Пры гэтым аўтапрэзентацыя датычыцца найчасцей сферы яе інтымных пачуццяў.

Лірычныя вершы часам апранаюцца у формы традыцыйнай рэлігійнай паэзіі. Але і вершы, звернутыя да Бога, становяцца паэтычнымі ілюстрацыямі розных станаў душы хрысціянкі, якія адпавядаюць тром часткам ружанца (радаснай, жалобнай і хвалебнай): гэта вызнанне веры і пакорлівая малітва («Божа, Ты свету ўсяго абаронца…»), або скрушныя ўспаміны пра пакуты Хрыста (вольная травестацыя гімна «Stabat Mater» «Езу, з ран тваіх крывавіць…»), або славаслоўнае замілаванне цудам Боскага стварэння («Заклік да стварэнняў славіць свайго Створцу»). Іншым разам біблейскі топас можа служыць мастацкім фонам для разгортвання маральнага канцэпту аўтаркі (верш «Пра рай салодкія ўспаміны»). Менавіта лірычныя вершы княгіні Радзівіл — найбольш паслядоўныя ў засваенні эстэтыкі і стылістыкі барока.

Мастацкія сродкі і прыёмы дапамагаюць аўтарцы ў раскрыцці ўласнай філасофіі жыцця, перадусім — жыцця ўнутранага. На думку адукаванай арыстакраткі, яе асабісты духоўны вопыт быў варты таго, каб зрабіць яго грамадскім здабыткам, яна, як і іншыя паэты эпохі барока, адчувала сябе шчаслівай уладальніцай ісціны. Гэтае пачуццё выклікала ўсведамленне інтэлектуальнай элітарнасці.

Істотнай акалічнасцю з’яўляецца «неахайнае» стаўленне Ф. У. Радзівіл да праблемы аўтарства. 3 аднаго боку, княгіня Францішка лічыць магчымым перапісаць уласнай рукою верш французскага паэт Франсуа Малерба і «забыцца» занатаваць у рукапісе імя аўтара, з другога — прыпісвае свае вершы аўтарству іншых асоб (як, напрыклад, «Падзяка яснавяльможнага князя Ям-ці Лявона Радзівіла…» або «Верш на ўспамін яснавяльможнай Ям-ці панне Ганне Мыцельскай…»).

Проза

Няпэўным прызнаецца аўтарства княгіні Ф. У. Радзівіл у дачыненні да празаічных трактатаў на французскай мове, якія змешчаны ў рукапісным зборы «Манускрыпт розных вершаў мною скампанаваных і загадам Ям-ці мужа майго каханага маёй уласнай рукой перапісаных […] у Нясвіжы 29 сакавіка 1732 года». У творах «Пра ўзаемныя абавязкі мужчыны і жанчыны…», «Дачыненні з іншымі і скрытнасць» паслядоўна разглядаюцца розныя праблемы сямейнага жыцця, прыводзіцца лагічная аргументацыя асноўных пастулатаў для забеспячэння шчасця ў шлюбе: мудрая абачлівасць, пабожнасць сужэнцаў, узаемнае выкананне шлюбных абавязкаў, прыстойнасць і прыязнасць, ветлівасць і дабрадзейнасць. У трактаце «Пра шлюб» раскрываецца як духоўная (рэлігійная), так і сацыяльная прырода саюза мужчыны і жанчыны, фармулююцца мэты шлюбу, разглядаюцца яго віды, а таксама даюцца парады, як зрабіць правільны выбар, каб шлюб быў шчаслівым. Відавочна, што акрэсленае кола разгледжаных у франкамоўных трактатах пытанняў уяўляла надзвычайную цікавасць для паэтэсы, творчасць якой з самага пачатку тэматычна і вобразна была выразна скіравана на тэму кахання, прынамсі ў шлюбе.

Драматургія

Ф. У. Радзівіл, пачынаючы з 1746, пісала па дзве-тры п’есы ў год і ставіла іх на тэатральных сцэнах у Нясвіжы і Альбе. Пасля замужжа княгіня рэдка выязджала за межы радзівілаўскіх рэзідэнцый. Частыя роды, слабае здароўе не дазвалялі ёй падарожнічаць, таму яе «тэатральная адукацыя» адбывалася дома, у бібліятэцы. Ад паэтычна-драматычных абразкоў яна перайшла да камедый, трагедый і оперных лібрэта.

Асаблівасцю драматургічнай творчасці Ф. У. Радзівіл з’яўляецца тое, што яна пісала непасрэдна для сцэны: як толькі якая-небудзь трагедыя або камедыя была падрыхтавана, любая сямейная ўрачыстасць магла служыць зручнай нагодай для яе пастаноўкі. Пры гэтым часцей за ўсё не было ўнутранай сувязі паміж відам адпаведнай урачыстасці і жанрам пастаўленай п’есы: сур’ёзную рэч ставілі, калі было напісана што-небудзь сур’ёзнае, вясёлую — калі была ў наяўнасці камедыя.

Ёсць падставы сумнявацца, што Ф. У. Радзівіл пачала пісаць драматычныя творы толькі ў 1740-х гадах: фрагменты некаторых п’ес, напэўна, былі напісаны раней. Магчыма, некаторыя п’есы ў чарнавым выглядзе маглі з’явіцца яшчэ да 1732, калі княгіня актыўна разважала над праблемамі кахання і шлюбу. Аднак паколькі не захавалася сведчанняў пра ранні драматургічны вопыт Ф. У. Радзівіл, то адпраўным пунктам яе драматургічнай і рэжысёрскай дзейнасці варта лічыць 13 чэрвеня 1746, калі ў Нясвіжы ў летняй рэзідэнцыі Альбе адбылося прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне», прымеркаванае да святкавання 44-годдзя князя Міхала Казіміра.

Пасля пастаноўкі першай п’есы заахвочаная пахвалою мужа Ф. У Радзівіл распачынае трывалую працу па складанні рэпертуара для нясвіжскага тэатра, прычым інтэнсіўнасць гэтай працы, таксама як драматургічнае майстэрства аўтаркі, узрасталі год ад года. У 1746, пасля першай камедыі, княгіня напісала яшчэ адну п’есу пад назваю «Справа Боскай наканаванасці». Гэты твор, пазначаны аўтаркай як «трагедыя», распачынае шэраг п’ес Ф. У. Радзівіл, якія ўяўляюць сабою драматычную апрацоўку казачных сюжэтаў. Так, сюжэтная аснова вышэйназванай «трагедыі» — вядомая ў еўрапейскім фальклоры казка пра праўдзівае люстэрка ў руках ліхой мачахі і заснуўшую прыгажуню. 3 прычыны таго, што ў якасці акцёраў пры пастаноўцы гэтай п’есы выступалі князёўны Тэафіля і Караліна Радзівіл, можна дапусціць, што менавіта дзеці падказалі маці для творчага выкарыстання тэму з вядомай казкі. Супастаўленне сюжэта п’есы «Справа Боскай наканаванасці» з рознымі інтэрпрэтацыямі адпаведнага зыход-нага сюжэта ў фальклоры розных народаў сведчыць пра беларускае або ўкраінскае паходжанне сюжэтнай першакрыніцы твора. Між тым наіўную чароўную фабулу народнай казкі Ф. У. Ра-дзівіл напаўняе маралізатарскім пафасам. П’еса становіцца ілюстрацыяй аднаго з цэнтральных матываў творчасці княгіні: усё, што адбываецца ў свеце, — гэта справа Боскай наканаванасці. Цэнтральнае месца ў п’есе займае не люстэрка, здольнае размаўляць, а жорсткая бязбожная маці, якая страчвае знешнюю пры-гажосць за тое, што становіцца душэўнай пачварай.

У камедыі «Каханне — зацікаўлены суддзя» Ф. У. Радзівіл узнаўляе гісторыю траянскага каралевіча Парыса ад яго нараджэння да прыезду ў Трою з чароўнай Аленай. Цыкл старажытнагрэчаскіх міфаў, у якіх падавалася гісторыя Траянскай вайны, з антычных часоў карыстаўся вялікай папулярнасцю. Аднак, нягледзячы на вялікую колькасць папярэднікаў у справе драматургічнай апрацоўкі траянскага міфа, Ф. У. Радзівіл пры стварэнні камедыі пра Парыса вырашыла пайсці сваім шляхам. Пісьменніца па-свойму трактуе асобныя падзеі, кампануе сюжэт, змяняе імёны герояў. У сваёй п’есе яна выявіла новае, «арыстакратычнае» разуменне сутнасці траянскага міфа, па-новаму расставіла акцэнты. Яна цалкам рэабілітуе Парыса і Прыама, у той час як папярэдняя літаратурна-драматычная традыцыя разглядала іх як адмоўных персанажаў, што адступіліся ад волі багоў. Вобраз галоўнага героя атрымлівае прынцыпова новую мастацкую трактоўку: у знакамітай сцэне з «трыма грацыямі» Парыс прызначае «яблык звады» Венеры без усялякіх ваганняў (у адрозненне ад міфічнага героя). Ён лічыць, што мусіў бы баяцца асуджэння багоў, калі б аддаў яблык дзеля набыцця ўлады або мудрасці, а не дзеля кахання. Падарожжа Парыса ў Грэцыю таксама атрымлівае новую інтэрпрэтацыю. Паводле міфа, траянскі царэвіч збіраецца ў дарогу дзеля вызвалення сястры Прыама Гесіоны з патаемнай надзеяй завалодаць у Спарце абяцанай Аленай. Радзівілаўскі Парыс нібыта зусім забываецца пра падарунак Венеры: саромячыся сваёй непісьменнасці, ён выпраўляецца ў далёкае падарожжа для таго, каб у цывілізаваных краінах атрымаць адукацыю. Такі сюжэтны ход Ф. У. Радзівіл ужывае найперш у дыдактычных мэтах, як павучанне для дзяцей, а ў болып шырокім плане такое пераасэнсаванне міфа можна разглядаць як вынік уплыву ідэалогіі Асветніцтва з яе культам навукі і адукацыі.

У аснове сюжэта п’есы «Безразважлівы суддзя» ляжыць гісторыя хрысціянскіх сясцёр-пакутніц часоў імператара Дыяклетыяна — Агапіі, Хіоніі і Ірэны. У жанравых адносінах драма набліжаецца да сярэднявечных маралітэ. Аднак Ф. У. Радзівіл творча перапрацавала прагматычны матэрыял жыція з мэтай надання яму сапраўднай драматычнасці. Яна апусціла некаторыя жыційныя персанажы, звузіўшы тым самым сюжэтную прастору п’есы. Галоўныя гераіні аказаліся, такім чынам, у цэнтры ўвагі. Г. Барышаў заўважаў, што ў трагедыі «акцэнт рабіўся на велічнасці і мужнасці духу, які не змаглі скарыць ні ўгаворы змяніць рэлігію, ні катаванні і прыніжэнні»[5].Галоўныя дзейныя асобы тут — жанчыны, узвелічэнню і паэтызацыі якіх прысвечана ўся драматургічная творчасць аўтаркі. Таксама гэтае жыціе магло прыцягнуць яе ўвагу наяўнасцю ў ім дыялогаў — першапачатковага элемента любой драмы. Апавядальныя эпізоды жыція Ф. У. Радзівіл драматызуе з пісьменніцкім майстэрствам. Характарызуючы галоўных гераінь, аўтарка звяртае ўвагу на «ўнутраны», духоўны аспект іх святасці. Дзеля гэтага яна ўводзіць у п’есу разгорнутыя маналогі, з якіх вынікае дасведчанасць сясцёр у пытаннях тэалогіі і глыбіня іх веры. Зразумела, што гэтымі глыбокімі ведамі надзяліла іх сама аўтарка. Да гэтага можна дадаць і талент княгіні Радзівіл як інтэрпрэтатара хрысціянскага веравучэння, выкладзенага ў трагедыі ў паэтычнай форме. Да артадаксальных догматаў паэтэса далучае элементы прыродазнаўчых навук. Падкрэсліваючы духоўную святасць пакутніц, аўтарка значна менш увагі надае апісанню цудаў. Напэўна, яна не хацела перагружаць п’есу шматлікімі цудамі, якія маглі адцягнуць увагу гледача і знізіць патэтычную танальнасць дзеяння.

Камедыя «У вачах нараджаецца каханне» адкрывае цыкл п’ес, якія польскі даследчык Ю. Кжыжаноўскі называе антычна-ўсходне-пастаральнымі. Дзея ў камедыі адбываецца на Кіпры, у антычныя часы. У цэнтры ўвагі аўтаркі праблема ўлады таямнічай моцы кахання над чалавекам. Князь Філаксіп не можа да часу зразумець кахання караля Паліксена да княгіні Арэтафілі, кпіць з яго любоўных пакут і не прызнае над сабою ўлады «велічнай багіні пачуццяў» — Венеры. Аднак тая, насуперак просьбам Філаксіпа, неўзабаве пасылае яму каханне, прычым даволі арыгінальным спосабам. Філаксіп пакахаў выяву багіні Венеры на карціне мастака Мандрокла. Нечакана каля храма Венеры ён сустракае «арыгінал» — Палікрыту, цалкам падобную да выявы багіні на палатне. Прайшоўшы праз шэраг выпрабаванняў, закаханыя ўз’ядноўваюцца ў шчаслівым саюзе. Такім чынам, аўтарка прыводзіць чытача да высновы, што кожны чалавек хоць раз бывае пераможаны каханнем. У адным з эпізодаў камедыі княгіня Радзівіл выступае як палітык-аматар, калі прапануе сваю мадэль ідэальнай дзяржавы.

У 1750 з-пад пяра Ф. У. Радзівіл выходзіць трагедыя «Золата ў агні». Сюжэт п’есы вядомы з навелы Бакачыо: гэта гісторыя маркіза Салуцкага, які ажаніўся з беднай дзяўчынай Грызельдай, а потым жорстка выпрабоўваў жонку на вернасць і пакорлівасць сваёй волі. Навела паслужыла асноваю аповесці Г. Морштына «Пра Прамыслава, асвенцымскага князя, і Цэцылію, жонку яго дзівоснай дабрачыннасці» (1650), адкуль Ф. У. Радзівіл запазычыла імёны галоўных дзейных асоб. Першапачатковая калізія заключаецца ў тым, што асвенцымскі князь Прамыслаў не жадаў браць шлюб, але, заахвочаны сваімі падданымі, вырашыў сам выбраць сабе жонку. Аднойчы ён выпадкова пазнаёміўся з Цэцыліяй, дачкой збяднелага шляхціца. Правёўшы сваю жонку праз шэраг жорсткіх выпрабаванняў, Прамыслаў робіць, нарэшце, апошні іспыт: праганяе Цэцылію і абвяшчае ёй, што возьме іншую жонку. Радзівілаўскую Цэцылію належыць успрымаць як жывое ўвасабленне жаночай цярплівасці і паслухмянасці.

Па сюжэце галантна-куртуазнай камедыі «Адпачынак пасля клопатаў» княгіня Партэнія, якая спачатку шмат папакутавала ад нявернага мужа князя Саляміс, а потым была бязвінна скампраметаваная, прыходзіць у храм багіні (напэўна, Венеры), каб спытаць пра свой далейшы лёс. Багіня ў сваім прароцтве абяцае шчасце ў каханні з тым, хто палюбіць княгіню, не бачачы яе твару. У выніку кіпрыйскі князь Тымант менавіта так і закахаўся ў Партэнію. Для таго, каб праверыць пачуцці князя, Партэнія прыдумвае наступнае выпрабаванне: паабяцаўшы паказаць свой твар падчас набажэнства, яна адпраўляе ў храм замест сябе непрыгожую Зазіяну, якая і адкрывае Тыманту свой васпаваты твар.

Дзеянне камедыі «Забавы фартуны» адбываецца ў Егіпце. У аснове сюжэта — прыгоды закаханых, якія, прайшоўшы праз шэраг выпрабаванняў, нарэшце ўз’ядноўваюцца пры поўнай згодзе ўсіх родных і блізкіх. Сюжэтная аснова запазычана з «Гісторыі» Герадота, дзе змяшчаецца паданне пра караля Егіпта Апрыя, пры якім узнялося паўстанне, і каралём быў абвешчаны Амасіс. Аўтарка напаўняе сюжэт прыгодніцкім зместам: уводзіць двух каралеўскіх дзяцей у выглядзе пастухоў, упрыгожвае камедыю любоўнай інтрыгай, матывамі пазнавання, ілжывага пазнавання, сцэнай з забойствам кракадзіла і г.д. Яна робіць пераацэнку вобразаў караля і узурпатара: герадотаўскі тыран Апрый у камедыі становіцца бязвіннай ахвярай жорсткага здрадніка Амадыса, які ў арыгінале пададзены як народны герой. У вобразнай сістэме і стылістыцы твора адчуваецца ўплыў старагрэчаскай эліністычнай традыцыі, прысутнічаюць таксама куртуазны, палітычны і дыдактычны кірункі. У пачатку п’есы паведамляецца аб тым, як Амадыс па-здрадніцку забівае караля Апрыя і займае яго трон. Аднак тэму дзяржаўнага злачынства Ф. У. Радзівіл вырашае ў станоўчым рэчышчы: Амадыс у канцы п’есы прыходзіць да пакаяння і саступае трон законнаму спадкаемцу Сесатрыксу. Ф. У. Радзівіл здолела сінтэзаваць матэрыял антычнай гісторыі, вобразна-сюжэтныя асаблівасці эліністычнага і галантна-гераічнага раманаў, дадаўшы пышнае барокавае вакальна-інструментальнае і дэкарацыйнае афармленне.

Ствараючы ў пачатку 1751 п’есу «Распуснікі ў пастцы», Ф. У. Радзівіл ізноў бярэцца за апрацоўку вядомага казачнага сюжэта, запазычанага на гэты раз з усходняга фальклору. Верная жонка Аруя дапамагае свайму мужу, збяднеламу купцу Бануту, спагнаць даўгі з доктара, суддзі і губернатара. Запрасіўшы ўсіх траіх па чарзе прыйсці да яе нібыта на любоўнае спатканне, спрытная жанчына хавае няўдалых каханкаў у куфрах, пасля чаго адводзіць іх на суд султана. Сюжэтная першакрыніца паходзіць з казак «Тысячы і адной ночы». Узяўшы за аснову персідскую казку, княгіня стварыла арыгінальны драматычны твор. У мастацкіх і стылёвых адносінах п’еса дэманструе драматургічнае майстэрства нясвіжскай паэтэсы. Дацкі славіст А. Штэндэр-Петэрсан, адзначаючы жывасць аўтарскіх дыялогаў, падкрэсліваў таксама, што княгіні Радзівіл цудоўна ўдалася «характэрная дыферэнцыяцыя трох тыпаў даўжнікоў: у доктары падкрэсліваецца крывадушная ветлівасць і пакрыўджаная нявіннасць; суддзя адрозніваецца грубай бесчалавечнасцю; губернатар жа аб’ядноўвае ў сабе ўяўную дабрыню і злоўжыванне ўладай. Таксама і характар Банута, які ўсё скардзіцца, просіць і якога ганебна праганяюць, добра паказаны ва ўсіх трох сцэнах»[6]. Дасягненнем аўтаркі было тое, што ў эпоху панавання пастаральнай драмы і прэцыёзна-галантнай літаратуры яна ўводзіць у сваю камедыю жывую гутарковую мову, стварае яскравыя, жыццёвыя характары і пры гэтым удала спалучае ўсе элементы.

Другім усходнім фарсам, напісаным непасрэдна пасля «Несумленнасці ў пастцы», з’яўляецца камедыя «Суддзя, пазбаўлены розуму». Сюжэт распадаецца на дзве часткі. Першая — гісторыя прынца Фадляляха да высвятлення яго каралеўскага паходжання, другая — гісторыя падману Суддзі спрытнай Земрудай. Без сумнення ў п’есе Ф. У. Радзівіл выкарыстаны дзве навелы (або казкі) усходняга паходжання. «Суддзя, пазбаўлены розуму» — арлекінская камедыя, заснаваная на сувязі драматызаванай прыгодніцкай гісторыі з фарсавым матывам. Арлекін выступае ў ролі свата па загадзе Суддзі, на хаду выдумляючы гісторыю пра тое, што ён таксама князь, які страціў свой карабель у марской прыгодзе. Ф. У. Радзівіл надае рэплікам Арлекіна характэрны камізм, тым самым даючы герою моўную характарыстыку. Так, аб пачуццях Фадляляха да Земруды ён гаворыць: «Любоў мазгі ссушыла, косці ўсе ламае». Сцэна размовы паміж Суддзёй і Земрудай, якая выдае сябе за дачку Амара, завяршаецца размовай паміж Арлекінам і Дэлай, служанкай Земруды. Пасля любоўных тырад распуснага суддзі, адрасаваных Земрудзе, аўтарка ўводзіць «прызнанне» Арлекіна, адрасаванае Дэле. Камічныя ўцёкі Арлекіна ў камедыі Ф. У. Радзівіл таксама прысутнічаюць, адпаведна сваёй натуры ён раіць гаспадару (Суддзі) прагнаць яго ранейшую жонку Намедыю і замяніць яе на новую. Так, у дзвюх сваіх «спробах рэалістычна-камічнага арыенталізму»[7] нясвіжская паэтэса здолела аб’яднаць усходні антураж з элементамі фарсавага дзеяння. Матэрыял усходніх гумарэсак падлягае ў яе даволі дасканалай драматургічнай апрацоўцы.

1752 год — апошні і самы плённы ў творчасці княгіні, яна перакладае два мальераўскія фарсы — «Смешныя манерніцы» і «Доктар па прымусу». Стварыўшы ўласныя драматычныя адаптацыі гэтых камедый, Ф. У. Радзівіл ставіць іх на нясвіжскай сцэне. У гэтым жа годзе адбываецца пастаноўка дзвюх яе опер на сюжэты з антычнай міфалогіі — «Шчаслівае няшчасце» і «Сляпое каханне не зважае, чым скончыцца». Першая ўяўляе сабою драматызаваную гісторыю выкрадання Еўропы, другая распавядае гісторыю злачыннага кахання Сцылы да Міноса падчас аблогі горада Нісы. Як і ў іншых выпадках апрацоўкі міфалагічнага матэрыялу, Ф. У. Радзівіл надае міфу новае гучанне, рэтушуе занадта рэзкія эпізоды, здымаючы такім чынам першапачатковую жорсткасць і трагізм. Старажытны міф служыць мастацкаму ўвасабленню ідэйнай дамінанты творчасці паэтэсы: шчырае каханне — гэта выпрабаванне і пакуты, але адначасова і ўзнагарода за іх. Разуменне кахання ў творчасці Ф. У. Радзівіл кардынальна адрозніваецца ад яго антычнай інтэрпрэтацыі. Гэта не Эрас з яго ўсеразбуральнай сілаю, які непадуладны рацыянальнаму пачатку, — гэта тонкае, надзвычай цнатлівае, па-галантнаму вытанчанае пачуццё; гэта не прага цялеснага злучэння — гэта імкненне да духоўнай еднасці.[8]

Апалогіі духоўнага кахання і яго пераўтваральнай моцы прысвечана камедыя — «Каханне — дасканалы майстра». Крыніца сюжэтнага запазычання — навела з «Дэкамерона», дзе распавядаецца гісторыя кіпрыйца Чымонэ, які закахаўся ў Іфігенію. Каханне за кароткі час пераўтварыла грубага, неадукаванага юнака ў галантнага кавалера. Як і ў выпадку з трагедыяй «Золата ў агні» Ф. У. Радзівіл запазычае імёны дзейных асоб з пераробкі Г. Морштына. Запазычаецца таксама «двуназоўнасць» галоўнага героя: напачатку ён завецца Галезій, але потым бацька ў роспачы называе яго Сімонам за яго невуцтва і некультурнасць. Радзівілаўскі Галезій спачатку не разумее карысці ад вучэння, але каханне аказваецца «дасканалым майстрам». Сустрэўшы Філіду і закахаўшыся ў яе, Галезій абяцае змяніць свае адносіны да навукі. У сцэне сустрэчы Галезія з Філідай аўтарка ўжывае вобраз цудоўнай дзяўчыны, якая спіць. Каханне Галезія, як гэта характэрна для ўсіх герояў-мужчын у п’есах Ф. У. Радзівіл, нарадзілася ў яго вачах. Для радзівілаўскай Філіды знешнасць не мае ніякага значэння, што адпавядае аўтарскаму разуменню прыгажосці.

Радзівілаўская Філіда мае дзвюх сясцёр (Кларыду і Альбіну), якія аказваюцца каханкамі двух братоў Гелезія — Зізіма і Сільфраніда. Філіда, вясковая, сціпла выхаваная дзяўчына, становіцца ваяўнічай абаронцай сваіх прынцыпаў, якія адпавядаюць маральнай канцэпцыі аўтаркі. Калі пасля выкрадання трох сясцёр трыма братамі Кларыда і Альбіна адразу ж даюць згоду на шлюб, то Філіда катэгарычна адмаўляецца пайсці на гэта без бацькоўскай згоды. Ф. У. Радзівіл асуджае бацьку-тырана і тым не менш ухваляе добрую волю Філіды, дзякуючы якой закаханыя ўсё ж такі змаглі дачакацца шчаслівага для сябе выніку. У адпаведнасці з маральна-эстэтычнай канцэпцыяй аўтаркі ўсе сюжэтныя канфлікты вырашаюцца «бяскроўна»: жаніх Філіды Пазімунд добраахвотна адмаўляецца ад шлюбу, а Арыстыд нарэшце дае сваю згоду. Пад канец п’есы думку пра чароўную моц кахання Ф. У. Радзівіл дапаўняе перасцярогай ад імкнення да інтрыг у сардэчных памкненнях, апелюе ў першую чаргу да розуму, а не да пачуцця.

Францішка Уршуля Радзівіл была стваральніцай рэпертуару нясвіжскага прыдворнага тэатра, перакладчыцай і адаптатаркай мальераўскай камедыйнай спадчыны. Яна, першая на Беларусі жанчына-драматург, стварыла своеасаблівую драматургічную культуру, сінкрэтычную ў мастацка-стылёвых адносінах, якая разві-валася пад значным уплывам заходнееўрапейскага тэатральнага мастацтва. Яе творчая манера выпрацоўвалася пад непасрэдным уплывам паэтыкі барока з уласцівымі ёй рысамі: размытасць жанравых межаў, свабодная кампазіцыя, перавага катэгорыі прас-торы над катэгорыяй часу, адвольнае чаргаванне кантрастных элементаў, узмоцненая рытарычнасць і г. д. Разам з тым пэўныя эпізоды ў п’есах Ф. У. Радзівіл сведчаць аб уздзеянні на яе творчасць класіцыстычнай паэтыкі, а таксама ідэалогіі Асветніцтва.[9]

Пры стварэнні сваіх камедый, трагедый і опер Ф. У. Радзівіл выкарыстоўвала вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты, творча перапрацоўваючы іх у адпаведнасці з уласнай маральна-эстэтычнай канцэпцыяй. Пераносячы месца дзеяння ў экзатычныя краіны, аўтарка прыстасоўвала да іншаземных краін побытавыя, сацыяльна-палітычныя і культурныя рэаліі сваёй айчыны. Ва ўсіх п’есах, незалежна ад месца дзеяння, выступаюць кароль або цэсар, а таксама князі і графы. У Рыме або Турцыі ёсць сенат, гетман, існуе падзел на ваяводствы і паветы, шляхта верхаводзіць на сойміках, судзіцца ў трыбуналах.

Пэўную ідэйна-тэматычную аднапланавасць п’ес Ф. У. Радзівіл трэба ўспрымаць у адпаведнасці з ідэйна-творчай дамінан-тай яе пісьменніцкага крэда, якое можна акрэсліць як «апалогія жанчыны». Менавіта ў яе драматычных творах быў створаны цэлы шэраг яскравых жаночых тыпаў, якія так ці інакш станавіліся жывымі ілюстрацыямі маральна-эстэтычнай праграмы аўтаркі. Літаратурная творчасць Ф. У. Радзівіл сфарміравалася на лепшых дасягненнях еўрапейскага слоўнага мастацтва папярэдніх эпох, аднак была цесна звязана з колам тэм і ідэй позняга барока. Адначасова яна ўжо ўбірала ў сябе ідэі і ўяўленні Новага часу — эпохі Асветніцтва, адлюстроўвала духоўныя запатрабаванні арыстакрата, а таксама з’яўлялася сведчаннем высокага ўзроўню развіцця культуры вытанчанага паэтычнага слова ў польскамоўнай літаратуры Беларусі XVIII ст.[10]

Спадчына

Драматычныя творы Францішкі Уршулі Радзівіл былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754. Аб’ёмісты фаліянт пад назваю «Камедыі і трагедыі, складзеныя… яснавяльможнай княгіняй з князёў Вішнявецкіх Карыбутаў Радзівіл» уключае ў сябе дзевяць камедый, пяць трагедый і дзве оперы (паводле жанравых дэфініцый, занатаваных у выданні). Гэтае выданне аздоблена гравюрамі з медзі работы львоўскага мастака М. Жукоўскага. Існуе некалькі экзэмпляраў кнігі, надрукаваных без даты, на добрай паперы, з адрозненнем як у тытульных лістах, так і ў тэксце. Экзэмпляр, што знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, хутчэй з’яўляецца паўторным выданнем.

Творчая спадчына княгіні Ф. У. Радзівіл з’яўляецца каштоўным гісторыка-літаратурным дакументам. Яна складаецца з шаснаццаці трагедый і камедый. Пісьменніца нават спрабавала свае магчымасці ў напісанні оперных лібрэта. Пастаноўкі п’ес Ф. У. Радзівіл адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Аднак пасля смерці Міхала Казіміра ў 1762 п’есы яго жонкі сталі тэатральнай рэліквіяй і выклікалі цікавасць толькі ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. А пасля стварэння прыдворнага тэатра пра іх забылі. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 у свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў Францішкі Урсулы Радзівіл на беларускую мову здзейснілі Наталля Русецкая, Наталля Гардзіенка, Андрэй Хадановіч, Жанна Некрашэвіч-Кароткая і інш.

Зноскі

  1. 1 2 Franciszka Urszula Radziwiłłowa // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France Franciszka Urszula Radziwiłłowa // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  3. Franciszka Urszula Radziwiłłowa (z domu Wiśniowiecka) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  4. Wasylewski S. U księżnej pani. Lwów, 1922. S. 4-5.
  5. Барышев Г. Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992. С. 121
  6. Stender-Petersen A. Die Dramen, insbesondere die Komödien, der Fürszin Radziwiłł // Zeitschrift für slawische Philologie. 1960. T. XXVIII. H. 2. S. 281-282.
  7. Krzyżanowski J. Talia i Melpomena w Nieświeżu: Twórczość U. F. Radziwiłłowej // Pamiętnik teatralny. 1961. R. X. Z. 3 (39). S. 397.
  8. Некрашэвіч-Кароткая Ж. Францішка Уршуля Радзівіл… С. 872.
  9. Некрашэвіч-Кароткая Ж. Францішка Уршуля Радзівіл… С. 874.
  10. Некрашэвіч-Кароткая Ж. Францішка Уршуля Радзівіл… С. 875.

Бібліяграфія

  • Radziwiłłowa, F. U. Komedye y tragedye […] / Franciszka Urszula Radziwiłłowa. — Żółkiew : Gerszon Halewi, 1754. — [671] s., [14] k. tabl. : il. ; 2°.
  • Радзівіл Ф. У. Выбраныя творы: Пер. з пол. і фр. / Францішка Уршуля Радзівіл; Уклад. Сяргея Кавалёва; Прадм. Жанны Некрашэвіч-Кароткай і Наталлі Русецкай; Камент. Сяргея Кавалёва і інш. — Мн.: МГА «Бел. кнігазбор», 2003. — 445 с., [8] л. іл. — (Беларускі кнігазбор; Сер. 1. Мастацкая літаратура).
  • Радзівіл Ф. У. Перасцярогі збавенныя: [Вершы]. Безразважлівы суддзя: [П’еса] / Францішка Уршуля Радзівіл // Наша вера. 2003. № 2. С. 52-60.

Літаратура

  • Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. — Мн., 2006.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 4. — Мн., 1985.
  • Радзівіл Францішка Уршуля // Бел. энцыкл. Мн., 2001. Т. 13. С. 213.
  • Радзівіл Францішка Уршуля // Энцыкл. гісторыі Беларусі. Мн., 2001. Т. 6, кн. 1. С. 62.
  • Радзівіл Францішка Уршуля // Асветнікі зямлі Беларускай: X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 345—346.
  • Радзівіл Францішка Уршуля // Тэатральная Беларусь: Энцыкл. Мн., 2003. Т. 2. С. 287.
  • Барышаў Г. Урсула Францішка Радзівіл (1705—1753) / Гурый Барышаў // Славутыя імёны Бацькаўшчыны: Зб. Мн., 2000. Вып. 1. С. 147—159.
  • Барышев Г. И. Несвижский любительский театр и драматургия Уршули Франтишки Радзивилл / Г. И. Барышев // Барышев Г. И. Театральная культура Белоруссии XVIII века / Г. И. Барышев. Мн., 1992. С. 103—140.
  • Горшковоз-Баженова О. Д. Эскизы Уршули Франтишки Радзивилл, отгравированные М.Жуковским: Театр в Несвиже / Горшковоз-Баженова О. Д. // Здабыткі: Дак. помнікі на Беларусі. Мн., 2002. Вып. 5. С. 48-57.
  • Некрашэвіч-Кароткая Ж.. Францішка Уршуля Радзівіл // Гісторыя беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў. Даўняя літаратура: XI - першая палова XVIII стагоддзя. У 2-х т. Т. 1. / Рэд.: В. А. Чамярыцкі. — Мн., 2007. ISBN 978-985-08-0875-2

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Паэтэсы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be