Альбінас Жукаўскас
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жукаўскас. Альбінас Жукаўскас (бел.: Альбін Жукоўскі; 1912, в. Бубеле, цяпер Сейненскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 1987, Вільнюс, цяпер Літва) — літоўскі пісьменнік і перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай (1973) і Літоўскай ССР (1972)[1].
Біяграфія
Нарадзіўся і вырас у літоўскай вёсцы. Меў 2 братоў і 4 сястры. У 1918—1919 гадах у роднай в. Бубеле адвучыўся год у літоўскай пачатковай школе, якую ў 1915 годзе пад нямецкай акупацыяй у часе Першай сусветнай вайны заснаваў літоўскі журналіст Стасіс Ціюнайціс(літ.) бел. (1888—1966). 7 верасня 1919 года ў выніку Сейненскага паўстання, якое пачалося 22 жніўня 1919 года, урад Польскай рэспублікі закрыў літоўскую школу ў в. Бубеле (Сейненскі павет, Беластоцкае ваяводства). З 1919 года жыў у прытулку сейненскай гімназіі «Святло», заснаванай літоўскім каталіцкім святаром Мацеюсам Густайцісам(літ.) бел. (1870—1927). У 1927 годзе ўпершыню выдаў свае творы ў часопісе «Новае жыццё»(літ.) бел. (Каўнас, Літва), які належаў Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1928 годзе паступіў у літоўскую гімназію імя Вітаўта Вялікага(літ.) бел. ў Вільні (Польская Рэспубліка) і пачаў друкавацца ў мясцовым літоўскім друку. Тамсама пасябраваў з беларускім пісьменнікам-аднагодкам Максімам Танкам (1912—1995), які ў 1929—1931 гадах навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі і першым пераклаў вершы Жукаўскаса на беларускую мову. У сваю чаргу Жукаўскас перакладаў вершы М. Танка для літоўскага друку[2]. У 1935 годзе скончыў гімназію і паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў права. У 1936—1937 гадах таксама навучаўся ў Вышэйшай журналісцкай школе ў Варшаве, адкрытай у 1917 годзе і закрытай у 1937 годзе. У 1937—1939 гадах друкаваў свае творы ў дадатку «Творчасць і крытыка» літоўскай газеты «Віленскае слова»(літ.) бел.. У 1938 годзе выдаў у Вільні першы зборнік уласных вершаў «Час і людзі» (лет. Laikai ir žmonės).
У 1940—1941 гадах — рэдактар штодзённай літоўскай газеты «Віленскі голас»(літ.) бел. (Вільня, Літоўская ССР). У 1945—1953 гадах — галоўны рэдактар выдавецтва «Нацыянальная мастацкая літаратура»(літ.) бел. (Вільня). У 1953—1959 гадах — галоўны сцэнарыст «Літоўскай кінастудыі». У 1965—1972 гадах — кіраўнік Літаратурнага фонду Літвы. У 1974 годзе стаў лаўрэатам літоўскай прэміі «Паэзія вясны» за зборнік вершаў «Рэфлексіўны» (лет. Sangrąžos) 1973 года.
Творчасць
Напісаў 20 кніг уласных вершаў. Пераклаў з беларускай на літоўскую мову і выдаў 7 кніг твораў беларускіх пісьменнікаў. Выдаў зборнік вершаў Максіма Танка «След маланкі» (1961) і пераклаў кнігу яго ўспамінаў «Лісткі календара» (1969). Таксама пераклаў аповесць Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956) і раман Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965). Быў перакладчыкам і рэдактарам «Анталогіі беларускай прозы», анталогіяў «З беларускай паэзіі» і «Па Нёмане песня плыве». Таксама пераклаў некалькі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. У 1974 годзе ў Мінску на беларускай мове выйшаў зборнік яго вершаў «Бяздомная любоў», што складаўся з перакладаў беларускіх пісьменнікаў[2].
Таксама выдаў літоўскія пераклады зборнікаў вершаў польскіх пісьменнікаў Мацея Сарбеўскага (1595—1640), Юльюша Славацкага (1809—1849) і Тадэвуша Канвіцкага (1926—2015), расійскага Аляксея Мікалаевіча Талстога (1883—1945).
Беларускія пераклады
На беларускую мову яго вершы перакладалі Алесь Разанаў, Мікола Хведаровіч[3].
- Жукаўскас, А. Бяздомная любоў / уклад. Язэп Семяжон. — Менск: Мастакая літаратура, 1974. — 162 с. — (Паэзія народаў СССР). — 2 000 экз.
Зноскі
- ↑ Даведка - Жукаўскас, Альбінас (пісьменнік, 1912—1987). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (11 кастрычніка 2015). Праверана 16 чэрвеня 2016.
- 1 2 Вітаўт Жэймант. Трывалыя масты сяброўства // Звязда : газета. — 28 лютага 2012. — № 39 (27154). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.