wd wp Пошук:

Чэслаў Сэнюх

Чэслаў Сэнюх або Сенюх[1] (псеўд.: Чэслаў Любча[2]; 9 ліпеня 1930, Любча, гміна Любча, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польшча — 8 кастрычніка 2021[3]) — польскі літаратар, перакладчык, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся Чэслаў Сенюх у мястэчку Любча ў 1930 годзе ў простай сям’і беларускіх сялян: ягоная маці Стэфанія была беларускай[2] і паходзіла з вёскі Воўкаразі, што недалёка ад Любчы, а бацька Станіслаў быў родам з Украіны[1]. Бацькі Чэслава пераехалі туды з Кіева ў 1920-я, ратуючыся ад бальшавікоў. Паводле сямейнай легенды, род Чэслава Сэнюха ўзыходзіць да літоўскага гетмана Міколы Сэняўскага[2].

Бацькі Чэслава добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, таму ў сям’і дзеці свабодна валодалі і размаўлялі на беларускай і на польскай мовах. Вучыўся Чэслаў у беларускай сямігадовай школе ў Любчы[4].

У 1941 годзе бацька памёр у турэмным лагеры пад Новасібірскам, куды быў вывезены перад вайной у 1940 годзе як «вораг народа», і сям’я засталася без бацькі і гаспадара. Падчас вайны Чэслаў Сэнюх быў у Саюзе беларускай моладзі.

У 1945 годзе сям’я Сэнюхаў пераехала ў Польшчу — спачатку ў Беласток, дзе ў 1950 годзе Чэслаў скончыў Беластоцкі ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста, а потым ён паехаў у Варшаву, дзе паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, якое скончыў у 1954 годзе[1].

Працаваць пачаў адразу дыктарам і рэдактарам на польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё «Масква» займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моў. Рэдагаваў рускамоўны дадатак да польскага штотыднё­віка «Przyjazn» з урокамі польскай мовы для рускіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў.

Пэўны час Чэслаў Сенюх быў галоўным рэдактарам часопіса «Tlumacz» пры таварыстве польскіх перакладчыкаў.

З пачаткам перакладніцкай дзейнасці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перыядычных выданняў «Gazeta Polska», «Oboz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», «Наша слова», «Ніва», «Літаратура і мастацтва» і інш.

У верасні 1998 года Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР[2].

У 2009 годзе выйшаў дакументальны фільм «Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941—1944», дзе Чэслаў Сэнюх здымаўся як сведка тых падзей[5]. Гэтак жа Чэслаў працаваў у беларускай службе Польскага Радыё[6].

Перакладніцтва

Беларускай культурай Чэслаў Сэнюх пачаў актыўна займацца ў 1970-я гады. Працаваў над перакладамі беларускай паэзіі і прозы для часопіса «Literatura radziecka», які выдаваўся ў Маскве. Сярод ягоных першых перакладаў — верш Я. Купалы «Прарок» (1982), апавяданне Я. Брыля «Хуткі Нёман» (1989). Чэслаў Сэнюх таксама перакладаў раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), аповесць В. Быкава «Аблава» (1991), паэмы С. Законнікава (1996), а таксама вершы М. Танка, В. Зуёнка, У. Арлова, С. Адамовіча[1], Р. Барадуліна[7], У. Някляева[8].

Таксама Чэслаў Сэнюх цягам 10 гадоў (1991—2001) займаўся перакладам «Новай зямлі» Якуба Коласа, на што яго зматываваў Янка Брыль. Гэта найбольш грунтоўная праца аўтара[7].

Нацыянальнасць

Пра сваё самавызначэнне Чэслаў Сэнюх распавёў:[2]

Па крыві я належу напалову Беларусі, напалову — Польшчы. разам з тым, нацыянальнасць мая — як у Адама Міцкевіча, калі трымацца ў гэтым пытанні таго падыходу, што вызначаецца яна свядомасцю і ёю ж ствараецца. Арыгінальны тэкст (бел. (тар.))   

Па крыві я належу напалову Беларусі, напалову — Польшчы. разам з тым, нацыянальнасьць мая — як у Адама Міцкевіча, калі трымацца ў гэтым пытаньні таго падыходу, што вызначаецца яна сьвядомасьцю і ёю ж ствараецца.

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Г. КАВАЛЬЧУК. Паэт, публіцыст, перакладчык // Новае жыццё. — 24 чэрвеня 2017. — № 49.
  2. 1 2 3 4 5 Чэслаў Сэнюх: «Я папрасіўся ў грамадзянства БНР»(бел. (тар.))  // Наша Ніва. — 15.03.1999. — № 05 (126).
  3. Уладзімір Арлоў. Чэслаў Сэнюх, ён жа Чэслаў Любча(бел. (тар.))  // Беларуская служба Радыё «Свабода». — 21 кастрычнік 2021.
  4. Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 2. Чэславу Сэнюху - 90!(бел.)  // Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. — 9.07.2020.
  5. На “Белсаце” прэм’ера сенсацыйнага фільму пра акупацыю Беларусі // Будзьма беларусамі!. — 09.10.2009.
  6. 1 2 Узнагарода імя В. Гулевіча для Чэслава Сэнюха(бел. (тар.))  // Польскае Радыё. — 26.11.2015.
  7. 1 2 Чэслаў Сэнюх – у гасьцях на “Свабодзе”(бел. (тар.))  // Радыё «Свабода». — 14 кастрычнік 2005.
  8. “Лісты да Волі” У. Някляева ў Варшаве(бел. (тар.))  // Польскае Радыё. — 11.03.2016.

Спасылкі

Інтэрв’ю

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя·Перакладчыкі Польшчы Катэгорыя·Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на польскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be