wd wp Пошук: ⬜

Джордж Мерэдзіт

Джордж Мерэдзіт (англ.: George Meredith; 12 лютага 1828, Портсмут — 18 мая 1909, Бокс-Хіл) — выбітны англійскі празаік пісьменнік-раманіст і паэт віктарыянскай эпохі. Аўтар лірычных філасофскіх вершаваных цыклаў, раманаў, аповесцяў і апавяданняў. Таксама займаўся журналістыкай.

Біяграфія

Джордж Мерэдзіт нарадзіўся ў партовым горадзе Портсмут на поўдні Англіі. Прозвішча Мерэдзіт (англ.: Meredith) — валійскае па паходжанні, і ў сям’і існавала легенда, што іх род узыходзіць да старадаўніх валійскіх каралёў. Дзед і бацька Джорджа былі партовымі краўцамі[7], а маці — дачкой мясцовага шынкара. У Портсмуце Мерэдзіты валодалі майстроўняй, якая пастаўляла флёцкае абмундзіраванне.

Калі Джорджу споўнілася пяць гадоў, памерла яго маці. Маленства будучага пісьменніка было азмрочана вымушаным сірацінствам і адчужанасцю ад новай сям’і свайго бацькі.

На грошы памерлай маці ў чатырнаццацігадовым узросце Джорджа адправілі ў Германію, дзе ў 1842—1844 гг. ён навучаўся ў школе мараўскіх братоў у мястэчку Нойвід. У Германіі Мерэдзіт захапіўся вывучэннем нямецкай мовы і літаратуры. Знаёмства з творчасцю нямецкіх рамантыкаў і постаццю Іагана Вольфганга Гётэ мела істотнае значэнне для будучага пісьменніка і паўплывала на яго раннюю фантастычную аповесць «Фарына» (англ.: Farina, 1857)[8].

У 1844 годзе Мерэдзіт вярнуўся ў Англію і стаў вучнем лонданскага адваката, які збіраў у сваім доме зацікаўленую літаратурай моладзь. Тут Мерэдзіт пазнаёміўся з Мэры Элен Нікалс (англ.: Mary Ellen Nicolls), дачкой раманіста Томаса Лава Пікака (англ.: Thomas Love Peacock)[9], з якой у 1849 годзе пабраўся шлюбам: на той час Джорджу было 21, а Мэры — 28[7]. Неўзабаве пасля шлюбу Мерэдзіт кідае заняткі юрыспрудэнцыяй і цалкам аддаецца літаратуры.

У 1849 годзе публікуе свой першы верш і знаёміцца з Чарльзам Дзікенсам, які садзейнічае літаратурнаму дэбюту юнага літаратара, публікуючы яго вершы ў сваім часопісе «Хатняе чытанне». У 1851 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік «Вершы» (англ.: Poems) з прысвячэннем Томасу Пікаку. Зборнік прыхільна сустрэў Альфрэд Тэнісан[9].

Джордж Мерэдзіт, каля 1863 г.

Сямейныя акалічнасці і цяжкасці матэрыяльнага становішча вымусілі Мерэдзіта на некалькі год прыпыніць літаратурную дзейнасць. Толькі ў 1855 годзе быў надрукаваны яго празаічны твор «Галенне Шагпата» (англ.: The Shaving of Shagpat) — фантастычная аповесць, стылізаваная пад чароўныя казкі «Тысячы і адной ночы».

Работа над першым буйным раманам «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» супала з разрывам сямейных адносін з Мэры Элен Нікалс. У 1858 годзе яна захапілася маладым мастаком прэрафаэлітам Генры Уолісам (1830—1916) і, нічога не патлумаўшы мужу, пакінуўшы сына Артура з’ехала ў Італію, дзе памерла ў 1861 годзе. Выдадзеная ў 1862 годзе паэма «Сучаснае каханне» (англ.: Modern Love), як і раман «Выпрабаванне Рычарда Феверэла», сюжэтна і тэматычна перагукаюцца з гэтым перыядам жыцця пісьменніка[7].

У 1864 годзе Мерэдзіт ажаніўся ў другі раз з напаўфранцужанкай Мары Вальямі (англ.: Marie Vulliamy). Гэты шлюб стаў удачным, але кволае матэрыяльнае становішча вымушала Мерэдзіта займацца літаратурным прыробкам — супрацоўнічаў з газетамі «Ірсвіч Джорнел» і «Морнінг Пост», кансультаваў выдавецтва Чапмен і Хол. У 1866 (пасля падарожжа ў Італію) набыў дом у графстве Сурэй, у якім жыў да сваёй смерці[10]. У 1868 годзе жорстка раскрытыкаваў першы раман Томаса Хардзі «Бядняк і лэдзі», успрыняўшы гэты твор як літаратурную падробку чарговага графамана[11].

У 1877 годзе ў Лонданскім універсітэце Мерэдзіт прачытаў публічную лекцыю «Аб камедыі і прымяненне камічнага духа», якая сёлета ж была надрукавана ў часопісе «Нью Квотэрлі» пад назвай «Эсэ пра камедыю» (англ.: Essay on Comedy). У 1897 годзе «Эсэ» было выдадзена асобным выданнем. У гэтым эсэ Мерэдзіт выклаў і абагульніў свае эстэтычныя погляды[12]. Гэта эстэтычны маніфест пісьменніка, створаны ў перыяд росквіту яго талента з улікам дваццацігадовага досведу раманіста. Тут абагульняюцца яго мастацкія адкрыцці і роздумы пра задачы мастацтва, сатыру, гумар і прыроду камічнага[13].

У 1879 годзе выходзіць раман «Эгаіст» — найвядомейшы раман Джорджа Мерэдзіта, які прынес аўтару літаратурную славу. Пасля выхаду «Эгаіста», стварэнне якога запатрабавала грандыёзных высілкаў, творчая энергія пісьменніка стала няўхільна спадаць[14]. Проза позняга Мерэдзіта характарызуецца надзвычайнай стылістычнай ускладненасцю, за што літаратурныя крытыкі часта папракалі яго за вычурную манеру стылю і завелюмаваную трывіяльнасць[15].

Бліжэй да канцу жыцця Мерэдзіт стаў прызнаным метрам англійскай літаратуры: пасля Тэнісана ён быў прэзідэнтам Таварыства аўтараў; у 1905 годзе быў узнагароджаны Ордэнам за заслугі каралём Эдуардам VII[7].

Памёр у сваім доме ў Бокс Гіле (Сурэй)[7].

Творчасць

Джордж Мерэдзіт увайшоў у гісторыю літаратуры як прадаўжальнік рэалістычнай традыцыі класічнага раману сярэдзіны XIX стагоддзя і разам з тым як адзін з стваральнікаў сацыяльна-псіхалагічнага раману найноўшага часу[8]. Яго празаічныя творы, выбудаваныя з улікам рознабаковага досведу папярэднікаў (асабліва Генры Філдынга), сталі злучальным звяном паміж літаратурнай эпохай Ч. Дыкенса і У. Тэкерэя, з аднаго боку, і эпохай літаратурнага мадэрнізму — з іншай[16].

Літаратурная слава Дж. Мерэдзіта дасягнула свайго піку на мяжы XIX—XX стст., калі яго раманы чыталі Роберт Стывенсан, Оскар Уайльд, Бернард Шоу, Герберт Уэлс, Артур Конан Дойл і Арнольд Бенет. Паступова актуальнасць яго твораў пачала спадаць, і бліжэй да сярэдзіны XX ст., перастала быць часткай літаратурнага працэсу.

Любімыя аўтары Мерэдзіта — Арыстафан, Уільям Шэкспір, Іаган Вольфганг фон Гётэ, Мальер, Мігель Сервантэс, Віктор Гюго[17]. Джордж Мерэдзіт аказаў непасрэдны ўплыў на творчасць такіх аўтараў, як Роберт Льюіс Стывенсан, Джозеф Конрад і Джон Галсуорсі[9].

Творы

Джордж Мерэдзіт, каля 1897 г.

Эсэ

Аповесці

  • аповесць Галенне Шагпата (англ.: The Shaving of Shagpat, 1856)
  • аповесць Фарына (англ.: Farina, 1857)

Раманы

Паэзія

  • Вершы (англ.: Poems, 1851)
  • Сучаснае каханне (англ.: Modern Love, 1862)
  • Паэмы і лірычныя вершы аб радасці зямнога быцця (англ.: Poems and Lyrics of the Joy of Earth, 1883)
  • The Woods of Westermain (1883)
  • A Faith on Trial (1885)
  • Балады і паэмы аб трагедыі жыцця (англ.: Ballads and Poems of Tragic Life, 1887)
  • Чытанне зямлі (англ.: A Reading of Earth, 1888)
  • The Empty Purse (1892)
  • Odes in Contribution to the Song of French History(1898)
  • Чытанне жыцця (англ.: A Reading of Life, 1901)
  • Апошнія вершы (англ.: Last Poems, 1909)

Зноскі

  1. 1 2 3 Seccombe T. Meredith, George (DNB12) // Dictionary of National Biography, second supplement / S. Lee — London: Smith, Elder & Co., 1912.
  2. ↑ George Meredith // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. ↑ Мередит Джордж // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. ↑ Канторович И. Б. Мередит // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 4. — С. 772–773.
  5. ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  6. ↑ Oxford Dictionary of National Biography / C. Matthew — Oxford: OUP, 2004.
  7. 1 2 3 4 5 G. Meredith 1963, Introduction (first page)
  8. 1 2 Михальская Н. П. 2007, 263
  9. 1 2 3 Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 368
  10. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 376
  11. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 416
  12. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 379
  13. ↑ Михальская Н. П. 2007, 264
  14. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 390—391
  15. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 376
  16. ↑ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 367
  17. ↑ Михальская Н. П. 2007, 265

Літаратура

  • Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3.
  • Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — 544 с.
  • George Meredith. The Egoist. — The New American Library of World Literature (Signet Classics), 1963.

Спасылкі

Джордж Мерэдзіт на сайце «Internet Movie Database» (англ.) 

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікабрытаніі Катэгорыя·Паэты Вялікабрытаніі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be