wd wp Пошук:

Канстанцін Барысавіч Езавітаў

Канстанці́н Бары́савіч Езаві́таў (Касту́сь Езаві́таў; 5 (17) лістапада 1893, Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 23 траўня 1946, Мінск, НКУС) — беларускі ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, перакладчык, педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння[1], дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.

Біяграфія

Паходжанне. Раннія гады

Кастусь Езавітаў сярод выпуску Паўлаўскага вучылішча, 1916 г.

Нарадзіўся ў Дзвінску ў беларускай праваслаўнай сям’і. Бацька — Барыс Анупрэевіч, афіцэр арміі Расійская імперыі, паходзіў з сялян Полацкага павета. Маці — Стэфаніда Данілаўна з дому Брадоўскіх-Брадвінскіх, праваслаўная беларуска з сям’і чыгуначнікаў Полаччыны[2].

У 1908 годзе скончыў 2-е гарадское Дзвінскае 6-гадовае вучылішча, у тым жа годзе скончыў агульна-асветныя курсы пры прагімназіі Кацярыны Смірновай. У 1910 годзе вытрымаў экзамен у Грыве-Земгальскай (цяпер у межах Дзвінска) на настаўніка пачатковых школ[2]. У 1911—1913 гадах працаваў настаўнікам у Ліксне (Латгалія, цяпер у межах Латвіі)[1]. У 1913 годзе паступіў у віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, адначасова слухаў курс у Віцебскім настаўніцкім інстытуце, скончыў апошні ў 1916 годзе[2]. У 1913 годзе стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады[1].

У Першую сусветную вайну ў 1916 годзе скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча, пакінуты ў ім малодшым афіцэрам. З 1917 года на Паўночным фронце. Праводзіў прабеларускую агітацыю сярод жаўнераў-беларусаў. Дэлегаваны воінамі-беларусамі на ўдзел у З’ездзе воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, які прайшоў у лістападзе 1917 года ў Віцебску, стаў сябрам прэзідыума з’езда, потым сябра Камітэта воінаў-беларусаў фронту. З’ездам абраны сябрам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Па прыбыцці ў Менск у Цэнтральную беларускую вайсковую раду быў абраны намеснікам старшыні выканаўчага камітэта і сакратаром ваеннага аддзела ЦБВР. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года ў Менску[1]. У студзені 1918 года за ўдзел у рабоце Усебеларускага з’езда і дзейнасць па стварэнні беларускіх вайсковых фармаванняў быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі Аблвыканкамзаха[1].

Беларуская Народная Рэспубліка

Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, лета 1918 г. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

19 лютага 1918 з адступленнем бальшавікоў уцёк з пад варты. Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда прызначаны камендантам Менска і Менскага гарнізона. Актыўны ўдзельнік супрацьстаяння ў Менску 19—21 лютага. 25 сакавіка 1918 года браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), уваходзіў у склад Рады БНР. Займаў пасаду народнага сакратара ваенных спраў у 1-м урадзе БНР, атрымаў званне палкоўніка[1]. Браў удзел у фармаванні беларускага войска, арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў. Па расколе Беларускай сацыялістычнай грамады стаў адным з заснавальнікаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў[1].

З 10 траўня па 25 чэрвеня 1918 года быў у камандзіроўцы ў занятым бальшавікамі Віцебску, дзе вёў выведку і агітацыю[2].

Праз наступ бальшавікоў на Менск, 7 снежня 1918 года разам з іншымі дзеячамі БНР эвакуяваўся ў Вільню. Са снежня 1918 года ў распараджэнні Віленскай беларускай рады, прызначаны камісарам Беластока, Плянтава-Шчучынскага ўчастка, камандзірам 1-га Гродзенскага беларускага пяхотнага палка пад літоўскім камандаваннем. У сакавіку 1919 года выдаваў у Гродне газету «Бацькаўшчына». З лета 1919 года ў Коўне (Літва), начальнік канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы[1].

У 1919—1920 гадах быў кіраўніком Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Паводле даручэння ўрада БНР наладзіў дыпламатычныя сувязі з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся па ваенную дапамогу да ўрада ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраенне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса Станіслава Булак-Балаховіча (Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі). У траўні 1920 года «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі, выкананую ім за граніцай» атрымаў званне генерал-маёра[1].

Міжваеная Латвія

Рада беларускай калоніі ў Латвіі. Сядзяць (справа налева): консул БНР у Рызе Б. Шымковіч, намеснік старшыні Рады А. Сыдзяпура, шэф Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі К. Езавітаў, старшыня Рады Я. Данілюк, прадстаўнік асобага аддзелу БНР у Эстоніі Мінгрэльскі; стаяць сябры Рады: Я. Спіцын, В. Найдзёнаў, П. Цвяткоў, В. Быкаў, Р. Казячы, Д. Кадаўва, В. Дзюбанаў, А. Калмановіч. Рыга, 1920 г. (НАРБ).

З 1921 года жыў у Рызе (Латвія), неўзабаве паводле дазволу ўрада БНР прыняў латвійскае грамадзянства. Займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў. Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага прэс-бюро. Арганізаваў таварыства «Бацькаўшчына», намеснік старшыні таварыства ў Латгаліі. Выдаваў часопісы «На чужыне», «Беларуская школа ў Латвіі», газету «Голас беларуса». Інспектар школ Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. У 1923—1924 гадах быў дырэктарам Люцынскай беларускай гімназіі. У розныя гады быў арганізатарам і кіраўніком у Латвіі выдавецтва Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства[1].

У 1924 годзе арыштаваны латвійскімі ўладамі і абвінавачаны ва ўдзеле «ў злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое ставіла сабе на мэту сілаю адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы». Праз 11 месяцаў апраўданы і вызвалены з Дзвінскай турмы. Пазней яшчэ 3 разы арыштоўваўся (у 1930, 1933 і 1935)

Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, верасень 1921) і Другой Усебеларускай канферэнцый (Берлін, кастрычнік 1925), на апошняй падпісаў дакумент аб ліквідацыі Урада БНР на карысць Савецкай Беларусі. Удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 годзе ў Менску.

Другая сусветная вайна

Кастусь Езавітаў і Уладзімір Сядура. Рыга, 1942 г.

З пачаткам Другой сусветнай вайны, пасля акупацыяй Латвіі Савецкім Саюзам, працаваў настаўнікам, загадчыкам культурна-асветнага аддзела Цэнтральнага праўлення прафсаюза работнікаў асветы Латвійскай ССР.

У жніўні 1941 года ва ўмовах нямецкай акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі цэнтральны камітэт (у 1942 годзе пераўтвораны ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне), які займаўся аднаўленнем і арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі.

У чэрвені 1944 года ў Менску на Другім Усебеларускім кангрэсе абраны ў склад пранямецкай Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), дзе ўзначаліў галоўнае ваеннае ўпраўленне, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска, якое фарміравалася на тэрыторыі Германіі. 1 жніўня 1944 года эвакуяваўся з Рыгі ў Берлін. Пасля рэарганізацыі БЦР у студзені 1945 года і ўтварэння Рады міністраў — міністр ваенных спраў.

26 красавіка 1944 года затрыманы савецкай контрвыведкай 1-га Украінскага фронту «СМЕРШ» у Германіі і перапраўлены ў Маскву. У лістападзе 1945 года пераведзены ў Мінск. У ходзе следства ў Мінску напісаў паказанні пра сваю дзейнасць (упершыню апублікаваныя ў часопісе «Полацак» 1992 № 6—10). Паводле афіцыйнай версіі, памёр у турэмнай бальніцы «ад сухотаў пры дыстрафіі 3-й ступені»[1].

Творчасць

Публікаваўся пад псеўданімамі і крыптанімамі: Кастусёнак; К-нак; К. Е.; К. Ез.

Канстанцін Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху[1].

Аўтар артыкулаў пра Францішка Аляхновіча, Вацлава Ластоўскага, Сяргея Палуяна, Сяргея Сахарава, па гісторыі беларускага тэатра, фальклоры беларусаў Латгаліі.

Перапісваўся з вядомымі беларускімі палітычнымі і культурнымі дзеячамі: Міколам Абрамчыкам, Максімам Гарэцкім, Ларысай Геніюш, Яўхімам Карскім, Гальяшам Леўчыкам, Адамам Станкевічам, Браніславам Эпімахам-Шыпілам і інш.

Архіў Канстанціна Езавітава захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве.

Памяць

Мікола Несцярэўскі стварыў рэльеф з выявай Кастуся Езавітава[3].

Выведзены ў рамане Генрыха Далідовіча «Свой дом» пад імем Язэп Еўзікаў[4].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Міхнюк У., 1996, с. 346
  2. 1 2 3 4 Езавітаў К., 1999
  3. Кастусь Езавітаў
  4. 18—21 лютага 1918 года — дні гістарычнага пералому

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be