Аляксандр Іванавіч Якімовіч
Не блытаць з Аляксей Мікалаевіч Якімовіч. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Якімовіч. Алесь Якімовіч, Аляксандр Іванавіч Якімовіч (17 студзеня 1904, в. Чурылава, Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 15 студзеня 1979; Псеўданімы: А. Ч., Алесь Павадыр, А. Разак, А. Чурылавец; Крыптанімы: А. Я., А. Я-віч) — беларускі дзіцячы празаік і паэт , перакладчык[2].
Біяграфія
Нарадзіўся 17 студзеня 1904 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1926), літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). З 1924 года працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у сярэдняй школе г. Чыстапаля (Татарстан), затым працаваў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. З кастрычніка 1942 года — у Чырвонай Арміі, камандзір стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены (1943). Па раненні жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943—1944). Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944—1945, 1948—1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945—1948), літкансультантам СП БССР (1955—1960).
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1923 г. (часопіс «Маладняк»)[2]. Першая кніжка «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Гул бубна» (1925), «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Выпадак на чыгунцы» (1938), «Помета» (1946), «Сябры» (1948), «Аповесці і апавяданні» (1949), «Гаворыць Масква» (1951), «Арляняты» (апавяданні, аповесці, казкі, 1952), «Я — юны піянёр» (1952), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха на свеце» (1963), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965), «Канец сервітуту» (1968), «Светлы дзень» (апавяданні і казкі, 1969), «Кастусь Каліноўскі» (1971), «Цяжкі год» (1976), нарысы «Коска» (1935), «У нашай сталіцы» (1954), літаратурныя казкі ў вершах і прозе «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965), зборнік паэзіі «Улетку» (1947). У 1967 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1978—1980 гг. — у 3 тамах[2].
У апрацоўцы А. Якімовіча выйшла шмат беларускіх казак як асобнымі выданнямі, так і зборнікамі «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983). Таксама А. Якімовіч сааўтар «Чытанкі» для 2-га класа (з Е. Тародкінай, 1933), аўтар падручніка для 2-га класа «Роднае слова» (1932), кніг для чытання «Слухай — запамінай: Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951)[2].
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, П. Яршова, І. Крылова, І. Тургенева, Д. Маміна-Сібірака, Л. Талстога, А. Чэхава, У. Маякоўскага, М. Горкага, К. Чукоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Гайдара, М. Носава, І. Франка, М. Рыльскага, П. Тычыны, Н. Забілы(руск.) бел., Х. К. Андэрсена, Дж. Лондана, Г. Мапасана і інш[2].
Прызнанне
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту» і «Кастусь Каліноўскі».
Імем Якімовіча названа Зенькавіцкая сярэдняя школа ва Уздзенскім раёне[2].
Зноскі
- 1 2 3 4 (unspecified title) Праверана 28 снежня 2021.
- 1 2 3 4 5 6 Якимович Алесь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 715. — 737 с.
Літаратура
- Беларуская ССР: карот. энцыкл. Т.5. — Мн., 1987. — С. 692.
- Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 6. — Мн., 1995. — С. 473.
- Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 787.
- БЭ. Т. 18. Кн.1. — Мн., 2004. — С. 254.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. — Мн., 1987. — С. 681.
- Якімовіч Алесь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.